«Буду працягваць бараніць чалавека, якога люблю». Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд мужу


Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская пракаментавала «прысуд», які плануецца вынесці 14 снежня ейнаму мужу – палітыку і блогеру Сяргею Ціханоўскаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

«Я запісваю гэтае відэа да аб’яўлення так званага прысуду Сяргею. Я ўяўляю, якая там будзе лічба – і вельмі складана будзе псіхалагічна яе прыняць. Але, з іншага боку, год, дваццаць, сто гадоў – гэта ненармальна. Гэта незаконна і гэта не тое, з чым можна мірыцца», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна заявіла, што будзе задаваць з нагоды «прысуду» толькі адно пытанне:

«Што я буду рабіць з гэтай навіной? А я буду працягваць бараніць чалавека, якога люблю і які стаў лідарам для мільёнаў беларусаў. Я буду спрабаваць рабіць нешта вельмі складанае, магчыма, немагчымае, каб наблізіць той момант, калі мы з ім убачымся ў новай Беларусі. Я буду працягваць дасылаць яму паштоўкі і малюнкі дзяцей, каб, калі мы сустрэнемся, зрабіць з гэтага памятны альбом», – заявіла лідарка дэмакратычных сілаў.

Артыкулы
14 снежня агучаць прысуд у «справе Ціханоўскага – Статкевіча – Лосіка». Што вядома пра судовы працэс?
2021.12.13 07:30

Нагадаем, што прысуды Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову будуць вынесеныя 14 снежня. Гэта адбудзецца а 14-й гадзіне на тэрыторыі гомельскага СІЗА, дзе яны сядзяць. Усе працэсы ў гэтай справе праходзяць у закрытым рэжыме.

Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачанне паводле чатырох крымінальных артыкулаў: «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ), «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191 КК РБ) і «Распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ). Самая сур’ёзная санкцыя – паводле апошняга артыкулу: да 12 гадоў пазбаўлення волі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў