Старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў трапіў у шпіталь і просіць перанесці суд аб ліквідацыі арганізацыі


14 ліпеня 2022 года Вярхоўны Суд Беларусі мусіць вынесці рашэнне ў справе аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюзу металістаў (СПМ). Старшыня прафсаюзу Аляксандр Бухвостаў не зможа прысутнічаць на паседжанні, бо знаходзіцца ў лякарні і рыхтуецца да аперацыі на сэрцы. Ён звярнуўся ў суд з просьбай перанесці паседжанне, піша «Народная воля».

Аляксандр Бухвостаў.
Фота: Аляксандр Бухвостаў/Facebook

Аляксандр Бухвостаў трапіў у шпіталь адразу пасля затрымання і допыту ў СІЗА КДБ, якія адбыліся 19 красавіка бягучага года. Тады з-за праблемаў з сэрцам мужчына правёў у стацыянары некалькі тыдняў. Цяпер прафсаюзны лідар рыхтуецца да аператыўнага ўмяшальніцтва – каранаграфіі, якая прызначаная якраз на 14 ліпеня. Дата аперацыі супала з датай суда аб ліквідацыі прафсаюзу.

«Мы з юрыстам Ігарам Комлікам напісалі хадайніцтва аб пераносе працэсу, – распавёў Бухвостаў. – Натуральна, я як кіраўнік прафсаюзу хацеў бы абавязкова прысутнічаць у Вярхоўным Судзе – вырашаецца лёс арганізацыі, якой я аддаў нямала гадоў».

Hавiны
Улады Беларусі ліквідуюць незалежныя прафсаюзы
2022.07.13 16:09

Прафсаюзны лідар зазначае, што просіць аб пераносе паседжання не толькі праз сэрцавыя праблемаў, а яшчэ і таму, што ён не ведаў, што суд будзе закрытым.

«Сябры нашага прафсаюзу хацелі б прысутнічаць у судовай зале, таму мы патрабуем адкрытага працэсу. Людзі павінны ведаць, чаму закрываюць арганізацыю, – кажа Аляксандр Бухвостаў. – А што, уласна, хаваць? Якія могуць быць таямніцы, калі напярэдадні па БТ паказалі фільм пра дзейнасць незалежных прафсаюзаў, у якім выкарыстоўвалі нават фрагменты з допытаў прафсаюзных лідараў? Што хаваць, калі ў эфір трапілі нават прыватныя тэлефонныя размовы?»

У Вярхоўным Судзе Беларусі разглядаюцца справы аб ліквідацыі беларускіх незалежных прафсаюзаў. Так, 13 ліпеня былі зліквідаваныя Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). 14 ліпеня мусяць разглядацца справы аб спыненні дзейнасці Свабоднага прафсаюзу металістаў і Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ). 18 ліпеня адбудзецца паседжанне аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

Ініцыятарам ліквідацыі дэмакратычных прафсаюзаў яшчэ 10 чэрвеня выступіў генпракурор Андрэй Швед, які звярнуўся з адпаведным пазовам у Вярхоўны Суд.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў