«Фактычна можна казаць пра знікненне чалавека». З Марыяй Калеснікавай ужо год няма сувязі


Сям’я палітзняволенай Марыі Калеснікавай больш за год не мае пра яе звестак. Адміністрацыя гомельскай калоніі, дзе ўтрымліваецца Марыя, не дазваляе спатканняў і не адказвае на лісты.

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Апошні ліст ад Марыі, які атрымалі сваякі, быў датаваны 12 лютага 2023 года.

Ні лістоў, ні адвакатаў

У каментары «Белсату» сястра Марыі Калеснікавай і сябра Каардынацыйнай Рады Таццяна Хоміч сказала, што звесткі пра яе даходзяць толькі ананімна і іх немагчыма праверыць ці пацвердзіць.

«Наўпроставай сувязі з Марыяй няма ўжо цэлы год – з сярэдзіны лютага 2023 года. Тады быў візіт адваката, які бачыў Марыю, змог з ёю паразмаўляць. Пасля аперацыі Марыя адчувала сябе яшчэ не вельмі добра. Крыху ішлі лісты. Але ўся камунікацыя спынілася ў сярэдзіне лютага. Няма ні званкоў, ні лістоў, ні візітаў адваката, ні візітаў родных. Такая сітуацыя поўнай пустэчы паміж сям’ёй і Марыяй», – адзначыла Таццяна Хоміч.

Паводле яе, неафіцыйна даходзіла інфармацыя, што Марыя Калеснікава знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ):

«Яна знаходзіцца там адна. Хаця такія ўмовы прадугледжваюць утрыманне з іншымі зняволенымі. Але Марыя знаходзіцца адна. Гэта значыць, што яна не працуе, яна не мае магчымасці камунікаваць з іншымі людзьмі. Яна знаходзіцца цэлымі днямі ў чатырох сценах. Максімум ёсць 30 хвілінаў на дзень для прагулкі  і душ 20 хвілінаў на тыдзень. І гэта ўсё».

Таццяна Хоміч назвала катаваннямі сітуацыю, «калі чалавек не атрымоўвае навінаў, у тым ліку пра сям’ю, пра тое, што адбываецца ў свеце».

Агульныя адказы і адпіскі

Сваякі і адвакаты спрабавалі камунікаваць з адміністрацыяю калоніі праз асабістыя сустрэчы і скаргі, праз запыты ў пракуратуру, МУС, але «заўсёды адказы былі даволі агульнымі, без нейкіх звестак пра стан здароўя Машы, пра яе адчуванні, ці атрымоўвае яна медычную дапамогу». У канцы 2022 года ў яе была аперацыя з прычыны язвы, а гэта значыць, што ёй патрэбныя адмысловыя дыета і лекаванне, падкрэсліла сястра.

«Адказы былі такога тыпу, што яна не хоча з намі размаўляць, таму не тэлефануе. Не хоча з намі перапісвацца, таму не прыходзяць лісты. Не хоча бачыць адваката і гэтак далей. Хоць родныя маюць права ведаць, што з Марыяй і дзе яна знаходзіцца, у якіх умовах», – заявіла Таццяна Хоміч.

Паводле яе, нават змена ўмоваў утрымання ў ПКТ не была афіцыйна пацверджаная.

«Мы разумеем, што гэта няпраўда і такога не можа быць, каб Марыя сама адмаўлялася камунікаваць з роднымі», – сказала яна.

Таксама летась ад імя розных спецдакладчыкаў ААН да ўладаў Беларусі былі скіраваныя лісты міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Але невядома, ці былі нейкія адказы на іх.

«Фактычна можна казаць пра знікненне чалавека, бо няма ніякай сувязі. Няма магчымасці пацвердзіць, дзе яны знаходзіцца. Ці яна насамрэч у калоніі – мы не ведаем», – адзначыла сястра.

30 студзеня працоўная група ААН у пытаннях гвалтоўных ці нядобраахвотных знікненняў разглядала справу аб знікненні Марыі Калеснікавай. Яна мусіць прыняць рашэнне, ці сітуацыя з Марыяй Калеснікавай з’яўляецца адвольным знікненнем ці не. Пасля гэтага мусіць адбыцца камунікацыя з уладамі Беларусі – даецца адказ на працягу 60 дзён. Але пакуль рашэнне працоўнай групы невядомае, сказала Таццяна Хоміч.

Занепакоенасць лёсам Калеснікавай таксама выказала міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак: «Мы не ведаем, як жыве Марыя. Але мы ведаем, што ейная барацьба за свабоду працягваецца, што яна не была марнаю – таму што яе справу працягваюць мужныя людзі».

Hавiны
«Мы думаем пра Марыю Калеснікаву». Прэзідэнт Нямеччыны звярнуўся да Лукашэнкі
2023.09.08 08:47

Раман Шавель, Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў