«Кожны раз думаю, што гэта апошні, але ўсё роўна іду». Як валанцёры дапамагаюць уцекачам на львоўскім вакзале


З пачатку вайны на чыгуначны вакзал у Львове прыязджаюць тысячы людзей з розных частак Украіны, каб перавесці дух і пасля адправіцца ў новую дарогу ў пошуках бяспекі. Каб вакзал змог прыняць такую велізарную колькасць уцекачоў, даць усім прытулак і ежу, валанцёры працуюць па 10–12 гадзінаў штодня.

Жанчыны з дзецьмі спяць у залі чакання на вакзале. Львоў, Украіна.
Фота: АК / Белсат

Каардынацыйны штаб на львоўскім вакзале арганізоўвае працу валанцёраў і размяркоўвае іх па ўсіх важных пунктах. Ёсць тры змены: ранішняя, дзённая і начная. У штабе валанцёры запісваюцца і атрымліваюць камізэлькі з надпісамі «валанцёр» ці «медык». Калі ты хлопец, цябе могуць адправіць кантраляваць уваход у залу чакання, у пераходы паміж перонамі для каардынацыі чаргі на цягнік ці быць «на пабягушках» – хадзіць па харчы на склады, дапамагаць людзям з рэчамі, карацей, – шмат хадзіць.

Дзяўчаты дапамагаюць гатаваць ежу і размяркоўваць людзей у залах чакання. Пачакальняў некалькі, адрозніваюцца паводле гендарнай і ўзроставай прыкмеце. Ёсць «Baby room» № 1 і № 2, першы пераважна для матуль з дзецьмі да трох ці пяці гадоў, па ўсёй зале разасланыя матрацы для сну, на якіх можна адпачыць. У другую залу пускаюць жанчын з дзецьмі ад пяці гадоў, тут толькі сядзячыя месцы. Таксама ёсць агульныя залы чакання, адна з іх мае мясцовую назву «Starbucks», туды пускаюць пажылых людзей, людзей з інваліднасцю і таксама жанчын з дзецьмі. Са словаў валанцёраў, такая сістэма выпрацавалася не адразу: у першы тыдзень вайны быў сапраўдны хаос, людзі маглі чакаць па 16 гадзінаў, толькі каб сесці ў цягнік на Польшчу. Прыезджых было ў дзясяткі разоў больш і не было структуры, як цяпер, дзе кожны валанцёр на сваім месцы і ведае, што рабіць, куды накіроўваць людзей.

Данііл Задарожны працуе ў якасці валанцёра на львоўскім чыгуначным вакзале.
Фота: АК / Белсат

Валанцёрыць прыходзяць людзі ўсіх узростаў. Мы пагутарылі з сямʼёй, якая дапамагае ўцекачам на вакзале. Данііл – украінец, а ягоная жонка Юля – беларуска.

Даніілу Задарожнаму 26 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у Львове, паводле прафесіі – паэт і журналіст. У 2013 годзе быў валанцёрам у прэс-цэнтры Еўрамайдану. Юліі Чарнышовай 24 гады, свой дзень нараджэння яна сустрэла ў адну з валанцёрскіх начэй. Дзяўчына сама з Менску, яна паэтка і студэнтка магістратуры філалагічнага факультэту ў Санкт-Пецярбурзе. У гэтым горадзе яны пазнаёміліся тры гады таму на літаратурным фестывалі. Разам жылі ў Беларусі ў 2020 годзе, пасля чаго Данііл зʼехаў назад ва Украіну, бо не адчуваў сябе ў бяспецы. 24 лютага 2022 года пару заспела вайна, але яны вырашылі, што будуць ва Украіне і зробяць усё, што ў іхных сілах, для дапамогі людзям.

Падчас нашай сустрэчы Данііл дапамагае ў розных частках вакзалу. Кажа, гэта дазваляе лепш уявіць, як працуе ўвесь вакзал і як розныя часткі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Юлія стаіць на раздачы ежы ў «Baby room» № 2, гатуе гарачыя напоі і ежу.

Абодвум задаем аднолькавае пытанне: чаму яны вырашылі валанцёрыць і дапамагаць уцекачам?

Першы адказвае Данііл: «Людзі ўцякаюць ад бамбёжак і смерці. Разумееш, што на іх месцы мог апынуцца сам, проста табе пашанцавала нарадзіцца там, дзе няма прамых баявых дзеянняў. І вельмі дзіўна ігнараваць гэта, бо цябе гэта таксама датычыць. Ты дапамагаеш, бо гэта тваё выжыванне. У нейкім сэнсе гэта ўсё – для маёй будучыні, і дзіўна не браць у гэтым удзелу».

Юлія Чарнышова працуе ў якасці валанцёра на львоўскім чыгуначным вакзале.
Фота: АК / Белсат

Юлія: «У першыя дні вайны ты ўвесь час сядзіш у тэлефоне, чытаеш навіны і пачынаеш панікаваць, што ўсё дойдзе да гораду, дзе ты жывеш. І з гэтага стану валанцёрства вельмі добра выбівае, тут ты бачыш людзей з баявым духам, без панікі. З другога боку, ты бачыш людзей, якія прыехалі з баявых зонаў з велізарным горам, і гэтым ты сябе пастаянна выцвярэжваеш.

Калі ўсё скончыцца і цябе спытаюць, што ты рабіў падчас вайны, што ты ім адкажаш? Сядзеў дома, глядзеў навіны і заклейваў скотчам акно? Не, тым больш што мы ў тыле, мы можам зрабіць нешта большае. Калі б Львоў бамбілі, і мы вырашылі зʼехаць у больш бяспечнае месца ва Украіне, я спадзяюся, што там бы дапамаглі ўжо нам. Мне хочацца верыць, што свет так уладкаваны: калі ў цябе няма бяды – ты дапамагаеш, калі бяда ў цябе – табе дапамагаюць».

Юлія і Данііл валанцёраць не першы раз. Кажуць, начныя змены часам затрымліваюцца, бо ранішняя спазняецца, і твая з 10 гадзінаў (з 21:00 да 07:00) ператвараецца ў 12. Падчас нашай размовы здарылася менавіта так.

Данііл Задарожны і Юлія Чарнышова.
Фота: АК / Белсат

«Кожны раз думаю, што гэта апошні, але ўсё роўна іду», – каментуе Данііл адчуванне пасля змены, пакуль чакае перазменку. Паводле яго, гэта сапраўды няпроста, бачыць шмат болю, чуць дзясяткі гісторыяў, эмацыйна і фізічна аддаваць усяго сябе гэтаму. Але інакш – ніяк, бо навошта тады быць валанцёрам?

Рэпартаж
Стаць валанцёрам. Як журналіст «Белсату» дапамагаў уцекачам на «Варшаве Цэнтральнай»
2022.03.10 20:29

АК belsat.eu

Стужка навінаў