Расейцы ўзмацняюць ціск у ваколіцах Данецку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 659-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат сядзіць у танку на пазіцыі ля Бахмуту ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 снежня 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Цягам апошніх содняў войскі РФ узмацнілі ціск на пазіцыі сілаў абароны Украіны каля сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці: Генштаб ЗСУ фіксуе 21 няўдалую атаку праціўніка.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы ўсё ж дасягнулі частковага поспеху на гэтым участку фронту (каля суседняга сяла Ліман Першы).

Пры гэтым самыя ўкраінскія вайскоўцы ўвесь час імкнуцца адкінуць праціўніка, пра што сведчаць іхныя атакі каля Сынькоўкі.

Таксама на купянскім кірунку расейцы двойчы атакавалі  каля сяла Петрапаўлаўка, але лінія фронту засталася нязменнай.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Харьковское направление» звяртае ўвагу на тое, што ўкраінскі бок узводзіць кальцавую абарону ў горадзе Купянск.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы атакавалі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва і на ўсходзе ад сяла Церны на поўначы Данецкай вобласці, але поспеху не мелі.

Украінцы адзначыліся атакай побач з Ямпалаўкай – таксама безвынікова.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

У ваколіцах Бахмуту, паводле ўкраінскага камандавання, расейцы шэсць разоў атакавалі каля Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі, але паўсюль сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.

У гэты ж час расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ прасунуліся па вышынях на поўначы ад Клішчыеўкі і каля Іванаўскага. Таксама яны выйшлі на ўскрайкі Багданаўкі, захоп якой адкрывае для расейцаў дарогу на ўмацаваны раён ЗСУ ў горадзе Часаў Яр.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» сцвярджае, што Клішчыеўка цалкам знаходзіцца пад кантролем ЗСУ.

У Міністэрстве абароны РФ пішуць, што самыя ўкраінцы правялі шэсць атак каля Клішчыеўкі і Тарэцку, але поспеху не дасягнулі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Пры гэтым па-ранейшаму найбольшая наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ засяроджаная ў ваколіцах Данецку.

У Генштабе ЗСУ пішуць, што на паўночным фланзе адзееўскага кірунку сілы абароны краіны толькі за апошнія содні адбілі 29 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое і Андрэеўка. На паўднёвым фланзе зафіксаваныя 28 няўдалых атак расейцаў каля Севернага, Первамайскага і Невельскага.

Між тым у Deepstate гавораць, што войскі РФ усё ж прасунуліся каля Стэпавога (на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе пра ўкраінскія контратакі на ўскрайках Аўдзееўскі ў ваколіцах вуліцы Коласава. Таксама крыніца адзначае, што ЗСУ адышлі на ўскрайкі катэджнага пасёлку «Вінаграднікі».

На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў паўночна-заходняй частцы самой Мар’інкі. У Deepstate пішуць, што цяпер пад кантролем ЗСУ застаецца каля 8% тэрыторыі гораду.

Канал «Два майора» сцвярджае, што цяпер УС РФ развіваюць наступ на поўдзень ад Мар’інкі ў бок населенага пункту Пабеда.

Аналагічнай думкі прытрымліваюцца і праўкраінскі крыніцы. Мяркуецца, што захоп Пабеды дасць магчымасць расейцам выйсці на аператыўны прастор і ўдарыць з поўначы па пазіцыях ЗСУ ў Новаміхайлаўцы.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што таксама на мар’інскім кірунку расейцы 19 разоў атакавалі каля Новаміхайлаўкі і Краснагораўкі, але поспеху не дасягнулі.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Украіны працягваюцца баі на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Украінскі бок фіксуе шэсць няўдалых атак праціўніка каля сяла Работына і на захадзе ад Вэрбовага.

ЗСУ таксама наступалі каля Вэрбовага, але лінія фронту засталася нязменнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў