Па 6 гадоў калоніі для журналіста Мажэйкі і адвакаткі Юргілевіч. Хроніка рэпрэсій 14 ліпеня


«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі. Вашай увазе – падборка фактаў, падзеяў і зʼяў, звязаных з пераследам іншадумцаў за 14 ліпеня.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч падчас суда.
Фота: belta.by

На чацвёрты дзень суда ў справе адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурор запатрабаваў для палітвязняў 6 гадоў калоніі кожнаму.

Сямʼя ў шоку, але спадзяванняў на справядлівы суд няма.

Беларускія сілавікі дадалі ў «спіс экстрэмістаў» яшчэ 32 прозвішчы. Сярод іх абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка. Агулам у спісе – 3048 чалавек.

У Беларусі на 3 гады пазбаўлення волі асудзілі грамадзяніна Польшчы Робэрта Тампалу. Імаверна, гэта менеджар у агульных пытаннях у ТАА «АрыёнСвіт» (Беларусь). 54-гадоваму грамадзяніну Польшчы Робэрту Тампалу інкрымінавалі ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі») і арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»). Яго ўжо этапавалі ў наваполацкую калонію. У Робэрта ёсць жонка – грамадзянка Беларусі і дзіця, якое нарадзілася ў Беларусі.

Асуджанага, які тыдзень таму выкінуўся ўніз галавой з 4 паверха Бабруйскай калоніі, звалі Дзмітрый Арлоў. У яго засталіся 3 дзяцей. Дзмітрый быў асуджаны на 13 гадоў за незаконны абарот наркотыкаў (ч.4, арт. 328 КК). Праваабаронцы ж пішуць, што прычына самагубства – у жорсткасці ўмоваў утрымання ў калоніі і адсутнасці надзеі на амністыю.

Стала вядома, што нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ў калоніі працуе на дрэваапрацоўцы. Пра гэта расказала яго жонка Наталля Пінчук. Алесь асабліва не піша ў лістах да яе пра сваё здароўе, аднак часам праскоквае, што яно пагаршаецца. З вялікай верагоднасцю, ён не атрымлівае лістоў ад жонкі. Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў горацкай калоніі строгага рэжыму № 9. Умовы ўтрымання там лічацца жорсткімі.

Палітвязень Алег Рубец зноў змешчаны ў ШІЗА. У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак. І вось гісторыя паўтарылася.

У Горадні на працоўным месцы затрымалі супрацоўніка транспартнай кампаніі – ён нібыта напісаў 700 каментароў. На відэа мужчына кажа, што быў затрыманы за абразу Лукашэнкі, кіраўніцтва вобласці і супрацоўнікаў МУС.

У Менску зафарбавалі яшчэ адзін мурал мастака Міці Післяка «Dama con l’ermellino» («Дама з гарнастаем»). Гэта ягоная апошняя праца перад эміграцыяй у Амерыку.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў