Унук супрацоўніка КДБ ідзе ваяваць за Украіну. Паразмаўлялі з хлопцам пра дзеда і рашэнне ўзяцца за зброю


20-гадовы мянчук Максім Ралько падчас пратэстаў 2020-га раздаваў удзельнікам мірных маршаў цукеркі і плакаты, якія сам ствараў. У 2021-м вымушаны быў з’ехаць за мяжу. А ў красавіку 2022-га – ужо ў Варшаве – запісаўся ў батальён імя Кастуся Каліноўскага. Хлопец сам захацеў расказаць «Белсату» пра сваё рашэнне ўзяцца за зброю.

Максім Ралько (злева) трымае плакат «Не гвалту». 14 жніўня 2020 года, плошча Незалежнасці ў Менску.
Фота: Белсат

«Усё ўжо ў парадку, усё ўзгаднілі. Адзінае, чаго пакуль не ведаю, – гэта калі адпраўка. Але я ўжо гатовы. Тут я паспяхова прайшоў верыфікацыю: ці не засланы я «ябацька» і ці не маю за сабою крыміналу. Усё добра. Тры-чатыры дні гэта ўсё заняло. Калі правільна зразумеў, то ў Кіеве трэба будзе прайсці яшчэ медкамісію – і ўсё», – кажа Максім Ралько.

«Штодзень нашу нейкі ўнутраны боль»

Хлопец не служыў у войску і ніколі не трымаў у руках аўтамата. Але ўпэўнены, што большую карысць Беларусі прынясе якраз там. Лічыць, што акурат ва Украіне вызначаецца лёс айчыны:

«Тое, што адбываецца ва Украіне, моцна закранула мяне, я не магу глядзець на гэта спакойна. Штодзень нашу нейкі ўнутраны боль. Балюча і ад таго, што не бяру ў гэтым ніякага ўдзелу. І цяпер не хачу заставацца ўбаку. Хочацца зрабіць нейкі ўнёсак, каб потым жыць спакойна».

Максім расказвае, што раней яго палохала магчымасць трапіць у палон да расейцаў, якія перададуць яго беларускім службам, а тыя злепяць з яго «натаўскага шпіёна». Але хлопец доўга думаў, рыхтаваўся – і страх гэты пераадолеў: «Ёсць жа розныя спосабы пазбегчы палону, дый верагоднасць не такая вялікая».

Кажа, што іншых фактараў, якія б яго стрымлівалі, у яго няма. Маўляў, цалкам свабодны чалавек: не вучыцца ва ўніверсітэце, не мае сямʼі. За сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, не перажывае, бо яны, як гаворыць, усе «праўладных» палітычных поглядаў. Больш за тое, дзед па бацьку – былы супрацоўнік КДБ. Выконваў у камітэце не абы-якія функцыі.

Пра дзеда-кадэбіста

Калі Максім у красавіку 2021 года пастанавіў пакінуць Беларусь і занёс дакументы ў польскі візавы цэнтр, на яго праз тры дні пасля падачы «раптам выйшаў дзед-кадэбіст»:

«Я з ім за ўсё жыццё ні разу нармальна не размаўляў. Былі дзве ці тры спробы, калі мяне мама хацела з ім пазнаёміць, але ён чамусьці не ішоў на кантакт. А тут сам знайшоў мяне: «Ой, унучку, як ты?» І што зусім дзіўна – запрасіў мяне да сябе дамоў. Паказваў, чым ён там займаўся».

Максім Ралько на адзіночным пікеце ў Гданьску. Крыніца фота: menskrazam_info / Telegram

Дзед аказаўся не шараговым супрацоўнікам КДБ, а інжынерам, які распрацоўваў прыстасаванні для праслухоўвання і глушэння праслушак. Нібыта ягоныя сакрэтныя распрацоўкі потым выкарыстоўваліся ваенпрамам для вырабу спецпрыладаў.

«І тут мне стала ўсё ясна. Тры дні мінула пасля падачы на візу – і нехта пачынае мною цікавіцца, ды яшчэ з такою гісторыяй… Ну добра, паказаў мне ўсё, падарыў сто долараў. Пра палітыку вельмі акуратна гаварыў. Казаў, яму таксама не падабаецца Лукашэнка, але палітыка не нашая справа, і мы не мусім гэтым займацца.

Казаў, што мае добрыя сувязі ў эканамічным універсітэце, можа ўладкаваць мяне туды вучыцца. Адзінае, што я яму сказаў: «Хутка ўсё зменіцца!» – дзеліцца Максім.

Паводле хлопца, дзед запрасіў яго яшчэ раз прыйсці ў госці. Але напярэдадні прызначанай для візіту нядзелі Максім быў ужо ў дарозе ў Польшчу. Атрымаў ад дзеда паведамленне ва «WhatsApp» з просьбаю прыйсці абавязкова.

«Напісаў, што пабачыў мой стары тэлефон, дык падорыць мне новы. Нібыта купляў пляменніцы, але тая не ўзяла, дык «цяпер ён твой». А я падумаў, што, безумоўна, гэта быў бы тэлефон, нашпігаваны рознаю праслушкаю. Сцвярджаць не магу, вядома, але вельмі было падазрона. Наагул усё, што адбывалася ў той тыдзень, калі атрымліваў візу, было дзіўным: я кожны раз, калі засынаў, адчуваў, што магу не прачнуцца…» – распавядае Максім.

«Не буду хаваць твару»

У жніўні 2020 года Максім Ралько падчас адной з акцыяў на плошчы Незалежнасці ў Менску казаў журналістам, што ні ў якім разе «нельга спыняцца». Ён і не спыняецца. Неаднойчы ладзіў у Польшчы адзіночныя пікеты на падтрыманне палітвязняў і на знак памяці беларусаў, загінулых падчас пратэстаў. Усё рабіў у адкрытую, бо, як запэўнівае, адкрытасць – адзін з галоўных прынцыпаў у жыцці. Абяцае прытрымлівацца яго і ў батальёне імя Каліноўскага.

«Не буду хаваць твару. Я для сябе вырашыў. Мая пазіцыя такая, што чалавек, калі прымае нейкае важнае рашэнне, мусіць рабіць гэта адкрыта, каб усе бачылі, што гэта выбар рэальнага і сапраўднага чалавека. А не так, каб у балаклаве, як гэта робяць супрацоўнікі МУС РБ, якія спрабуюць схаваць свой твар і свае злачынствы.

А мы ж злачынстваў не чынім – мы ідзём вызваляць Украіну! Ідзём бараніць дабро і дэмакратыю ад зла», – кажа Максім.

У Варшаве да апошняга часу Максім працаваў ахоўнікам гандлёвых абʼектаў. Пасля Украіны («А я адтуль абавязкова вярнуся!») бачыць сябе ў сферы IT. Але і зацікаўленасці палітыкаю, актывізму забываць не збіраецца. Бо не хоча, каб у Беларусі зноў узнікалі сітуацыі, калі ўладаю пачынаюць злоўжываць аўтарытарныя асобы.

Ці страшна ісці на вайну?

«Кожнаму чалавеку страшна, мяркую. Гэта натуральна. Але трэба глядзець на тое, што табе важна, а не што страшна. А важна для мяне зрабіць у сваім жыцці нешта такое, што будзе важным і для іншага чалавека. Можа быць, калі я буду там, я ўратую чыёсьці жыццё…» – гаворыць Максім Ралько.

Колькасць беларусаў, якія ідуць ваяваць за Украіну ў якасці добраахвотнікаў, увесь час расце. Паводле некаторых ацэнак, у розных падраздзяленнях ваююць ужо каля 500 беларусаў. Кожны беларус можа далучыцца да батальёну імя Кастуся Каліноўскага ці падтрымаць яго.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02
Артыкулы
«Яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь». Як працуе каардынацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых ваяваць за Украіну
2022.04.06 15:29

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў