У ПВК Вагнэра паказальна забілі кувалдай экс-ваяра, які здаўся ў палон. Навошта?


У тэлеграм-канале, звязаным з баевікамі расейскай ПВК Вагнэра, 12 лістапада з’явілася відэа, на якім забіваюць былога ваяра групоўкі Яўгена Нужына. Завербаваны ў калоніі мужчына пазсля здаўся ў палон Украіне. Для чаго вагнэраўцы выхваляюцца злачынствам – у матэрыяле Belsat.eu.

Уладзімір Пуцін, Яўген Нужын, Яўген Прыгожын. Калаж з фота: Kremlin.ru grey Zone / Telegram / v1.ru

Што трэба ведаць пра гэтую гісторыю

  • 55-гадовы Яўген Нужын у верасні трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. У інтэрв’ю YouTube-каналу  «Бутусов Плюс» ён распавёў, што адбываў пакаранне за забойства ў расейскай калоніі, дзе яго і завербавалі ў ПВК Вагнэра. У калонію асабіста прылятаў агітаваць заснавальнік ПВК Вагнэра, набліжаны да Пуціна бізнесовец Яўген Прыгожын. Нужын казаў, што здаўся ў палон, каб ваяваць на баку Украіны ў легіёне «Свабода Расеі». Расейскія журналісты пацвердзілі, што чалавек на тым відэа – зняволены Разанскай папраўчай калоніі № 3.
  • На відэа тэлеграм-каналу, звязанага з ПВК Вагнэра, Нужын распавядае, што 11 лістапада ішоў па вуліцы ў Кіеве, атрымаў удар па галаве, страціў прытомнасць, ачуняў у нейкім склепе, дзе яму паведамілі, што «будуць судзіць». Пасля гэтага чалавек у камуфляжнай форме наносіць яму два моцныя ўдары кувалдай па галаве. Верагодна, Нужын быў забіты. Сыны Нужына пазналі на відэа бацьку.
  • Каментар ад імя Яўгена Прыгожына, як звычайна, апублікавала прэс-служба ягонай кампаніі «Конкорд». У каментары цынічна хваляць відэа, а забойства называюць «справядлівым», але наўпрост нічога не прызнаюць. Украінскі бок пакуль не каментаваў відэа і тое, што палонны апынуўся ў руках невядомых, якія ўчынілі расправу. Паводле некаторых звестак, Нужына маглі абмяняць на палонных украінцаў, нягледзячы на відавочную пагрозу ягонаму жыццю пры перадачы расейскаму боку.

Каму адрасаваная такая відавочная дэманстрацыя беззаконня?

Яўген Прыгожын, якога ў Расеі называюць «кухарам Пуціна», адкрыта прызнае, што менавіта ён стварыў прыватную вайсковую кампанію Вагнэра, хоць гэта відавочна парушае расейскія законы. Ён таксама прызнае, што вярбуе вязняў у сваё прыватнае войска. І наўпрост пагражае зняволеным расстрэлам за «дэзерцірства». Нядаўна Прыгожын нават адкрыў «ПВК Вагнэр цэнтр» у Санкт-Пецярбурзе. Вагнэраўцаў падазраюць у ваенных злачынствах ва Украіне і ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

Гісторыі
«Кухар Пуціна» выйшаў з ценю і адкрыў у Расеі «Вагнэр Цэнтр». Што гэта за цэнтр і ці можа ён з’явіцца ў Беларусі?
2022.11.13 12:10

Калі і так было відавочна, што адносна Вагнэра не дзеюць законы, навошта было яшчэ і выхваляцца кадрамі жорсткага пазасудовага пакарання?

Заснавальнік расейскага антываеннага праекту  «Идите лесом» Рыгор Свярдлін кажа «Белсату»:

«Незайздросная доля – залазіць у галаву людзей, якія кіруюць ПВК Вагнэра. Але мне здаецца, што ўся гэтая публічная дэманстрацыя адрасаваная аднаму чалавеку – Пуціну. Каб паказаць, якія мы рашучыя, ні перад чым не спынімся. Паказаць уласную эфектыўнасць так, як гэтыя людзі разумеюць эфектыўнасць».

Свярдлін падкрэслівае, што на відэа – відавочнае асабліва цяжкае злачынства, якое не мае нічога агульнага з законнасцю. Але «тое, што гэтыя людзі злачынцы, мы ведаем ужо даўно», дадае ён. Як і любая публічная расправа, гэта відэа палохае людзей.

Але ўдзел у вайне «і так не карыстаецца вялікаю папулярнасцю»: чэргі былі не ў ваенкаматы, а на межах.

«Мне здаецца, эфект ад гэтага будзе, хутчэй, зваротны, чымся той, якога хацелі дамагчыся. Яшчэ цяжэй будзе людзей мабілізоўваць, заклікаць прызыўнікоў», – прагназуе Свярдлін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Igor Russak / Reuters / Forum

А можа гэта відэа было для зняволеных, каб прарэкламаваць ім жорсткасць і беспакаранасць ПВК Вагнэра? Суразмоўца адказвае: ён упэўнены, што відэа дайшло да месцаў пазбаўлення волі, што Прыгожын даказвае сур’ёзнасць сваіх словаў пра пакаранне за «дэзерцірства». Але Свярдлін паўтарае: яму здаецца, што асноўны адрасат гэтага відэа, як і сюжэтаў федэральных тэлеканалаў – менавіта Уладзімір Пуцін.

Украіну дыскрэдытавалі або ўгаварылі?

Як Яўген Нужын з украінскага палону трапіў у рукі сваіх забойцаў, невядома. Расейскі праваабаронца і заснавальнік праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін у эфіры «Белсату» распавядаў, што дзве яго крыніцы ў Кіеве кажуць супярэчлівыя рэчы.

Адна крыніца ў СБУ кажа, што гэта «падстава»: Нужына выкралі ва Украіне і забілі, каб кінуць цень на праграму агітацыі за здачу ў палон, на гарантыі жыцця тым, хто здасца. Іншая крыніца ў ЗСУ кажа, што расейскі бок патрабаваў асабіста Нужына для працягу абмену палоннымі, на яго абмянялі 20 чалавек. У сувязі з гэтымі звесткамі заснавальнік Gulagu.net публічна звярнуўся за тлумачэннямі да прэзідэнту Украіны Уладзіміра Зяленскага, а таксама да расейскіх пракурораў і следчых з заклікам распачаць крымінальную справу і затрымаць Прыгожына.

«Нужын стаў першым зняволеным, які выказаўся аб пераходзе на бок Украіны, які даваў шырокія падрабязныя інтэрв’ю, – пералічвае Асечкін. – Гэта чалавек, які каля 20 гадоў правёў у пуцінскіх засценках, у яго вельмі шмат прэтэнзій да рэжыму».

Інтэрв’ю Нужына украінскім блогерам і журналістам набіралі па некалькі мільёнаў праглядаў, у іх Нужын лаяў і Пуціна, і Прыгожына, і расейскі рэжым, і вайну. Таму, мяркуе Асечкін, Нужын быў для вагнэраўцаў і Крамля нібы чырвоная ануча для быка.

Магчыма, публічнай «рытуальнай расправай» хацелі запалохаць расейцаў, каб яны не здаваліся ў палон Украіне. Але Асечкін сцвярджае, што за содні да публікацыі відэа да яго звярнулася вялікая колькасць людзей, якія маюць дачыненне да Вагнэра і да расейскіх спецслужбаў. Яны спрабуюць пакінуць Расею:

«Нават тыя, хто заставаліся да апошняга ў сістэме, зразумелі, што няма не проста нейкага закону, а нават нейкай бачнасці закону», – кажа Асечкін пра тых, хто з’язджае.

Ён прагназуе, што гэтае публічнае пакаранне не будзе апошнім: крыніцы Gulagu.net сцвярджаюць, што Пуцін даверыў Прыгожыну падрыхтоўку «эскадронаў смерці» для знішчэння непажаданых уладам. Асечкін адзначае, што ўзмацненне Прыгожына назіраюць яшчэ з лета, цяпер ён – «другі чалавек пасля Пуціна».

Аналітыка
Найміты ХХІ стагоддзя: як ваююць прыватныя вайсковыя кампаніі
2022.03.22 20:14
  • З часоў вайны ў Сірыі, сцвярджаюць расейскія журналісты, ПВК Вагнэра пазіцыянуюць забойствы кувалдай як сваю «візітоўку». У 2017 годзе па інтэрнэце разышлося відэа забойства і раздзялення байцамі ПВК Вагнэра сірыйца, які, як сцвярджаецца, дэзерціраваў з арміі Башара Асада і быў затрыманы. Пра пакаранні смерцю вагнэраўцамі  завербаваных за дэзерцірства і здачу ў палон паведамлялі і раней, але паказальных відэазапісаў пакаранняў смерцю і цынічнага ўсхвалення такіх відэа з боку Прыгожына раней не было.
  • ПВК Вагнэра – незаконнае ўзброенае фармаванне. Арт. 359 КК РФ «Найміцтва» прадугледжвае пакаранне як за ўдзел найміта ва ўзброеных канфліктах, так і за вярбоўку, навучанне або фінансаванне найміта. Нягледзячы на гэта, Яўген Прыгожын не хавае, што стварыў ПВК Вагнэра і кіруе баевікамі.

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў