Ва Украіне паранілі правую руку Кадырава Адама Дэлімханава. Кіраўнік Чачэніі не можа яго знайсці


Пра тое, што Адам Дэлімханаў «быў паранены, але жывы», паведаміў тэлеграм-канал Мінабароны РФ «Звезда» са спасылкай на Дзярждуму Расеі. Раней украінскія тэлеграм-каналы пісалі, што Дэлімханаў загінуў. Рамзан Кадыраў папрасіў украінскую выведку распавесці, дзе быў нанесены ўдар, каб «знайсці дарагога брата».

Адам Дэлімханаў, правая рука Кадырава.
Фота: Zvezdanews/Telegram

Абставіны і месца ранення Дэлімханава не ўдакладняюцца. Надоечы ўкраінскія тэлеграм-каналы са спасылкай на палітолага Кірыла Сазонава, які ваюе ў складзе ЗСУ, пісалі, што картэж кадыраўцаў трапіў пад абстрэл украінскімі Сіламі спецыяльных аперацыяў у Прыморску Запарожскай вобласці, і менавіта там быў забіты паплечнік Кадырава.

Паводле Сазонава, картэж Дэлімханава быў абстраляны з артылерыі. Разам з ім загінулі нібыта каля 200 асобаў, якія яго суправаджалі. Целы нібыта былі вывезеныя на верталётах.

Пасля з’яўлення паведамлення пра раненне Кадыраў папрасіў украінскую выведку распавесці, «па якім менавіта месцы і па якіх пазіцыях быў нанесены ўдар», каб ён «усё-такі змог знайсці дарагога брата» Адама Дэлімханава, які не выходзіць на сувязь. Кадыраў паабяцаў шчодрую ўзнагароду тым, хто паспрыяе пошукам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў