Ці варта баяцца беларускага войска?


Украінскае войска ўважліва сочыць за рухамі беларускіх войскаў і па-ранейшаму не выключае, што беларускія ўзброеныя сілы далучацца да агрэсіі Расеі супраць Украіны, паведаміў украінскі Генштаб ПСУ. Аднак які баявы патэнцыял беларускай арміі і ці варта ўкраінцам баяцца чарговага ўдару ў спіну ад Лукашэнкі?

Украінскае войска ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю. Як паведамляе ўкраінскі Генштаб, небяспека таго, што беларускія жаўнеры далучацца да расейскага ўварвання ва Украіну, па-ранейшаму высокая. Калі не ў беларускай, то ў расейскай форме.

«Частка беларусаў адмаўляецца ваяваць супраць нашай краіны. Але цяпер ФСБ РФ і спецслужбы на тэрыторыі Беларусі ўгаворваюць беларусаў пераапрануцца ў расейскую форму і па расейскіх, умоўна кажучы, лякалах заходзіць на нашу тэрыторыю», – паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

На тэрыторыі Беларусі, як заяўляюць украінскія вайскоўцы, расейскія агрэсары рамантуюць сваю тэхніку і адсюль запускаюць беспілотнікі-разведчыкі. Зрэшты, не толькі беспілотнікі.

Жыхары Лунінца Берасцейскай вобласці апублікавалі фота меркаванага пуску ракет з размешчанага ў горадзе вайсковага аэрадрома. Расейскія вайсковыя самалёты і верталёты атакуюць Украіну не толькі з Лунінца, але з аэрадромаў у Баранавічах, Лідзе і Мачулішчах пад Менскам. Пры гэтым, як паведамляе ўкраінская армія, беларускія узброеныя сілы на ўкраінскую зямлю пакуль не ступілі. Ля мяжы, паводле СМІ, каля месяца знаходзяцца падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Беларусі. Па заявах Генштаба Беларусі, іх колькасць – каля 3,5 тысяч чалавек.

«Асноўныя тры падраздзяленні, якія больш-менш баяздольныя – гэта Брэсцкая, Мар’інагорская і Віцебская брыгады сіл спецыяльных аперацый. Гэтыя людзі больш-менш здольныя ўступіць у вайну, тым больш, што, як у Крыме, яны прывучаныя да рускіх цалкам. Там усталяваныя гарызантальныя сувязі, яны віншуюць адзін аднаго са святамі», – дзеліцца інфармацыяй Сяргей Бульба, заснавальнік беларускай арганізацыі «Белы легіён».

Праўда, агульная колькасць ССА-пераемнікаў савецкіх паветрана-дэсантных войскаў – усяго 6 тысяч байцоў. Узброеныя Сілы Беларусі налічваюць – каля 65 тысяч чалавек. Аднак вайскоўцаў, а не занятых у ахове складоў, бюракратыі або медыцыне – усяго 45 тысяч. З іх 15 тысяч – салдаты тэрміновай службы. У баявых дзеяннях беларуская армія ніколі не ўдзельнічала. Лукашэнка дэманструе яе на парадах, прыцягвае да ўборкі ўраджаю, а ў 2020-м прыцягнуў да падаўлення масавых пратэстаў. Так, жыхара Берасця Генадзя Шутава 11 жніўня 2020 года застрэліў капітан Марынагорскай брыгады ССА Раман Гаўрылаў.

Аналітыка
Вагнэраўцы і баевікі Асада. Як Расея спрабуе аднавіць людскія страты, панесеныя ва Украіне
2022.03.14 15:53

Ці пашле Лукашэнка войска ва Украіну?

«Ён усё-ткі ўбачыў, што адбылося з расейскай арміяй, якая падрыхтавана і абсталявана непараўнальна лепш, чым беларуская, мае баявы досвед. Што з імі адбылося? У беларускае войска ніхто не ўкладваў грошай усе гэтыя 30 гадоў!»- падкрэслівае былы камбрыг Берасцейскай дэсантнай брыгады Валерый Сахашчык.

Беларусь – адзіная краіна рэгіёну, якая не падвысіла выдаткі на абарону з 2014 года. Яе ваенны бюджэт сціплы – 600 мільёнаў долараў, або 1 адсотак ад ВУП. На аднаго салдата ў мінулым годзе Беларусь выдаткавала $ 15,9 тыс – гэта амаль удвая менш, чым Украіна ($24,2 тыс.) І ў тры разы менш, чым Расея ($55,8 тыс.).

Амаль уся тэхніка беларускай арміі – старэйшая за 30 гадоў. З несавецкіх навінак краіна можа пахваліцца толькі 12 верталётамі, 3 знішчальнікамі і 17 супрацьпаветранымі комплексамі «Тор», набытымі ў Расеі, а таксама 26 ракетнымі комплексамі «Паланэз», створанымі сумесна з Кітаем. Арсеналы беларускай арміі выглядаюць вялікімі: 530 танкаў, каля 1000 бронетранспарцёраў, 32 знішчальнікі.

Але за 3 тыдні вайны, як паведамляе ўкраінскі Генштаб, Расея ўжо страціла амаль 400 танкаў, 1000 бронетранспарцёраў і 77 самалётаў.

«Як мінімум у звяне жаўнераў, сяржантаў, малодшых афіцэраў большасць у вайсковых частках не згодныя ісці ваяваць, не хочуць ісці ваяваць, і нічога добрага не атрымаецца з гэтай акцыі», – мяркуе Валерый Сахашчык.

Паводле сацапытання Chatham house, удзел у вайне супраць Украіны падтрымліваюць толькі каля 3 адсоткаў беларусаў. Жыхары Беларусі штогадзіны перадаюць телеграм-каналах інфармацыю аб рухах расейскіх войскаў. Беларускія кібер-партызаны на два тыдні абцяжарылі перамяшчэнні цягнікоў. Сілавікі Лукашэнка тым часам заявілі, што за падрыхтоўку і ажыццяўленне дыверсій на чыгунцы затрымалі 8 чалавек. Ім інкрымінуюць артыкул «тэрарызм».

Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага фармуецца ў шэрагах тэрытарыяльнай абароны Кіева. Яго прадстаўнікі заяўляюць, што ў батальёне ўжо больш за 200 чалавек. Другое беларускае падраздзяленне ствараецца ў рамках інтэрнацыянальнага легіёну, які будзе ваяваць на баку УСУ.

Як паведамляе Святлана Ціханоўская, на яе просьбу Нямеччена перадасць беларускім медыкам ва Украіне мабільны шпіталь. У выніку пуцінскай агрэсіі супраць Украіны ўжо загінулі мірныя грамадзяне Беларусі. Двое дальнабойшчыкаў з Мазыра –Дзмітрый Шылец і Іван Рогаў, сталі ахвярамі авіяналёту на горад Карасцень. Раней у баі за горад Буча пад Кіевам загінуў 27-гадовы беларускі добраахвотнік Ілля Хрэнаў – пазыўны «Літвін». Другім беларускім байцом, якія загінулі за Украіну стаў 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур».

Аляксандр Папко, «Белсат»

Стужка навінаў