Прэзідэнт Арменіі зацвердзіў Рымскі статут


Арменія зацвердзіла Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда. Аб гэтым паведамляецца на сайце прэзідэнта краіны.

Прэзідэнт Арменіі Ваагн Хачатуран.
Фота: president.am

Прэзідэнт Арменіі Ваагн Хачатуран падпісаў адпаведны закон, якія ратыфікуе Рымскі статут, а таксама прыняў заяву аб тым, што Арменія прызнае правамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда.

Падпісанне Рымскага статуту Арменіяй адбылося яшчэ ў 1998 годзе, але ратыфікацыя была прыпыненая з-за таго, што гэты закон нібыта супярэчыў канстытуцыі дзяржавы. Працэс ратыфікацыі быў узноўлены ў 2022 годзе, але супраць гэтага актыўна выступала Расея. У першую чаргу з-за таго, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмену Марыі Львовай-Бяловай па справе аб «незаконным вывазе дзяцей» з Украіны.

У сваю чаргу, прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян адзначаў, што ратыфікацыя дакумента была звязаная найперш з сітуацыяй на памежжы з Азербайджанам і не мела ніякага дачынення паміж узаемаадносінамі з Расеяй. Проста працэс супаў «з кантэкстам адносінаў Расеі і МКС».

Тым не менш, згодна з умовамі Рымскага статуту, калі раптам Уладзімір Пуцін з’явіцца ў Ерэване, то армянскія ўлады будуць вымушаны яго арыштаваць.

Hавiны
Нікол Пашыньян: Арменія ратыфікуе Рымскі статут у поўным аб’ёме
2023.09.13 21:57

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў