У акупаваным Крыме прагрымелі магутныя выбухі


Раніцаю 14 верасня ўкраінская армія ўдарыла дронамі па Еўпаторыі ў акупаваным Крыме. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра магутныя выбухі, на здымках з месца прылёту відаць вялікі слуп дыму.

Вынікі прылёту дронаў у Еўпаторыі. Крыніца: Crimeanwind / Telegram

У Міністэрстве абароны РФ паведамляюць, што каля 5:30 сілы паветранай абароны знішчылі «11 украінскіх беспілотнікаў самалётнага тыпу» над акупаваным Крымам.

У Еўпаторыі месцяцца некалькі вайсковых частак, недалёка і вайсковы аэрадром Сакі, па якім украінская армія ўжо наносіла ўдар.

Таксама ў ведамстве заявілі, што ўкраінскія марскія дроны зноў спрабавалі атакаваць расейскі карабель у моры, і зноў беспаспяхова – усе пяць былі знішчаныя. Паводле прэс-службы, каля пятай гадзіны раніцы пяць безэкіпажных катараў паспрабавалі атакаваць у моры патрульны карабель Чарнаморскага флоту «Сяргей Катоў», але былі знішчаныя.

Паведамлялася таксама пра перакрыццё руху па Крымскім мосце, што за 250 км ад Еўпаторыі, з іншага краю Крымскага паўвострава.

Акрамя гэтага, губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў, што за дзве апошнія гадзіны над вобласцю збілі пяць беспілотнікаў.

Таксама ў ноч на 14 верасня расейскае войска запусціла па Украіне 22 дроны-камікадзэ, 17 з іх былі збітыя сродкамі паветранай абароны, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны. Пра наступствы нязбітых дронаў украінскія вайскоўцы не паведамляюць. Беспілотнікі запускаліся з Крыму, Краснадарскага краю і Курскай вобласці па Мікалаеўскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Сумскай вобласцях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў