Лукашэнка просіць Кітай дапамагчы даць рады з санкцыямі. ЗША папярэдзілі Пекін


Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка сустрэўся з амбасадарам Кітаю ў Беларусі Се Сяў Юнам. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускага рэжыму.

Амбасадар Кітаю на сустрэчы з Лукашэнкам.
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

«У сувязі з тымі падзеямі, якія складваюцца ў нашым рэгіёне, нам трэба коратка абмеркаваць гэту сітуацыю і намеціць дадатковыя шляхі супрацы з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Пры гэтым я хачу падкрэсліць: я не настойваю на тым, каб у сувязі з тымі санкцыямі, якія ўведзеныя супраць Расеі і Беларусі, Кітай нёс нейкую адказнасць і нешта страчваў», – заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, «трэба выбудаваць і знайсці тую мадэль узаемаадносін і супрацы, якая б адпавядала інтарэсам дзвюх краін». У прыватнасці, «зараз некаторыя рэчы маюць патрэбу ў канкрэтызацыі». Лукашэнка папрасіў амбасадара «данесці гэта да кіраўніцтва, старшыні КНР для таго, каб яны больш поўна былі інфармаваныя аб нашай пазіцыі і нашых дзеяннях у гэты няпросты час».

ЗША выступілі з папярэджаннем

Між тым у Рыме 14 сакавіка мае адбыцца сустрэча паміж былым міністрам замежных справаў КНР Ян Цзе Чы, які з 2013 года адказвае ў ЦК КП Кітаю за вонкавую палітыку, і дарадцам прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам.

Напярэдадні «Financial Times» паведаміў, што Расея просіць Кітай пра вайсковую дапамогу. Амбасада Кітаю ў Вашынгтоне заявіла, што ёй нічога не вядома аб просьбе Расеі.

«Мы паведамілі Пекіну, што не будзем стаяць убаку і не дазволім якой-небудзь дзяржаве кампенсаваць Расеі страты ад эканамічных санкцый», – сказаў Саліван, піша BBC.

Чакаецца, што на сустрэчы ў Рыме бакі будуць абмяркоўваць сітуацыю ва Украіне і вакол яе.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў