Па вяртанні з-за мяжы выклікаюць у КДБ. Што казаць? Ці можна адмовіцца?


Беларусаў, якія ездзілі за мяжу і вярнуліся, могуць выклікаць на размову ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі і спытаць, як прайшла паездка. А часам і прымусіць запісаць агітацыйнае відэа. Але ёсць выдатная адгаворка.

Валізка падарожніка пасля візіту ў КДБ. Калаж: Белсат

Маштабы і прычыны выклікаў у КДБ пасля замежных паездак невядомыя, але зразумела, што гэта не адзінкавыя выпадкі. Адна чытачка падрабязна расказала «Белсату», як гэта было.

Што хацелі ў КДБ?

Яна раней «засвяцілася» ў адміністратыўных справах за «несанкцыянаваную акцыю». Мінулай восенню яна лётала ў краіну Еўразвязу, дзе раней жыла некалькі гадоў, вылятала з Расеі, вярталася праз Польшчу. Праз два з лішкам тыдні ёй патэлефанавалі з КДБ, запрасілі на размову «наконт выезду за мяжу». Праз тэлефон размаўляць не сталі, бо асабіста хацелі «пераканацца, што з вамі ўсё добра». Адмаўляцца яна не стала.

«Прыём быў такі, нібы старыя добрыя аднакласнікі сустрэліся праз гадоў пятнаццаць», – апісвае жанчына размову ў КДБ.

Супрацоўнік КДБ расказваў ёй, «як кепска жыць у Польшчы, як да беларусаў там кепска ставяцца, агулам пра цяжкае жыццё за мяжою». А яе прасіў апапісаць свой шлях, расказаць, ці з ёй хтосьці сустракаўся і выходзіў на кантакт. Распытваў пра палітычную сітуацыю ў краіне і пра тое, ці магла б Святлана Ціханоўская быць прэзідэнткай. Папрасіў запісаць відэа з тэкстам пра тое, дзе была, і з заклікам не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, «бо штраф трэба плаціць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску.
Фота: Белсат

Яна спытала, ці не здзекуюцца з яе просьбай пра відэа – адказалі, што «так трэба». Пасля запісу відэа яе адпусцілі, хоць яна думала, што з КДБ можа і не выйсці на волю.

Агулам размова была ў прыязным тоне, без пагрозаў, але «выводзілі на эмоцыі», задавалі правакацыйныя пытанні. Яшчэ і «культурна намякнулі», што кожны раз, як яна будзе выязджаць за мяжу, давядзецца хадзіць на такія размовы.

Hавiны
«Аператыўны псеўданім Бонд». Актывіст Павел Батуеў распавёў пра вярбоўку ў КДБ
2022.01.31 21:58

Што рабіць? Можна «захварэць»

Знаёмы супакойваў яе перад паходам у КДБ: гэта калі прыходзяць з ператрусам, тады можа быць кепска, а калі проста запрашаюць да сябе, тады гэта, напэўна, дастаткова бяспечна. Жанчына раіць на такіх размовах казаць як мага менш, «уключаць дурня» і не адказваць на правакацыі.

Сузаснавальнік і кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак кажа: у пытання, што рабіць у сітуацыі, калі выклікаюць у КДБ, ёсць некалькі аспектаў.

Андрэй Стрыжак.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Першае: зразумела, што ў краіне цяпер не да законаў, – тлумачыць Стрыжак. – Але не да законаў для людзей. У прынцыпе, цалкам паводле сваіх уласных законаў працуе сістэма. Законы ў яе вельмі простыя: людзям хочацца напрацаваць сабе лёгкія «зорачкі». Яны ўжо проста вычвараюцца і прыдумляюць розныя метады, як гэта зрабіць: колькасць праведзеных прафілактычных размоваў, колькасць пагадненняў аб супрацы…

Канечне, з гледзішча праваабароны і абароны сябе прававымі механізмамі казаць няма пра што, на жаль, бо краіна цяпер проста вылецела з праўнага поля».

Але Стрыжак дае некалькі парадаў:

  1. Адмовіцца ад такой размовы можна, сказаўшы, што маеш COVID, бо супрацоўнікі КДБ таксама баяцца за ўласнае здароўе і не хочуць лішні раз хварэць. Можа, атрымаецца толькі выйграць час, а можа, супрацоўнік КДБ і страціць цікавасць.
  2. Калі на размову ўжо пайшлі, уся тэхніка мусіць быць «чыстая». Варта адпісацца ад «непраўладных» палітычных каналаў і старонак, пачысціць гісторыю браўзэра ад «апазіцыйных» старонак. Нічога з рэчаў не павінна выдаваць палітычных поглядаў.
  3. У часе размовы можна быць нешматслоўным і проста слухаць, «адбыць гэта як павіннасць».
  4. Спрачацца з супрацоўнікам КДБ не трэба, бо гэта і бессэнсоўна, і рызыкоўна.
  5. Калі прапануюць запісаць відэазварот, нічога страшнага, можна пагадзіцца: добрага метаду, каб адмовіцца ад гэтага ў памяшканні КДБ, няма, але «ў хуткім часе амаль усе ў Беларусі будуць з такімі запісамі». Стрыжак згадвае, што нават спартоўцы пасля няўдалага выступу на Алімпіядзе запісалі «пакаянныя відэа». Трагедыі тут няма: знаёмыя зразумеюць, што запіс такога відэа быў вымушаны.

«Думаю, што гэта не канец: яны яшчэ нешта прыдумаюць, – разважае Стрыжак. – Будуць бацькоў выклікаць на гутаркі, калі малыя будуць штосьці рабіць. Палёт фантазіі ёсць».

Артыкулы
Як працуе «падземная чыгунка» Беларусі. Інтэрв’ю з кіраўніком «BySol» Андрэем Стрыжаком
2022.02.11 10:56

Мо лепш пакуль не ездзіць за мяжу?

Пасля размовы ў КДБ чытачка змяніла планы: збіралася ў Францыю, але вырашыла, што за мяжу лепш пакуль не выязджаць, бо ў наступны раз з КДБ можна і не выйсці.

«Перачакаць? – разважае Стрыжак. – Калі б мы дакладна ведалі дату, да якой можна перачакаць, то, можа, было б варта.

Але мы бачым, што жыццё ідзе, дзеці ідуць у школу, сваякі сталеюць, унукі нараджаюцца. Я б не стаў адкладаць магчымасць паездкі за мяжу. Асабліва цяпер, бо мы бачым, што адбываецца вакол Беларусі і з беларускімі суседзямі. Можа стацца, што наступная магчымасць паехаць будзе не надта хутка».

Стрыжак раіць не адкладаць паездкі, а памятаць, што вяртацца давядзецца ў краіну, «у якой можа адбыцца што заўгодна». Таму ён раіць рыхтаваць да вяртання сябе, свае дэвайсы і сваю інтэрнэт-гісторыю.

Артыкулы
Ці не на карысць рэжыму эвакуацыя актывістаў з Беларусі? Спыталі тых, каго вывезлі
2022.02.08 13:55

АА belsat.eu

Стужка навінаў