У Берасці затрымалі былога палітвязня Віталія Зарадзея


У суботу, 13 траўня, былога палітзняволенага Віталія Зарадзея выклікалі да сябе сілавікі, але да дому ён ужо не вярнуўся. Як стала вядома «Белсату» цяпер пенсіянер знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасця.

Віталь Зарадзей. Крыніца: brestspring.com

Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што пасля выхаду на свабоду ў канцы 2022 года Віталь Зарадзей працягваў шукаць справядлівасць і пісаў звароты да так званай улады, што не спадабалася сілавікам.

70-гадовы берасцеец Віталь Зарадзей быў адным з самых пажылых палітвязняў.

Віталь – былы вайсковец, ліквідатар аварыі на ЧАЭС. У Берасці ён быў вядомы тым, што пісаў звароты да ўладаў. 29 сакавіка 2021 года да яго дамоў уварваліся людзі з аўтаматамі. Віталя затрымалі і асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі за «абразу суддзі і абразу прэзідэнта». Прысуд па справе вынес суддзя Вадзім Здановіч, які часта ўдзельнічае ў палітычна-матываваных працэсах.

Віталя Зарадзея абвінавацілі ў тым, што ён падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле экспертызаў, «дапускаў негатыўную ацэнку» суддзяў і Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі налічылі 7 такіх «правапарушэнняў». Даведацца, якімі ж словамі Віталь пакрыўдзіў Лукашэнку і суддзяў, не давялося: гэтую частку суда закрылі.

Пакаранне Віталь Зарадзей адбываў у шклоўскай калоніі №17.

АС belsat.eu

Стужка навінаў