Малдова не бачыць доказаў таго, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека


Беларусу адмовілі ў палітычным прытулку ў Малдове. МУС патлумачыла гэтае рашэнне гэтак: адсутнічаюць доказы таго, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, паведамляе малдаўская служба радыё «Свабода».

Інспектарат міграцыі ў Малдове. Крыніца: noi.md

Арцём расказаў выданню, што ён з’ехаў з Беларусі ў 2020-м годзе, бо падтрымаў пратэсты. Мужчына выказваўся ў сацсетках, падпісаў зварот ад дзеячаў культуры з патрабаваннем спыніць гвалт і правесці новыя выбары.

Ён паспеў пажыць ва Украіне і Польшчы, але апошні год Арцём правёў ў Малдове. Пераехаў менавіта туды, бо верыў, што зможа рэалізавацца там прафесійна ў сферы культуры. Аднак, як высветлілася, без даведкі аб адсутнасці судзімасці ён не можа афіцыйна ўладкавацца на працу, без апастылю на дыпломе не можа працягваць навучанне. Не ўдалося нават проста адкрыць рахунак у банку.

Цяпер яму адмовілі ў палітычным прытулку. Як паведамляе Арцём, МУС Малдовы патлумачыў адмову адсутнасцю доказаў таго, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека.

Радыё «Свабода» звярнулася ў Інспектарат міграцыі Малдовы. Там паведамілі, што на сёння разглядаюцца 23 запыты на палітычны прытулак ад беларусаў. Згодна з законам, інфармацыя аб такіх заявах канфідэнцыйная.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў