Крэмль прызнаў паразу на Харкаўшчыне, але спрабуе адвесці віну ад Пуціна. Што адбываецца ва Украіне


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 203-і дзень. Баі на поўдні Харкаўшчыны каля Ліману, на Херсоншчыне і Данбасе. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Як сцвярджае Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, на 14 верасня расейцы страцілі 53 650 чалавек асабовага складу, 2180 танкаў і 4665 баявых бронемашынаў, 1290 артылерыйскіх сістэмаў і 311 сістэмаў залпавага агню, 167 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 246 самалётаў і 215 верталётаў, 15 караблёў. За дзень знішчылі 5 танкаў, 3 бронемашыны, 11 артылерыйскіх сістэмаў, 2 самалёты і 2 верталёты.

Паводле звестак Генштабу ЗСУ, Расея працягвае засяроджваць высілкі на спробах цалкам акупаваць Данецкую вобласць, утрымаць захопленыя тэрыторыі ды сарваць украінскі контрнаступ. Трываюць абстрэлы на лініі сутыкнення, удары па дамах мірных грамадзянаў і цывільнай інфраструктуры.

За мінулы дзень зафіксавалі 3 ракетныя і 33 авіяцыйныя ўдары, 58 абстрэлаў рэактыўнай артылерыяй. Абстрэлы былі на сівэрскім, харкаўскім, краматорскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім і паўднёвабужскім напрамках, у тым ліку пад абстрэл трапілі Мікалаеў і Харкаў. Атакі паспяхова адбілі ў раёнах Спорнага, Маёрску, Адараўкі, Вясёлай Даліны, Вадзянога, Аўдзееўкі, Безыменнага і Новагрыгораўкі.

Генштаб ЗСУ заяўляе, што расейская армія штодня зазнае істотныя страты ў жывой сіле, якія намагаецца скампенсаваць у тым ліку за кошт найму зняволеных з калоніяў у Тульскай вобласці. Вязням, піша ЗСУ, абяцаюць зняцце судзімасці за 3 месяцы службы (для рэцыдывістаў – за 6 месяцаў), але з такімі «добраахвотнікамі» не падпісваюць кантрактаў. У акупаванай Горлаўцы, паводле ўкраінскіх звестак, ваенкаматы атрымалі заданне да 19 верасня набраць 6 тысячаў чалавек, трывае вышук і затрыманне мужчынаў, каб адправіць на вайну.

Украінскія вайскоўцы не хваляцца новымі поспехамі ў контрнаступе, трымаюць рэжым інфармацыйнай цішы прынамсі дзень пасля падзеяў. Але замежныя назіральнікі адзначаюць актыўныя баі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцяў. Баі і на Данбасе ды поўдні Харкаўскай вобласці ў раёне Ліману.

Амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) заўважае, што Крэмль упершыню прызнаў сваю паразу з лютага: расейскія дзяржаўныя медыі і чыноўнікі актыўна абмяркоўваюць контрнаступ Украіны ў Харкаўскай вобласці, што адрозніваецца ад ранейшых апісанняў паразаў як «выканання асноўных заданняў» або «жэсту добрай волі». Пры гэтым параза выклікае паніку сярод расейцаў на акупаваных тэрыторыях, сярод усіх вайскоўцаў і вайсковых блогераў.

Аб’ектыў
Энтані Блінкен: «Гэта вынік надзвычайнай мужнасці і моцы Збройных сілаў Украіны і ўкраінскага народу»
2022.09.13 22:45

«Прызнанне паразы Крамлём ёсць часткаю намаганняў змякчыць і адвесці крытыку за такую разбуральную няўдачу з боку Уладзіміра Пуціна на Міністэрства абароны Расеі ды вайсковае камандаванне ў мундзірах», – мяркуюць у ISW.

На думку экспертаў, Пуцін гатовы і здольны прызнаць ды прыняць паразу Расеі «прынамсі ў некаторых абставінах», засяродзіцца на тым, каб зняць віну з сябе. Імаверным лічаць прыняцце закону, які дазволіць рассылаць позвы на службу поштаю, а не ўручаць іх асабіста, але сумняюцца, што Расея пойдзе на поўнамаштабную мабілізацыю – хіба на абмежаваную «крыптамабілізацыю». Эксперты таксама не ўпэўненыя, што Крэмль пойдзе на дапамогу Арменіі ў межах АДКБ (пакуль абмежаваліся назіральнаю місіяй).

Аналітыка
Як вызваляюць Украіну. Контрнаступ у датах і мапах
2022.09.12 19:28

Брытанская выведка звяртае ўвагу на імавернае ўжыванне Расеяй ва Украіне іранскіх беспілотнікаў. Адзін, падобны да «Shahed-136», збілі каля Куп’янску. Расея «амаль дакладна» ўсё больш намагаецца здабыць зброю ад падсанкцыйных краінаў, як Паўночная Карэя ды Іран, бо ўласныя запасы сканчаюцца.

Пэнтагон адзначае, што поспех украінскага контрнаступу стаўся неспадзяванкаю толькі для Расеі, але не здзівіў саюзнікаў Кіева, якія ўжо пабачылі здольнасці ўкраінскага войска. Злучаныя Штаты Амерыкі, заўважаюць у Пэнтагоне, з 2014 года вылучылі на вайсковую дапамогу Украіне $ 17,2 млрд, а Белы дом плануе яшчэ адзін пакет дапамогі бліжэйшым часам. Ды прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што, хоць украінцы дасягнулі значнага прагрэсу, гэта не паваротны пункт вайны – іх яшчэ чакае «доўгі шлях».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў