news
Разбор
«Канцлагер з рабсілай». Што адбываецца ўнутры ЛПП і навошта яны дзяржаве?
ЛПП парушаюць базавыя правы чалавека.
21.11.202307:39

Беларускія ўлады вырашылі змяніць падыход да прымусовага лячэння грамадзянаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю ў ЛПП – лячэбна-працоўных прафілакторыях. У 2024 годзе плануецца павялічыць як колькасць саміх ЛПП, так і месцаў у іх. Таксама будзе спрошчаны парадак адпраўкі на прымусовае «лячэнне» – для вынясення папярэджання аб накіраванні ў ЛПП хопіць двух пратаколаў аб правапарушэннях у стане алкагольнага ап’янення цягам года (цяпер патрэбныя тры пратаколы). Як выглядае побыт у ЛПП? Ці маюць гэтыя ўстановы штосьці агульнага з прафілакторыямі? Дзе яшчэ ў свеце, акрамя Беларусі, яны існуюць, і чаму іх трэба зліквідаваць? Размаўляем пра гэта з былым палітвязнем, які прайшоў праз ЛПП, праваабаронцам і лекарам-псіхіятрам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

«Ну што, даскакаўся – паедзеш у ЛПП»

Жыхар Кобрына Віталь Жук трапіў у ЛПП у 2021 годзе, пасля затрымання па палітычным артыкуле («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Мужчына распавядае, што гэтай установай міліцыянты пагражалі яму яшчэ з 2019 года, а два гады таму ў іх з’явілася падстава ажыццявіць свае пагрозы.

«Некалькі гадоў таму ў мяне ўзнік канфлікт з нашай кобрынскай міліцыяй. Я падаваў скаргу на іх за сфальсіфікаваны пратакол. І хоць мае скаргі былі адхіленыя, пратакол пакінулі без змяненняў, прымусілі плаціць штраф, усё роўна пагражалі ЛПП, – распавядае Віталь. – На мяне пачалі паляваць, напрыклад, чакалі каля рэстарацыі, дзе мы з сябрамі святкавалі дзень народзінаў. Я не паспеў дайсці да таксоўкі, як мяне затрымалі і склалі пратакол за знаходжанне ў нецвярозым стане, адвезлі да нарколага, які даў заключэнне, што мне патрэбнае прымусовае лячэнне ад алкагалізму».

Усё абмяжоўвалася пагрозамі да лютага 2021 года, калі мужчыну затрымалі за каментар у дачыненні Лукашэнкі, які міліцыянты палічылі абразлівым.

«У Кобрынскім РАУСе тады міліцыянт дастаў папку, паклаў перада мной і сказаў: ну што, даскакаўся, паедзеш у ЛПП. Нягледзячы на тое, што я працаваў, меў добрыя рэкамендацыі, у мяне амаль скончыўся ўлік у нарколага, на які мяне раней паставілі і ў якога не было да мяне пытанняў, бо я спраўна хадзіў адзначацца», – кажа былы палітвязень.

Ступень жорсткасці большая, чым у калоніі

Віталя накіравалі ў ЛПП №5 у Наваградку.

«Там усё, як у калоніі – калючы дрот, сігналізацыі, вышкі, канвой, адсутнасць рамонту з сярэдзіны мінулага стагоддзя, напэўна. Аднак ступень жорсткасці, з якой я сутыкнуўся там, нашмат большая, чым у калоніі. Гэта была жывёльная жорсткасць. Супрацоўнікі нам так і казалі: вы – жывёлы, а нам нічога не будзе, што б мы ні зрабілі, бо вам ніхто не паверыць», – кажа мужчына.

Працэдура афармлення ў ЛПП выглядае гэтак жа, як у калоніях. Віталя спачатку размясцілі ў каранцін.

«Быў люты, стаялі моцныя маразы. Мяне прывезлі без шапкі, пальчатак, шаліка, і ў тым, у чым я быў, штораніцу выганялі на вуліцу. У дворыку 4х4 метры нас было 60 чалавек», – узгадвае палітвязень.

Hавiны
У Івацэвічах закрываюць папраўчую калонію №5
2023.10.21 16:48

Харчаванне ў ЛПП жудаснае, кажа Віталь.

«Калі я трапіў ужо ў калонію, я казаў, што там нармальная ежа. На мяне глядзелі і не разумелі, як я магу яе называць нармальнай. Але мне было з чым параўноўваць», – распавядае мужчына.

Паводле Віталя, у ЛПП штодня ў атрадах былі атручванні. Па вонкавым выглядзе некаторых страваў было цяжка сказаць, з чаго яны – па смаку было падобна на гнілую бульбу ці капусту.

«У першыя дні я ўвогуле не мог есці пасля таго, як убачыў, як там гэта ўсё адбываецца. Са сталовай у будынак каранціну вязуцца мяхі з-пад бульбы і ежа ў бідонах. Ты падыходзіш, дастаеш з гэтага меху алюмініевую міску, якой гадоў 30-40, напэўна, – распавядае мужчына. – Яны цёмныя, пагнутыя. У такім жа стане кубкі. У шмат якіх там, дзе былі ручкі, засталіся дзіркі з-пад заклёпак. Табе наліваюць гарбату ці кісель, і ўсё выліваецца праз гэтыя дзіркі. Паспеў – выпіў, не паспеў – значыць, не паспеў. Міскі тлустыя, ты бярэш і адчуваеш тлушч на пальцах. Усё гэта моцна смярдзела і выклікала рвотны рэфлекс».

«Я, Віталь Жук, схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці»

Пасля ежы міску трэба было памыць у ледзяной вадзе. Гарачай вады ў ЛПП не было зусім, кажа Віталь.

«Калі ты падносіш міску пасля ежы пад гэтую ледзяную ваду, на тваіх вачах тлушч на місцы ператвараецца ў белую субстанцыю. І гэта не адмываецца. Ты кідаеш гэтую міску ў бідон з хлёркай, потым – у той мех з-пад бульбы. Потым усё паўтараецца ў абед, на вячэру. Чыю ты міску наступным разам дастанеш, ты не ведаеш, гэтак жа, як і хто чым хварэе, бо па паперах усе здаровыя, – кажа Віталь. – Мае адвакат і жонка рабілі запыт аб маіх аналізах, і прыйшоў адказ, што яны добрыя, хоць у мяне іх не бралі. Потым аказваецца, што з табой сядзяць людзі з туберкулёзам, гепатытам. Быў такі выпадак у суседнім атрадзе – там 4 месяца разам з іншымі людзьмі трымалі чалавека з туберкулёзам.  Толькі праз 4 месяцы яго перавялі ў Берасцейскі тубдыспансер. Мая жонка ездзіла да гэтага чалавека, у мяне ёсць усе доказы».

Аб’ектыў
Як цяпер патрапіць у ЛПП
2023.06.16 22:25

Знаходжанне ў ЛПП часам прыводзіць да сур’ёзнага пагаршэння здароўя, кажа Віталь і распавядае пра мужчыну, які трапіў на прымусовае лячэнне з ампутаваным вялікім пальцам нагі.

«Гэты чалавек быў здаровы па дакументах. Яму адмянілі антыбіётыкі, перавязкі, яго выганялі на працу. Ён скардзіўся на болі. Вынік – пайшла гангрэна. Гэта працягвалася некалькі месяцаў, урэшце яму ампутавалі абедзве нагі. Так выглядае медыцына ў ЛПП», – кажа Віталь.

Пасля каранціну накіроўваюць у атрад, як і ў калоніі. Штодня вязні ЛПП павінны працаваць на прамзоне.

Віталь стаў адзіным у ЛПП на момант свайго знаходжання, каго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

«Праз гэта я штодня, з 8 раніцы да 8 вечара, кожныя дзве гадзіны, хадзіў на КПП і казаў – я, Віталь Жук, дату нараджэння, схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці», – распавядае палітвязень.

Віталь стаў адзіным у атрадзе, каго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмісцкай дзейнасці.
Фота: асабісты архіў Віталя Жука.

«Адзінае лячэнне – працатэрапія»

Віталь не маўчаў і пісаў скаргі на тое, што адбываецца. Паступова іншыя вязні пачалі звяртацца да яго па дапамогу, прасілі скласці скаргу для іх. Віталь зазначае, што перадаваць скаргі супрацоўнікам ЛПП было бессэнсоўна – яны далей проста не ішлі. Выносіць паперы на волю Віталю дапамагала ягоная жонка, якая забірала іх падчас спатканняў. Аднойчы гэта заўважылі і жанчыну ледзь не затрымалі.

«Жонку з 1,5-гадовай дачкой памясцілі ў дворык для шпацыраў, трымалі іх там 4 гадзіны, прыводзілі мяне, казалі, каб я «паўплываў», каб жонка аддала скаргі», – распавядае Віталь.

У выніку паперы ў жанчыны забралі гвалтам, пасля чаго на яе пачаўся ціск – прыходзілі з ператрусам, органамі апекі, заводзілі адміністратыўныя справы.

Агляд
Як у беларусаў адбіраюць дзяцей – з палітычных і непалітычных прычынаў
2023.10.20 14:45

Уласна лячэння ад алкагалізму ў ЛПП ніякага няма, кажа Віталь.

«Адзінае лячэнне, якое там ёсць – працатэрапія, яны самі так і кажуць», – зазначае мужчына.

У штаце ёсць псіхолагі, да якіх водзяць вязняў.

«Тыя псіхолагі – бацька і дачка. Бацька – былы супрацоўнік рэжымнага аддзелу. Гэта там звычайная рэч – на ўсіх пасадах працуюць свае ж, а таксама сямейныя падрады. Напрыклад, мясцовы бібліятэкар – былы начальнік атраду. Начальнік будаўнічай брыгады – былы начальнік ЛПП», – кажа Віталь.

У псіхолага мужчына быў двойчы. Першая размова цягнулася паўтары гадзіны.

«Увесь гэты час ён мне даказваў, што на рэвалюцыі выходзяць наркаманы і алкаголікі, узгадваў пра часы СССР і як там было добра. І што найбольш здзівіла – запісваў нашую размову на самы звычайны плёначны магнітафон, – кажа Віталь. – Там не лечаць, там цалкам прыніжаюць чалавечую годнасць і прымушаюць да рабскай працы. Гэта ніякі не прафілакторый, гэта канцлагер, схаваны за шыльдай ЛПП. Залежнасць ЛПП не вылечыць, там і мэты такой няма. У любой краіне ёсць залежныя людзі, але іх не выкарыстоўваюць як рабскую сілу».

Аб’ектыў
Колькі каштуе рабская праца?
2023.04.20 22:34

Можна вызначыць тых, хто працуе на драўняных вуглях – у іх чорныя прасціны

Праца ў ЛПП у Наваградку – пераважна ў дрэваапрацоўцы. За працу прадугледжаная аплата.

«За два месяцы мне неяк налічылі 32 рублі. З гэтай сумы былі вылікі за пражыванне, свет, ваду. У выніку на рукі выйшла 7 рублёў за два месяцы. Некаторыя за месяц атрымлівалі 40 капеек, а некаторыя аказваліся нават у мінусе», – распавядае Віталь.

На прамзоне вязні ЛПП вырабляюць паддоны, так званыя «еўрапакеты» – дошкі, будкі для сабак, кошыкі, драўнянае вуголле.

«Умовы працы жахлівыя, асабліва на вуглі – адтуль людзі прыходзяць чорныя. А ў душ пускаюць раз на тыдзень. Можна паглядзець на прасціны ў атрадзе і так вызначыць, хто працуе на вуглях – у іх чорныя прасціны. Гэта самая пякельная праца», – зазначае мужчына.

Супрацоўнікі ЛПП выкарыстоўваюць працу вязняў, каб будаваць сабе лазні са зрубу, будкі для сабак, а паддоны, еўрапакеты праз злачынныя схемы адпраўляюцца ў Еўропу, кажа Віталь. Пра гэта мужчына даведаўся ад вязняў, супрацоўнікаў, кіроўцаў, якія вывозілі вырабы.

«Спачатку нашая прадукцыя адвозіцца на мясцовую фірму, там адбываецца перазагрузка і гэта ўсё вязецца ў Літву ды Польшчу, там зноў перапакоўка – нібыта гэта з мясцовага лесу, бо наўпрост закупляць у калоніях і ЛПП яны не могуць. Таму гэта ўсё робіцца праз прыватныя фірмы, – распавядае палітвязень. – Далей прадукцыя перапрадаецца ў Нямеччыну, Нідэрланды, еўрапакеты – у Швецыю, дзе потым з гэтага робяць дошкі, як мне распавядалі. Магчыма, там нават не ведаюць, дзе насамрэч была зробленая гэтая прадукцыя. Таксама праз нас пад відам дроваў вывозяць дуб – з яго потым у Еўропе робяць паркетную дубовую дошку».

«Чалавек у цывільным папярэдзіў, што мяне могуць знайсці на адным з дрэваў за вакном»

Усю атрыманую інфармацыю Віталь перадаваў на волю. Праз некаторы час яго выклікалі на размову да чалавека ў цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

«Ён спрабаваў выклікаць давер, казаў, што чуў пра тое, што адбываецца ў ЛПП, што яны сабе робяць лазні, маўляў, распавядзіце, што вам вядома, – кажа Віталь. – Калі так не атрымалася, пачаў пагражаць, папярэдзіў, што мяне могуць знайсці павешаным на адным з дрэваў за вакном. Я тады моцна перапужаўся, але сказаў, што лепш ім гэтага не рабіць, бо адразу ж уся інфармацыя пра іхныя справы будзе апублікаваная. Калі ён з’ехаў, пачалі сачыць за кожным маім крокам, нават па начох, прыходзілі з ліхтарыкам і глядзелі, ці на сваім я месцы. Таксама моцна сачылі, калі ў мяне з жонкай былі працяглыя спатканні. Калі мяне вазілі ў лякарню, рабілі гэта пад узмоцненым канвоем».

Віталь заўважыў таксама, што ў ЛПП №5 прывозілі вельмі шмат спецыялістаў па працы з дрэвам, вальшчыкаў лесу – нібыта адмыслова падбіралі, кажа мужчына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

У жніўні 2021 года Віталя перавялі з ЛПП у СІЗА ў Баранавічах, праз 4 месяцы асудзілі і накіравалі ў калонію ў Бабруйск. Вызваліўся Віталь 17 снежня 2022 года. Праз 4 дні пасля вызвалення разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі – спачатку ў Грузію, потым у Італію, дзе цяпер жыве і працуе.

ЛПП – пазбаўленне волі без здзяйснення злачынства

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка лічыць, што ЛПП трэба не рэфармаваць ці мадэрнізаваць, а цалкам зліквідаваць і ўвогуле змяняць прынцып працы з людзьмі, якія церпяць ад залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, на сучасныя формы, прызнаныя эфектыўнымі ў цывілізаваным свеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

«ЛПП – гэта пазбаўленне волі без прыкметы здзяйснення злачынства. Гэта недапушчальна, – кажа праваабаронца. – Туды адпраўляюць тых, хто здзейсніў адміністратыўнае правапарушэнне і ўжо панёс за яго адказнасць. Калі чалавека пазбаўляюць волі, у яго мусіць быць пэўны набор працэсуальных правоў, чаго ў дадзеным выпадку няма. Нягледзячы на тое, што рашэнне пра накіраванне ў ЛПП прымае суд, гэта адбываецца ў грамадзянскім працэсе, а не крымінальным. У выніку чалавек пазбаўлены абаронцы.  Другая прэтэнзія праваабаронцаў да ЛПП – прымусовая праца, якая там практыкуецца».

Спадар Павел зазначае, што ў беларускім грамадстве, аднак, сёння існуе пэўны ўзровень падтрымкі інстытуту ЛПП як спосабу барацьбы з алкагалізмам і яго наступствамі.

«І зусім не таму, што гэта добрая форма, а таму, што няма рэальнай альтэрнатывы ў барацьбе з хатнім гвалтам, – кажа юрыст. – Нягледзячы на нейкія зрухі, напрыклад, увядзенне прадпісанняў не набліжацца да ахвяры гвалту, гэта пакуль не працуе так, як павінна. Таму ў свядомасці ахвяраў хатняга гвалту ЛПП застаецца эфектыўнай мерай».

Аднак насамрэч ЛПП ніяк не дапамагае вырашыць праблему, а толькі адкладае яе на пэўны час.

«Чалавека пазбаўляюць волі на год, паўтара, цяпер можна і на даўжэйшы тэрмін, але ён усё роўна вяртаецца назад. Яго не вылечылі, яму проста зрабілі прымусовую рэмісію. Аднак рэмісія мае значэнне тады, калі гэта добраахвотная адмова ад алкаголю. Акрамя таго, чалавек там атрымлівае пэўныя новыя сацыяльныя ўстаноўкі, і ў такім стане вяртаецца ў сям’ю», – кажа спадар Павел.

Дзе яшчэ, акрамя Беларусі, ёсць ЛПП?

Паводле праваабаронцы, толькі парадку 5% людзей пасля прымусовай адмовы ад алкаголю губляюць залежнасць.

«Я так разумею, гэта тыя, у каго яна не была глыбокай, – кажа Павел Сапелка. – Да нас у «Вясну» яшчэ ў Беларусі прыходзілі людзі, якія абсалютна выпадкова трапілі ў ЛПП. Яны мелі сталую працу, што ўжо казала за тое, што рашэнне аб іх накіраванні ў ЛПП было заўчасным».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

Павел Сапелка пацвярджае, што цяпер беларуская дзяржава выкарыстоўвае ЛПП у тым ліку дзеля барацьбы з нелаяльнымі грамадзянамі – праваабаронцам вядома прынамсі некалькі выпадкаў адпраўкі ў гэтыя ўстановы людзей, якія мелі дачыненне да пратэстаў.

Да 2020 года ў Беларусі былі спробы пераасэнсаваць сам прынцып прымусовага лячэння, дыферэнцыраваць падыход да тых, хто ўпершыню трапляе ў ЛПП, і хто там быў ужо больш за два разы. Цяперашнія змяненні ў заканадаўстве выключаюць з шэрагу асобаў, якіх можна адправіць у ЛПП, так званых абавязаных, што парушылі працоўную дысцыпліну (напрыклад, бацькі, пазбаўленыя працоўных правоў, якія мусяць кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне іхных дзяцей) – гэтае новаўвядзенне Павел Сапелка лічыць пазітыўным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЛПП.
Фота: gp.by

Паводле праваабаронцы, ЛПП, акрамя Беларусі, сёння захаваліся ў Прыднястроўі, аднак там крыху іншы падыход – на прымусовае лячэнне накіроўваюць тых, хто адмовіўся ад добраахвотнага.

Псіхіятрыя і наркалогія ў Беларусі дагэтуль карныя

Паводле лекара-псіхіятра Паўла Перапёлкіна, лячэнне залежнасці ў ЛПП не прадугледжана, хоць пэўныя захады, накіраваныя на стварэнне непераноснасці алкаголю, могуць ужывацца.

«Гэта выкарыстанне лекаў, напрыклад, тэтурам, метранідазол, якія, пры ўжыванні алкаголю выклікаюць непрыемныя пачуцці і пагаршэнне стану. Неэфектыўнасць гэтых метадаў пацвярджаецца дзесяцігоддзямі. Так як і неэфектыўнасць саміх ЛПП відавочная па няспыннай алкагалізацыі насельніцтва, росту колькасці залежных асобаў, у тым ліку і тых, які накіроўваюць у ЛПП, аб чым сведчаць і намаганні расшырыць практыку накіравання ў іх, паўторных накіраваннях у ЛПП, далейшым ужыванні алкаголю і наркотыкаў асобамі, якія вызваліліся з ЛПП, – кажа лекар. – З умоўна пазітыўных момантаў можна адзначыць толькі тое, што чалавек пэўны час знаходзіцца ва ўмовах, якія выключаюць ужыванне, і ён гэты час не псуе свой арганізм псіхаактыўнымі рэчывамі. Але гэтым ні малую долю нельга абгрунтаваць супрацьпраўнае пазбаўленне волі».

Аб’ектыў
Хутка з’явяцца вакцыны беларускай вытворчасці
2023.08.28 22:06

Праблема залежнасцяў і іх лекавання ў Беларусі, у тым ліку, вынікае з таго, што псіхіятрыя і наркалогія ў нашай краіне не адышлі ад карных прынцыпаў, і гэта датычыць не толькі ЛПП, кажа спадар Павел. Нават проста нагляд у нарколага не рэдка мае карны характар.

«Будзеш піць – мы цябе на ўлік паставім!». Як у такім стане можна казаць аб матывацыі людзей звяртацца па дапамогу? – пытаецца лекар. – Зразумела, залежныя людзі намагаюцца наадварот, абысці магчымасць трапіць у поле зроку лекара. Так і ЛПП выконвае «прафілактычную» функцыю выключна ў кантэксце таго, што чалавек баіцца ў ім апынуцца. І не перастае ўжываць, а намагаецца «не трапляцца».

ЛПП не вырашаюць, а толькі паглыбляюць праблему залежнасцяў

Эфектыўнасць пераадольвання залежных паводзінаў наўпрост звязаная з усведамленнем чалавекам наяўнасці ў яго праблемы і імкненнем атрымаць дапамогу, кажа лекар. У той жа час, паводле спадара Перапёлкіна, прымусовае лекаванне залежнасці існуе ў шэрагу краін і часцей за ўсе яно звязанае з групавой тэрапіяй.

«І гэта ўжо мае пэўны сэнс, бо групавая дынаміка, так ці інакш, уплывае на стан і паводзіны чалавека, жадае ён таго альбо не. Але гэтыя метады не маюць і блізка нічога агульнага з нашымі ЛПП», – кажа лекар.

Спадар Павел лічыць, што ў Беларусі ЛПП выконваюць пэўную сацыяльную функцыю – яны на пэўны час здымаюць клопат з асяроддзя залежнай асобы.

«Але і гэта не больш чым ілюзія і інструмент маніпулявання рэжыму, – кажа лекар. – Калі людзі, знясілеўшы ад уласнай барацьбы з залежнасцю блізкага, ужо проста крычаць у прастору: ды зрабіце ўжо хоць што-небудзь, улады як раз і прапануюць ім гэта «што-небудзь». На невялікі час яны пазбаўляюць людзей пэўных турбот, але па вяртанні залежнага з ЛПП гэтыя турботы, часцей за ўсё, не толькі працягваюцца, але і ўзмацняюцца і пашыраюцца, што паглыбляе і без таго сур’ёзную праблему».

Павел Перапёлкін перакананы, што існаванне ЛПП парушае базавыя правы чалавека і не мае ні прававога, ні медычнага, ні маральнага абгрунтавання.

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 8 лячэбна-працоўных прафілакторыяў, з іх тры – жаночыя. Усе ўстановы знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных справаў. Ведамства плануе пашырацца ў гэтым накірунку.

Паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі № 333 ад 19 кастрычніка, у трохмесячны тэрмін папраўчая калонія № 5 у Івацэвічах павінна быць ліквідаваная, а на яе месцы створаны лячэбна-працоўны прафілакторый № 8.

Ганна Ганчар belsat.eu