Палітзняволены Андрэй Аляксандраў схуднеў у калоніі на 40 кілаграмаў


Ад былога намесніка дырэктара БелаПАН Андрэя Аляксандрава сталі даходзіць звесткі з калоніі. Ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, піша вершы і песні, а таксама схуднеў на 40 кілаграмаў. Акрамя таго, яму дазволілі перапісвацца са сваёй жонкай Ірынай Злобінай, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай калоніі. Аб гэтым паведамілі «Радыё Свабода» сваякі Андрэя.

Андрэй Аляксандраў.
Фота: Andrei Aliaksandrau / Facebook

Амаль 7 месяцаў Андрэю Аляксандраву, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №2, былі забароненыя званкі, у тым ліку праз Skype, а таксама ён быў пазбаўлены перадачаў.

І вось нарэшце 12 верасня ўпершыню сваякам удалося паразмаўляць з ім, сталі даходзіць ад яго і лісты.

Андрэй кажа, што зараз працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, збівае скрыні і паддоны. Паводле ягоных словаў, у яго ўсё «без цудаў, стабільна». Ён прызнаецца, што шмат чытае, піша вершы і нават песні на англійскай мове, робіць рэгулярна фізічныя практыкаванні.

Са словаў сваякоў, Андрэй схуднеў са 120 да 80 кілаграмаў. Раней ён скардзіўся на болі ў нагах ад доўгага знаходжання на бетоне, але зараз не скардзіцца.

Ірына Злобіна.
Фота: Irina Zlobina / Facebook

Даходзяць звесткі і ад жонкі Андрэя – Ірыны Злобінай (палітзняволеныя пабраліся шлюбам ужо ў зняволенні год таму, 1 верасня 2022 года), якая адбывае пакаранне ў Гомельскай калоніі.

«Працуе, шые майкі. Выконвае план. Увогуле трымаецца малайцом, ставіцца да гэтага кавалку жыцця як да чарговай прыгоды», – паведаміў выданню сваяк Ірыны.

Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года і абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш як 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года. МУС сцвярджае, што Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў і такім чынам разам з Ірынаю Злобінаю перадаў 4 мільёны долараў рэпрэсаваным ад фонду «By_Help». Гэта кваліфікавалі як здраду дзяржаве.

Hавiны
Палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА
2022.09.01 14:21

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў