Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава


25 гадоў кепскіх навінаў і падтрымкі палітвязняў, пяць намінацыяў на Нобелеўскую прэмію міру. Сцісла расказваем гісторыю праваабарончага цэнтру «Вясна», які стаў сімвалам процістаяння рэпрэсіям.

Праваабаронцы «Вясны». Выява: spring96.org

Калі вы чытаеце ў навінах, што нешта паведамляе «Вясна», наўрад ці гэта добрыя навіны. Сёння кепскія навіны – пра саму «Вясну», а таксама пра Беларускі хельсінкскі камітэт, Lawtrend і многіх іншых праваабаронцаў, нават пра часопіс «Имена» і арганізацыю «Гендэрныя перспектывы».

Артыкулы
Зранку сілавікі прыходзяць з вобшукамі да праваабаронцаў і журналістаў
2021.07.14 09:57

У «Вясны» ладзілі ператрусы яшчэ ў лютым. Супраць праваабарончага цэнтру распачалі новую крымінальную справу ў сакавіку – за «Арганізацыю актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», да таго былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры «Вясны» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Сёння прыйшлі з ператрусамі да «вясноўцаў»: сябры рады «Вясны» Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзімера Лабковіча, праваабаронцаў «Вясны» Алены Лапцёнак, Андрэя Палуды, Алега Мацкевіча, Ігара Казімірчыка, Віктара Сазонава і іншых, а старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі цяпер не выходзіць на сувязь.

Як узнікла «Вясна»

Вясна 1996 года была ў Беларусі гарачай: тры месяцы трывалі масавыя акцыі пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі – дэмакратычна выбранага прэзідэнта, які хутка перайначыў канстытуцыю і сфармаваў аўтарытарны рэжым. Акцыі былі і супраць «саюзніцкай» дамовы з Расеяй. Кульмінацыяй сталі пратэсты падчас «Чарнобыльскага шляху» – акцыі памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, дарогу якой перакрылі міліцыянты, а дэманстранты перакулілі міліцэйскія машыны.

Пасля жорсткага разгону «Чарнобыльскага шляху», 26 красавіка 1996 года і паўстала «Вясна-96». Як згадваў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, у тыя дні сілавікі затрымалі некалькі сотняў чалавек, у тым ліку ўсё кіраўніцтва Партыі БНФ. На офісе БНФ з ініцыятывы Бяляцага сабралася група людзей, якая шукала інфармацыю пра затрыманых і дапамогу сем’ям. Дапамога была перадусім харчамі: макароны, алей і крупы збіралі і фасавалі ў музеі Багдановіча. У групу ўваходзілі Галіна Вашчанка, Мая Кляшторная і яшчэ некалькі чалавек.

У 1997 годзе менскі цэнтр афіцыйна зарэгістравалі, а ў 1999-м зарэгістравалі ўжо агульнарэспубліканскую арганізацыю – пад назвай «Вясна». У канцы 2003-га «Вясну» пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі за ўдзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. Аднак Камітэт па правах чалавека ААН у 2007 годзе прызнаў ліквідацыю цэнтру незаконнай, а арганізацыя працягвае працаваць без рэгістрацыі ўжо 20 гадоў, нягледзячы на няспынны пераслед.

Ілюстрацыйная выява. Магілёўскі офіс «Вясны» пасля ператрусу. 17 лютага 2021 года.
Фота: АС / Белсат

Цяпер у «Вясне» сотні валанцёраў і праваабаронцаў, аддзяленні ёсць у дзясятку гарадоў. З 2004 года «Вясна» ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH), а кіраўнік «Вясны» Бяляцкі ў 2007 годзе быў выбраны першым віцэ-прэзідэнтам FIDH і двойчы перавыбіраўся на гэтую пасаду.

Чым займаецца «Вясна»

Перадусім «Вясна» вядомая навінамі пра рэпрэсіі і дапамогай у зборы перадачаў за краты. Акрамя таго, цэнтр ладзіць пастаянны маніторынг са справаздачамі аб стане правоў чалавека ў Беларусі і аб стане зняволеных у турмах, арганізуе сустрэчы, канферэнцыі і лекцыі, намагаецца кантактаваць з уладамі, а таксама выдае інфармацыйныя матэрыялы, як то «Праваабарончы каляндар» ці «Казка пра Дэкларацыю правоў чалавека».

«Вясна» вядомая таксама кампаніяй «Свабоду палітвязням» і тым, што разам з іншымі праваабарончымі цэнтрамі прызнае людзей палітычнымі зняволенымі. На момант публікацыі палітвязнямі прызналі ўжо паўтысячы чалавек, аднак гэта далёка не ўсе людзі, якіх пераследуюць з палітычных прычынаў. У спіс не ўключаюць паіменна асуджаных паводле адміністрацыйных справаў (нават калі іх пераслед лічаць палітычным – тэрміны не такія працяглыя, а імёнаў зашмат) і далёка не адразу ўключаюць зняволеных у крымінальных справах. Праваабаронцы маюць крытэры таго, які пераслед лічыць палітычным, і ім трэба сабраць і ўзгадніць доказы палітычнай матывацыі пераследу.

«Вясна» разам з Беларускім хельсінкскім камітэтам назірае за электаральнымі кампаніямі ў межах грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Яны ацэньваюць адпаведнасць выбараў беларускаму заканадаўству і міжнародным нормам і робяць выніковыя справаздачы, пры тым самі не падтрымліваюць нейкія палітычныя сілы і не маюць за мэту прыход да ўлады.

Акрамя таго, «Вясна» працяглы час выступае супраць смяротнага пакарання. Беларусь – апошняя краіна Еўропы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, а праваабаронцы лічаць такую кару неэфектыўнай, а таксама рызыкоўнай, бо неаднаразова ад імя дзяржавы забівалі невінаватых.

Хто такі Бяляцкі

Алесь Бяляцкі – заснавальнік і нязменны старшыня «Вясны». Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Карэліі ў сям’і беларусаў, ужо ў 1965 годзе сям’я пераехала ў Светлагорск. Адвучыўся ў светлагорскай школе, затым на гісторка-філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перад службай у войску (1985–86 гадах) працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне. Выступаў з літаратуразнаўчымі артыкуламі ад 1984 года, друкаваўся ў тым ліку ў падпольным самвыдаце.

Алесь Бяляцкі.
Фота: Белсат

Яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце, ад 1981 года ўдзельнічаў у падпольнай групе моладзі «Незалежнасць», якая ставіла на мэце выхад Беларусі з СССР і ініцыявала першыя акцыі на «Дзяды» ў 1987 і 1988 гадах і мітынг у Курапатах у 1988-м. У 1986–89 гадах вучыўся ў аспірантуры ў Менску, на пачатку той вучобы стаў адным з заснавальнікам, а потым і старшынём арганізацыі маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 годзе быў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», сябрам аргкамітэту грамадскай арганізацыі «Беларускі народны фронт», у 1990-м стаў адным з арганізатараў «Беларускай каталіцкай грамады».

З 1989 па 1998 год быў выбраны дырэктарам літаратурнага музею Максіма Багдановіча (і даваў там юрыдычны адрас для рэгістрацыі дзясяткаў няўрадавых арганізацыяў), у 1991–96 гадах быў таксама дэпутатам Менскага гарадскога савету, у 1996–99 гадах сакратаром управы БНФ, у 1999–2001 гадах намеснікам старшыні Партыі БНФ.

Тры гады сам Бяляцкі быў палітвязнем. 4 жніўня 2011 года яго затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, у лістападзе яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Падставай былі замежныя банкаўскія рахункі на імя Бяляцкага – беларускія ўлады заявілі, што тое быў асабісты прыбытак Бяляцкага, але «Вясна» даводзіла, што тое былі грошы ад шэрагу фондаў, якія выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць і аб якіх фондам давалі справаздачы, да якіх фонды прэтэнзіяў не мелі.

Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі (суду прысвечаная цэлая кніга – «Справа Бяляцкага» журналіста «Радыё Свабода» Валера Каліноўскага), змясцілі ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску, прызналі «злосным парушальнікам» і пазбавілі спатканняў з роднымі і перадачаў. Вызвалілі яго па амністыі ў чэрвені 2014 года.

Пяць разоў Бяляцкага вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру. Бяляцкі мае прэміі Homo Homini ад Вацлава Гаўла і Прэмію імя Вацлава Гаўла за абарону правоў чалавека, Прэмію свабоды імя Андрэя Сахарава, Прэмію Леха Валенсы, а таксама Літаратурную прэмію імя Алеся Адамовіча і многія іншыя літаратурныя і праваабарончыя ўзнагароды.

АА belsat.eu

Стужка навінаў