Макей: рана ці позна Еўразвяз усвядоміць, што незалежнасць Беларусі мае для яго важнае значэнне


Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей распавёў РБК пра стасункі з іншымі краінамі ў паслявыбарчы час. Ён не згодны, што Беларусь страціла магчымасць супрацы з заходнімі партнёрамі.

Паводле Уладзіміра Макея, няправільна сцвярджаць, што Беларусь засталася толькі з Расеяй. Захаваліся добрыя стасункі з краінамі далёкай дугі – Кітаем, Пакістанам і іншымі. Міністр сцвярджае, што ёсць каля 10 краінаў з Еўразвязу, гандаль з якімі павялічыўся, нягледзячы на пандэмію і «палітычныя нюансы». Тым не менш Макей не адмаўляе: цяжкасці ёсць.

«Я лічу, што гэта часовыя цяжкасці, нам трэба перажыць іх. Так, сёння Еўрапейскі Звяз адназначна заклікае да санкцыйнага ціску на нашую краіну з падачы тых збеглых апанентаў улады, якія цяпер разʼязджаюць па еўрапейскіх гарадах і вёсках. Але я думаю, рана ці позна прыйдзе ўсведамленне таго, што Беларусь мае важнае значэнне ў тым ліку і для Еўрапейскага Звязу. І захаванне дзяржаўнасці Беларусі, незалежнасці і ейнага суверэнітэту маюць важнае значэнне і для Еўропы. Пакуль яны, магчыма, не вельмі выразна гэта ўсведамляюць, але гэта прыйдзе. У мяне працягваюцца кантакты, хаця яны не дужа намагаюцца гэта афішаваць, з маімі калегамі. Мы праводзім тэлефонныя размовы. Вядома, шкада, што няма магчымасці сустрэцца асабіста ў вочным фармаце, але нават па тэлефоне яны прыслухоўваюцца да некаторых аргументаў, і я бачу, што рана ці позна нашыя афіцыйныя аргументы дойдуць да іх. І яны будуць прыслухоўвацца не толькі да апанентаў улады, якія заклікаюць толькі да санкцыяў, перадачы ўлады і пры гэтым не прапаноўваюць ніякага пазітыўнага парадку дня».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў