Еўрапарламент прыняў тэрміновую рэзалюцыю пра лёс беларускіх палітвязняў


У Еўрапарламенце адбыліся дэбаты пра лёс беларускіх палітвязняў, па выніку якіх была прынятая рэзалюцыя з патрабаваннем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, зняцця з іх усіх абвінавачанняў і кампенсацыі нанесенай шкоды.

Выступленне Юозаса Олекаса падчас дэбатаў у Еўрапарламенце.
Фота: скрыншот з відэа/ multimedia.europarl.europa.eu

Увечары 13 снежня ў Еўрапейскім парламенце праходзілі дэбаты, падчас якіх дэпутаты выступілі з асуджэннем беларускага рэжыму і выказвалі падтрымку беларускім палітычным зняволеным.

З трыбуны гучалі прозвішчы найбольш вядомых беларускіх палітвязняў: Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Ігара Лёсіка, Паўла Севярынца, Паліны Шарэнды-Панасюк, Андрэя Пачобута і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага.

Сярод выступоўцаў, якія звярталі ўвагу на тое, што беларускія палітвязні знаходзяцца ў невыносных умовах у засценках беларускіх турмаў, і патрабавалі ўвядзення санкцыяў у дачыненні да беларускага рэжыму за катаванні палітычных апанентаў у турмах, былі дэпутатка Эва Копач, Юозас Олекас, Гельмут Шольц і іншыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасяджэнне Еўрапарламенту. Страсбург, Францыя.
Фота: кадр відэатрансляцыі / europarl.europa.eu

Па выніках дэбатаў была прынятая рэзалюцыя, у якой Еўрапарламент выступіў з патрабаваннямі неадкладнага вызвалення Міколы Статкевіча, ад якога няма звестак з турмы цягам 300 дзён, а таксама ўсіх 1500 палітвязняў, зняцця з іх абвінавачанняў і поўнай рэабілітацыі і фінансавай кампенсацыі нанесенай шкоды.

У рэзалюцыі прагучала настойлівае патрабаванне забяспечыць зняволеных належнай медычнай дапамогай, забяспечыць ім доступ да адвакатаў, сем’яў, дыпламатаў і міжнародных арганізацыяў. У дакуменце асуджаюцца палітычна матываваныя прысудаў і рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі ў дачыненні да дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Еўрадэпутаты выразілі цвёрдую салідарнасць з беларускім народам і дэмакратычнай апазіцыяй, заклікалі Еўразвяз падтрымаць палітзняволеных і іхныя сем’і, а таксама выступілі з заклікам дакументаваць міжнародныя злачынствы рэжыму і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека і ваенных злачынствах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў