Беларусь наведае міністр абароны Кітая


З 14 па 19 жніўня Маскву і Менск наведае міністр абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Шанфу. У Беларусі ён плануе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і беларускімі вайскоўцамі.

Міністр абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Шанфу.
Фота: Вікіпедыя

Пра візіт паведамляе кітайскае Міністэрства абароны. У паведамленні таксама гаворыцца пра тое, што Лі Шанфу едзе на запрашэнне міністраў абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь Сяргея Шайгу і Віктара Хрэніна.

15 жніўня кітайскі міністр возьме ўдзел у Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы. Плануецца, што ён выступіць з прамовай і сустрэнецца міністрамі абароны Расеі і Беларусі.

Пасля гэтага Лі Шанфу мае наведаць Беларусь, дзе плануецца ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і военачальнікамі беларускай арміі. Пасля гэтага кітайскі міністр збіраецца пабываць у беларускіх вайсковых частках.

Як адзначыў у сваім тэлеграм-канале гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, «Шайгу і Хрэнін разам рыхтуюцца ў Маскве да візіту правяраючага з Пекіна».

«Цікава, што міністр абароны Кітая Лі Шанфу падчас свайго будучага візіту ў Беларусь мае намер не толькі сустрэцца з Лукашэнкам і сваім калегам Хрэніным, але і хоча скласці ўяўленне аб узброеных сілах Беларусі: у яго планах наведванне воінскіх часцей. Аб тым, ці будуць прадэманстраваныя кітайскаму госцю месцы дыслакацыі расейскай ядравай зброі і «вагнераўцаў», не паведамляецца», – напісаў Аляксандр Фрыдман.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў