Палітзняволенага журналіста Аляксандра Манцэвіча будуць судзіць 27 верасня


Суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам прызначаны на 27 верасня, паведамляе «Вясна».

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Аляксандр Манцэвіч быў затрыманы 15 сакавіка 2023 года. Сілавікі правялі ператрус у ягоным доме.

Журналісту прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэксу РБ («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Паводле матэрыялаў справы, Аляксандр Манцэвіч, выконваючы абавязкі дырэктара рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты», сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Суд над Аляксандрам пачнецца 27 верасня ў Маладзечне. Разглядаць справу будзе суддзя Аляксей Іршын.

Аляксандр Манцэвіч родам з Вялейкі. Ён шмат разоў станавіўся пераможцам прафесійных журналісцкіх конкурсаў і прэміяў. «Рэгіянальную газету» ён заснаваў у далёкім 1995 годзе, яна стала адным з найбольш вядомых незалежных выданняў на Маладзечаншчыне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў