«Нешта робіцца не так». Чаму ў сацыяльна арыентаванай Беларусі маці забіла сваіх дзяцей


Беларуская дзяржава, нягледзячы на заяўленыя добрыя намеры, замест таго, каб дапамагаць бацькам, якія не даюць рады з выхаваннем дзяцей, аказвае на іх ціск. Такое меркаванне ў размове з «Белсатам»  выказала псіхолаг Вольга Вялічка, каментуючы забойства жанчынай сваіх чатырох дзяцей у Воршы.

Ольга Величко, директорка Гродненского детского хосписа
Вольга Вялічка.
Фота: ММ / Белсат

Паводле падлікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі ў 10 тысячах сем’яў дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. У больш як паловы з іх бацькі – п’яніцы.

«Мне падаецца, гэта вельмі шмат, калі мы чуем 30 гадоў, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава. У мяне не спалучаюцца тыя словы, якія кажуць чыноўнікі, з тымі лічбамі, якія мы бачым», – сказала Вольга Вялічка.

Яна падкрэсліла, што гэта прынамсі 10 тысячаў дзяцей, калі лічыць, што ў кожнай сацыяльна небяспечнай сям’і жыве толькі адно дзіця.

«А калі ў сям’і не адно дзіця? А двое ці шасцёра?» – задалася пытаннем псіхолаг.

На яе думку, «магчыма, нешта робіцца не так».

«Дзяржава хоча вельмі шмат працэсаў пабудаваць пад прымусам і пад загадам. А падтрыманне людзей пад прымусам не можа быць», – заявіла Вялічка.

Шмат працы, але мала грошай, сілаў і прэстыжу

Паводле псіхолага, у кожнай краіне ёсць людзі, якія не могуць даць рады з бацькоўскімі абавязкамі, бо «нікога з нас не рыхтавалі да прафесіі быць бацькамі». Дзеля дапамогі ім і мусяць існаваць сацыяльная апека і сацыяльная палітыка, упэўненая Вялічка.

«Яна павінная дапамагаць. Яна павінная прыйсці і запытаць: якія ёсць праблемы, чаго не хапае, што яна можа зрабіць і як можа дапамагчы. Скласці план, што могуць бацькі, а што – сацыяльныя работнікі. І рухацца ў гэтым кірунку, каб зрабіць добра дзецям», – падкрэсліла псіхолаг.

У такім выпадку, на яе думку, сацыяльна небяспечных сем’яў у Беларусі б было нашмат менш.

Псіхолаг адзначыла, што сам заканадаўчы падыход у гэтым пытанні ў Беларусі «прапісаны нармальна», як і яго алгарытмы. Але вельмі шмат пытанняў да таго, як гэта ўсё рэалізуецца ў жыцці.

«Ёсць вельмі фармальны падыход да выканання абавязкаў. Сацыяльныя работнікі маюць невялікі заробак. Іхныя адукацыя і пераадукацыя знаходзяцца на нізкім узроўні. Сацыяльны статус і павага грамадства да іх мінімальная. І, адпаведна, якасць выканання працы – такая, як яна ёсць», – сказала Вялічка.

Яна падкрэсліла, што ўчастковыя педыятры і настаўнікі вельмі загружаныя сваімі асноўнымі абавязкамі, а сацыяльная нагрузка на іх – дадатковая, яна не аплачваецца. Гэта ўплывае на якасць сацыяльнай працы.

«Я магу ўявіць, што зараз будзе настаўніку, сацыяльнаму работніку, участковаму педыятру за тое, што яны не дапільнавалі, не даглядзелі… Катастрофа, хаця віны іхнай тут няма», – сказала псіхолаг.

Пры гэтым яна прызнае, што тое ж заканадаўства ў Беларусі ўлады выкарыстоўваюць для ціску на палітычных апанентаў, у якіх праз іхныя погляды пагражаюць забраць дзяцей.

«Такі падыход не спрыяе таму, каб бацькі маглі знаходзіць перш за ўсё ўнутраныя рэсурсы, каб дапамагчы сваім дзецям. Усё атрымліваецца наадварот», – падкрэсліла псіхолаг.

Hавiны
Задушыўшы дзяцей, жанчына спрабавала скончыць жыццё самагубствам
2024.02.15 14:29

Нагадаем, што ўвечары 14 лютага ў Воршы былі знойдзеныя целы чатырох малалетніх дзяцей у веку ад 1 да 8 гадоў са слядамі гвалтоўнай смерці. Падазрэнне ўпала на іхную маці. Яе затрымалі.

36-гадовая жанчына мела шасцярых дзяцей і жыла на вуліцы Завадскага. Пасля таго як ейнага мужа забралі ў ЛПП, органы сацыяльнай апекі запусцілі працэс забірання дзяцей з сям’і.

Каб не дапусціць гэтага, жанчына задушыла чатырох дзяцей, а сабе парэзала вены, жадаючы скончыць жыццё самагубствам.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў