Забарону на наведванне лясоў увялі амаль у палове раёнаў Беларусі


На 16:00 14 траўня ў 58 раёнах Беларусі ўвялі забарону на наведванне лясоў. Таксама абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем Браслаўскага раёну. Гэта вынікае з інтэрактыўнай мапы Міністэрства лясной гаспадаркі.

Скрыншот: mlh.gov.by

Усяго забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя ў 117 раёнах, у тым ліку:

  • у Менскай вобласці – у 22 раёнах;
  • у Берасцейскай вобласці – у 16 раёнах;
  • у Віцебскай вобласці – у 20 раёнах;
  • у Гомельскай вобласці – у 21 раёне;
  • у Гарадзенскай вобласці – у 17 раёнах;
  • у Магілёўскай вобласці – у 21 раёне.

Свабодна хадзіць у лес можна толькі ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.

Нагадаем: забарона на наведванне лясоў азначае, што лясы нельга наведваць катэгарычна – у тым ліку для шпацыраў, адпачынку на прыродзе ды іншага. Таксама забараняецца ўезд транспарту, за выключэннем транспарту лесагаспадарчай установы, а таксама органаў, якія ажыццяўляюць кантроль.

Пры ўвядзенні абмежаванняў у лес хадзіць можна – на шпацыр ці збор грыбоў і ягадаў, але ездзіць, распальваць агонь катэгарычна забаронена. Таксама забараняецца праводзіць масавыя імпрэзы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў