«Літве будзе няпроста». Эксперты ацанілі шанцы на поспех «Беларуськалію» ў спрэчцы на € 1 млрд


«Беларуськалій» ініцыяваў інвестыцыйны арбітражны працэс супраць Літвы. Кампанія намагаецца спагнаць з суседняй краіны € 1 млрд. Літоўскі палітолаг Вадзім Валавы ў каментары «Белсату» адзначыў, што Вільні будзе складана даказаць сваю правату, а шанцы на поспех у бакоў прыкладна роўныя.

Вагоны «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

У беларускага вытворцы калійных угнаенняў дзве прэтэнзіі. Адна – касаванне Літвою дамовы на чыгуначны транзіт у Клайпедскі порт. Другая датычыць зніжэння кошту акцыяў «Беларуськалію» і тэрміналу насыпных грузаў (BKT) у Клайпедзе, у якім беларуская кампанія мае сваю долю, – паперы патаннелі праз санкцыі.

Згодна з пазіцыяй «Беларуськалію», Вільня парушыла двухбаковае пагадненне аб абароне інвестыцыяў, падпісанае ў 1999 годзе. Свае страты прадпрыемства ацаніла на € 1 млрд, і гэтыя грошы, а таксама адсоткі і судовыя выдаткі, плануе спагнаць з Літвы. Паводле папярэдняй інфармацыі, справу будзе разглядаць Стакгольмскі арбітраж.

Hавiны
Медыі паведамілі пра іск «Беларуськалію» да Літвы на €1 млрд
2023.11.13 21:26

Як паведамлялася, у Міністэрстве транспарту Літвы пацвердзілі інфармацыю пра пачатак разбору, аднак ад каментароў адмовіліся.

«Каб не нашкодзіць працэсу і пазіцыі Літоўскай Рэспублікі, на цяперашнім этапе мы не можам даваць далейшых каментароў», – сказалі ў ведамстве.

Каментароў ад беларускага боку пакуль не было. У інфармацыйна-ідэалагічным аддзеле «Беларуськалію» заявілі «Белсату», што пра гэтую справу нічога не ведаюць:

«На такія пытанні мы вам не адкажам. Я не ведаю, ці пададзены пазоў. Калі будзе афіцыйная інфармацыя, чытайце на афіцыйных сайтах».

Вагоны «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Эканомікі тут ніякай няма, кажа ў размове з «Белсатам» прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка. «Верагодна рэжым будзе Лукашэнкі будзе апеляваць да артыкулу 125 Канвенцыі ААН па марскім праве, а таксама да міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Літвой аб абароне інвестыцый. Аднак забарона Літвы была ўведзена на падставе меркаванняў нацыянальнай бяспекі Літвы і хутчэй за ўсё адносіцца да форс-мажорных абставін дамовы аб транспартаванні калійных угнаенняў», – каментуе справу Павел Латушка.

Літоўскі палітолаг Вадзім Валавы ў размове з «Белсатам» адзначыў, што ў гэтай справе змяшалася палітыка і звычайныя бізнес-стасункі, і Вільні будзе складана даказаць слушнасць сваёй пазіцыі. Літва забараніла транспартаванне беларускіх угнаенняў, спаслаўшыся на пагрозу нацыянальнай бяспецы.

«Гэта не было эканамічнае рашэнне. Разрыў эканамічных стасункаў адбыўся з палітычных прычынаў», – упэўнены эксперт.

Тады «Беларуськалій» пастанавіў судзіцца, аднак літоўскія інстанцыі ўсе скаргі прадпрыемства адхілілі. Цяпер кампанія вывела справу на міжнародны ўзровень:

«Калі казаць проста, «Беларуськалій» пытаецца: на якой падставе вы патапталі ўсе эканамічныя пункты і скасавалі дамову, у выніку чаго мы панеслі страты? І, як кажуць адмыслоўцы, у «Беларуськалію» ёсць падставы так сцвярджаць».

Палітолаг чакае, што арбітражны разбор будзе сур’ёзны і складаны.

Перавальванне ўгнаенняў «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

«Падстава для гэтага пазову цалкам сур’ёзная, і шанцы тут 50 на 50. Вядома, у гэтага ёсць бясспрэчны палітычны аспект, звязаны з агульным іміджам Беларусі. Але, тым не менш, гэта сурʼёзная справа, Літве давядзецца сурʼёзна абгрунтоўваць сваю пазіцыю, чаму яна вось так паступіла і фактычна парушыла папярэднія эканамічныя дамоўленасці», – патлумачыў Вадзім Валавы.

Ён мяркуе, што Літва магла б пазбегнуць гэтых непрыемнасцяў, калі б дачакалася санкцыяў Еўразвязу, а не касавала ў спешцы дамову на транзіт калію.

«Пастанавілі не чакаць, і атрымалася тое, што атрымалася. Гэта будзе не самы просты для Літвы разбор, і гэта ўжо з рэакцыі ўладаў відаць: як яны сказалі, трэба рыхтаваць пазіцыю», – падсумаваў эксперт.

Аналітыка
Вяртанне да бартару і схемы праз Расею. Як Беларусь будзе гандляваць каліем з Іранам
2023.11.13 07:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў