«Вясна» за кратамі: год з разгрому праваабарончай супольнасці


14 ліпеня спаўняецца год, як старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць. Гэты дзень стаў «чорным» для грамадзянскай супольнасці: год таму зранку сілавікі прыйшлі з вобшукамі да праваабаронцаў «Вясны», Беларускага хельсінкскага камітэту, «Lawtrend», прадстаўнікоў незалежных медыяў і актывістаў недзяржаўных арганізацыяў, партыяў і рухаў па ўсёй краіне. У гэты дзень затрымалі 11 сябраў «Вясны», якіх трымалі за кратамі ад 3 да 10 содняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ва ўкраінскай сталіцы на алеі Герояў Нябеснай Сотні. Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч дагэтуль застаюцца ў няволі, іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Праваабаронцы прызнаныя палітвязнямі.

Што вядома ў справе праваабаронцаў?

Паводле версіі абвінавачання, «Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Зміцер Салаўёў (перабывае за межамі Беларусі) і іншыя неўстаноўленыя асобы на тэрыторыі Менску, у іншых населеных пунктах Беларусі і за яе межамі пасля ліквідацыі ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Суда ад 28.10.2003 года праваабарончай арганізацыяй «Вясна» ў парушэнне прынятага судом рашэння кіравалі арганізацыяй і працягнулі ажыццяўленне гэтай арганізацыяй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку выкананне работ (паслуг), за якія асобам, якія выканалі, у перыяд з 2013 да 2020 год вышэйпаказанай арганізацыяй выплачанае матэрыяльнае ўзнагароджанне на агульную суму не менш за 879 887 рублёў».

Асноўная прэтэнзія да праваабаронцаў – тое, што яны не зарэгістравалі «Вясны». З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць «здзейснілі ўхіленне ад выплаты сумаў адпрыбытковага падатку, якія падлягаюць падліку, вылічэнню ў падаткаплатніка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 да 2020 года ў агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры».

Крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК супраць вясноўцаў вядзе следчы ў асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення расследавання злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэту, маёр юстыцыі Антон Каляга.

Алесь Бяляцкі (злева).
Фота: Белсат

Следства працягваецца ўжо год, з адвакатаў, сведак традыцыйна ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму падрабязнасці справы, на якой стадыі знаходзіцца следства і якія следчыя дзеянні цяпер вядуцца – невядома. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.

Што такое ПЦ «Вясна»

За сваю 25-гадовую гісторыю Праваабарончы цэнтр «Вясна» шматразова рабіўся аб’ектам пераследу ўладаў Беларусі, а праваабаронцы вымушаныя былі сутыкацца з ціскам і запалохваннем за дапамогу людзям у адстойванні іх правоў і інтарэсаў.

З пачатку пратэстаў у 2020 годзе «Вясна» адыгрывае галоўную ролю ў наданні дапамогі пацярпелым у Беларусі і дае інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека і палітзняволенымі ў краіне як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Увесь гэты час «Вясна» збірае інфармацыю аб незаконных затрыманнях у адміністратыўных і крымінальных справах, надае юрыдычную дапамогу і суправаджэнне сваякам затрыманых і пацярпелым, фіксуе парушэнні правоў і ўмовы ўтрымання зняволеных і асуджаных, дакументуе факты катаванняў, жорсткага і зневажальнага абыходжання і іншых злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.

Мы ведалі, што адбываецца ў Беларусі, дзякуючы «Вясне»: праваабаронцы бралі на сябе рызыкі і цяпер паплаціліся за гэта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

На дадзены момант сем вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Год за кратамі

Ліставанне з вясноўцамі часта блакуецца, а з пачаткам вайны ва Украіне сітуацыя яшчэ пагоршылася.

«Лісты не даходзяць зусім. Іншапланетнікі вырашылі, што я павінен застацца ў гэтай касмічнай бездані і цемры без лістоў. Мне пападае толькі па адным лісце ад мамы і Ніны. Вось ужо два тыдні з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзірку і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзірцы знікае ўсё: мары, надзеі, час, цеплыня», – піша Уладзімір Лабковіч.

На волі за праваабаронцаў перажываюць іхныя сябры і калегі, людзі, якім яны дапамаглі.

У нядаўнім лісце на волю Валянцін Стэфановіч піша: «У мяне асабліва навінаў няма. Ніякіх зрухаў у справе, і калі яе ўжо закрыюць і пачнуць знаёміць са справай, невядома. 14-га будзе роўна год, як я за кратамі. Такі своеасаблівы сумны юбілей».

Вядома, што ў снежні мінулага года Валянцін тры тыдні праляжаў з пнеўманіяй у турэмным шпіталі: «Адно я ведаю, што мы павінныя проста рабіць сваю праваабарончую справу, рабіць, калі нават няма надзеі, няма спадзяванняў на тое, што хутка стане лепш. Як казалі нашы савецкія папярэднікі: «Рабі, што можаш, і няхай будзе тое, што будзе». Я павінен трымацца, берагчы сілы і здароўе, таму што не маю права памерці тут, я абавязаны вярнуцца жывым да сваіх дзетак і сямʼі».

Валянціна з турмы чакаюць сын Адам, дочкі Яна і Марта. Дзеці дасылаюць бацьку свае малюнкі, а ён, у сваю чаргу, дасылае ім свае.

У лістах да жонкі Валянцін піша, як сумуе па сям’і: «Вельмі па вас сумую, мае любыя, самыя дарагія на свеце. Часам такая туга ахоплівае, проста жах, але трэба трываць, нічога не паробіш!»

Пагоршылася здароўе ў зняволенага Уладзіміра Лабковіча. Так, з прычыны кепскага асвятлення ў камеры ў яго моцна сапсаваўся зрок.

«Сёння пяць месяцаў роўна, як я ў вязніцы. Сумна, вядома, асабліва ад разумення, што наперадзе бясконцасць тут. Я б таксама хацеў пабачыць надзею, але тут пакуль халодна, вільготна і няма сонца. А вам трэба ісці наперад. І толькі так!» – пісаў Уладзімір у снежні 2021-га.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ва ўкраінскай сталіцы на алеі Герояў Нябеснай Сотні. Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Уладзя ўдома чакае дачка і двое хлопцаў-блізнятаў. Праваабаронца вельмі хвалюецца, што яны растуць без яго, што ён не можа іх выхоўваць.

«Самае невыноснае – гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак. У мяне зусім не засталося надзеі, толькі любоў і каханне», – піша Уладзімір.

Інфармацыі пра хаду справы і следчыя дзеянні з удзелам Алеся Бяляцкага ў родных няма. Вядома, што за кратамі ў яго абвастрыліся хранічныя хваробы, ён перахварэў на ангіну. Лісты ад яго прыходзяць рэдка. У верасні 2021 яму за кратамі споўнілася 60 гадоў. Нагадаем, свой мінулы юбілей, 50-годдзе, Алесь Бяляцкі сустрэў таксама за кратамі, у бабруйскай калоніі.

Салідарнасць

Цягам года па ўсім свеце праходзілі разнастайныя акцыі і кампаніі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі. 161 праваабарончая арганізацыя з усяго свету патрабавала спыніць рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтру «Вясна», вызваліць праваабаронцаў і валанцёраў.

Еўрадэпутаты выступілі ў абарону Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча. «Іх затрыманне – ганьба. Беларускія ўлады павінны зразумець, што немагчыма пасадзіць у турму ўсё грамадства, якое ў мінулым годзе праявіла неверагодную мужнасць і рашучасць у барацьбе за свабоду».

У межах міжнароднай кампаніі за вызваленне вясноўцаў – #FreeViasna – сотні актывістаў і прыхільнікаў праваабаронцаў выходзілі на акцыі падтрымання ў шмат якіх краінах свету.

«Я ведаю пра кампанію ў нашу падтрымку. Я ў гэтым і не сумняваўся. Я верыў і веру ў вас, сябры, я ведаю, што вы робіце ўсё, што ў вашых сілах, у нашу падтрымку. Гэтыя намаганні рана ці позна прынясуць свой плён. Я гэта ведаю», – пісаў Валянцін Стэфановіч з-за кратаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» прайшла ў польскай сталіцы. На здымках, з якімі людзі выйшлі на Кракаўскае прадмесце, былі партрэты праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзіміра Лабковіча, каардынатаркі валантэрскай службы Марфы Рабковай, кіраўніка Гомельскай філіі Леаніда Судаленкі, валантэраў Андрэя Чапюка і Тацяны Ласіца. Варшава, Польшча. 17 верасня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Цягам кастрычніка 2021 года праводзіўся конкурс ілюстрацыяў «Кот на Валадарцы» дзеля падтрымання Валянціна Стэфановіча. У адным са сваіх лістоў да жонкі ён распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар: «Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе ката. На адной з карцінак Кот быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай – у душы мыўся, а на трэцяй – сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся, і ліст мне вярнулі назад з пазнакай «Не прайшоў цэнзуры».

Таму паплечнікі вырашылі падтрымаць Валянціна і заклікалі дасылаць малюнкі «Ката на Валадарцы». Беларускія мастакі і мастачкі, палітзняволеныя, замежныя студэнты і нават дзеткі дасылалі Валянціну ў СІЗА-1 шмат карцінак катоў. Гэта вельмі падтрымала яго і ягоную сям’ю.

У лістападзе мінулага года прайшла вершаваная акцыя падтрымання Уладзя Лабковіча – «Не толькі Бродскі».

«Беларусы і беларускі працягваюць верыць у лепшае для нашай краіны і робяць усё магчымае для гэтага, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі, мякка кажучы, сапраўды часта нагадвае некаторыя вершы Бродскага», – пісаў у лістах на волю Уладзімір.

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

СІЗА-1, 220030, Менск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)

СІЗА-3, 246003, Гомель, вул. Кніжная, 1А (Таццяна Ласіца)

ПК-3, 211322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба (Леаніду Судаленку)

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў