«Мы не спынімся». Святлана Ціханоўская, Марына Адамовіч і Дар'я Лосік пра гомельскі прысуд


Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская пракаментавала вынесены 14 снежня ў Гомлі прысуд ейнаму мужу і кіраўніку штабу Сяргею Ціханоўскаму ды іншым фігурантам справы.

«Мой муж Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 18 гадоў зняволення. Дыктатар публічна помсціць самым моцным апанентам. Хаваючы палітвязняў на закрытых працэсах, ён спадзяецца працягнуць рэпрэсіі ў цішыні. Але ўвесь свет глядзіць. Мы не спынімся», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Ніхто з іх не скарыўся

У сваю чаргу Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча, распавяла ў Facebook пра тое, у якой атмасферы быў вынесены прысуд:

«Хлопцы трымаліся цудоўна. Выглядалі цудоўна. Яны трымалі парадак – не суд, а менавіта яны. Яны вызначалі хаду паседжання. Ніхто з іх не скарыўся. Усе яны абсалютна перакананыя ў сваёй праваце».

Марына Адамовіч дадала, што Сяргей Ціханоўскі прасіў асабліва перадаць, «што ні адзін чалавек за гэтыя шэсць месяцаў судовага працэсу не даў супраць іх ніякіх паказанняў».

«Як гэта – усведамляць, што зламалі лёсы»

«Як вам жыць далей, абдымаць сваіх дзяцей, блізкіх і любімых людзей, ведаючы, што вы нарабілі сёння? Спадзяюся, што кепска. Як гэта – усведамляць, што зламалі лёсы і жыцці невінаватым людзям? Спадзяюся, што балюча», – заявіла ў відэазвароце жонка блогера Ігара Лосіка Дарʼя.

Яна таксама звярнулася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваўшы яму асабістую сустрэчу, каб паказаць, «праз што дзякуючы вашым падначаленым праходзіць наша сямʼя»:

«Чаго ж вы баіцеся? За вашай спінай, як вы ўжо сказалі, 90 % падтрымкі, а асноўная маса – гэта не толькі сілавікі, але і простыя людзі».

Артыкулы
У Гомлі вынеслі прысуд у справе Ціханоўскага – Статкевіча – Лосіка
2021.12.14 14:20

14 снежня ў СІЗА № 3 Гомля абвясцілі прысуд у справе палітыкаў Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча, блогераў Уладзіміра Цыгановіча і Ігара Лосіка ды чальцоў каманды Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года: Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова.

Сяргея Ціханоўскага пасадзілі на 18 гадоў, адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сакаву і Папову прысудзілі па 16 гадоў калоніі. Цыгановіч і Лосік асуджаныя да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч – на 14 гадоў пазбаўлення з волі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў