Супраць Франака Вячоркі распачалі шэраг крымінальных справаў


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, блогеры Антон Матолька, Сцяпан Пуціла («NEXTA») і Раман Пратасевіч праходзяць па адной крымінальнай справе, якую распачаў Следчы камітэт. Гэта вынікае з дакументу, апублікаванага тэлеграм-каналам «NEXTA».

Паводле дакументу, Вячорка, Матолька, Пуціла і Пратасевіч абвінавачваюць і падазраюцца па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 357 «Змова з мэтай захопу ўлады»
  • арт. 342 ч. 1,2 «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • арт. 293 ч. 1,3 «Масавыя беспарадкі»;
  • арт. 130 ч. 1,3 «Распальванне варожасці»;
  • арт. 361 ч.3 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 188 «Паклёп»;
  • арт. 368 ч. 1 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 361-1 ч.1 «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»;
  • арт.361-2 ч.2 «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»;
  • арт. 356 ч.1 «Здрада дзяржаве».

Як вынікае з дакументу, справа супраць Вячоркі, Пуцілы, Матолькі і Пратасевіча была вылучана ў асобную вытворчасць са справы №20121110202 (гэта агульная справа, у межах якой беларусаў пераследуюць за пратэсты 2020 году).

Пра крымінальны пераслед Пуцілы, Матолькі і Пратасевіча было вядома даўно. Але ўпершыню з’явілася інфармацыя пра крымінальныя справы ў дачыненні Франака Вячоркі.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Франак Вячорка адзначыў, што сам толькі сёння даведаўся пра тое, што стаў фігурантам крымінальнай справы. «Ну хаця б так! У наш час сорамна без артыкулу хадзіць», – пракаментаваў ён.

«Безумоўна, мэта – гэта застрашэнне. Следчы камітэт ператасоўвае дакументы, паперы, перакладае з адной тэчкі ў іншую. Доказаў у іх няма, а сімуляваць дзейнасць трэба. Я думаю, што нехта проста выслужыўся, атрымаў мэдальку. Справе далі новы ход. Але, канешне, усурʼёз гэта абвінавачванне ўспрымаць нельга», – адзначыў Вячорка ў эфіры «Белсату».

Аналітыка
Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?
2021.10.21 08:30

РР belsat.eu

Стужка навінаў