Тэрмінова патрэбныя добрыя навіны з фронту

Так, становішча вельмі складанае – і на фронце, і ў побыце. Людзі стаміліся, і самае жахлівае – ніхто сёння не можа сказаць, калі ж скончыцца гэтая праклятая вайна. Ніхто не можа сказаць, калі і дзе менавіта можа адбыцца той самы эпізод вайны, які пакладзе пачатак шляху да завяршэння гэтай жудаснай катастрофы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сваякі і пабрацімы ўкраінскіх ваеннапалонных з батальёну «Азоў» трымаюць плакаты на мітынгу ў Кіеве, Украіна. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Катастрофа – гэта не толькі смерці людзей, хаця яны, вядома, найперш. Катастрофа – яшчэ і ў знішчэнні культурнай памяці народу. Бо толькі паводле дадзеных ЮНЭСКО, якая даследавала спадарожнікавыя здымкі для ацэнкі шкоды, было разбурана каля 5000 будынкаў, і сярод іх больш за 340 музеяў, храмаў, помнікаў і бібліятэкаў. Больш за ўсё ад расейскіх удараў пацярпелі два аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО – сярэднявечны цэнтр Львова і гістарычны цэнтр Адэсы.

Замежныя ваенныя эксперты і ўлады Украіны б’юць трывогу і папярэджваюць сусветную супольнасць аб недапушчальнасці прамаруджвання ў наданні Украіне паўнавартаснай дапамогі. Без яе ход вайны можа прыняць зусім негатыўныя наступствы.

На фронце становішча вельмі цяжкае. Расейскія войскі вядуць наступленне на Харкаўскім напрамку. Хоць і з цяжкасцю, і вельмі марудна, але ўсё ж рухаюцца наперад.

А што ж адбываецца ў Аўдзееўцы? Там склалася зусім крытычная сітуацыя і вельмі мала часу для таго, каб захаваць асабовы склад ЗСУ. Ніхто нават не кажа пра захаванне жыццяў расейскіх салдатаў, бо расейскім уладам абсалютна напляваць, якою цаною будзе ўзяты той ці іншы аб’ект.

Так званыя «мясныя штурмы» – звычайная практыка гэтай вайны. Вось і цяпер расейцы знаходзяцца літаральна ў кіламетры ад уезду ў горад і працягваюць перакідаць туды салдатаў з іншых пунктаў фронту. Выкарыстаўшы падземны лаз, яны прабіліся да ўкраінскай пазіцыі каля рэстарану «Царскае паляванне» на поўдні гораду.

Усё гэта робіцца з адною мэтаю: патрапіць у так званы «9-ы раён» гораду, дзе ў асноўным пяці- і дзевяціпавярховыя дамы, і замацавацца там. Тады расейскія войскі проста разрэжуць напалову ўкраінскі гарнізон. У цяжкай сітуацыі адразу ж акажуцца байцы ЗСУ, якія ўтрымліваюць тэрыторыю Аўдзееўскага коксахімічнага заводу на поўначы гораду. Шляхі паставак будуць перакрытыя. Раён знаходзіцца на ўзвышшы, і там расейцы змогуць размяшчаць дроны і артылерыю. Тады ім удасца поўнасцю кантраляваць не толькі тэрыторыю гораду, але і суседнія населеныя пункты. У такой сітуацыі ўкраінскае камандаванне мусіць пастанавіць, і як мага хутчэй, што рабіць далей: выводзіць групоўку ЗСУ з гораду ці ўзмацняць гарнізон і наносіць контрудары ў тыл расейскіх войскаў. Часу на гэта застаецца зусім няшмат.

Цяжка паверыць, што ў горадзе, на які толькі за содні войска Расеі скінула 37 авіябомбаў і зрабіла 50 абстрэлаў, знаходзяцца мірныя грамадзяне…

А ў Херсоне? Яго масіравана абстрэльваюць войскі РФ з самага рознага ўзбраення. Сёння мэр гораду заклікаў жыхароў не падыходзіць да вокнаў і старацца знаходзіцца ў сховішчах.

Здавалася б, горша няма куды, і ў такія моманты проста вельмі неабходна, каб адбылося нешта, што дасць надзею на змены да лепшага.

І вось пад раніцу літаральна за пару сотняў метраў ад берагавой лініі Крыму ў раёне Алупкі з мора прагучалі выбухі: украінскія «Magura» знішчылі вялікі дэсантны карабель «Цэзар Кунікаў». Гэты карабель выкарыстоўваўся раней падчас войнаў супраць Грузіі і Сірыі. Паспяховую аперацыю знішчэння ажыццявілі спецназаўцы «Групы 13» ГУР МА Украіны. Над месцам затаплення кружылі два верталёты. Ці выратавалі кагосьці з экіпажу, а гэта не менш за 87 асобаў, пакуль невядома. Але жыхары паўвострава паведамлялі ў ТГ-каналах, што бачылі аўтобусы, якія рухаюцца ў бок Сімферопалю, у іх маглі знаходзіцца забітыя і параненыя.

Дзень святога Валянціна ва Украіне пачаўся з радаснай навіны. З затопленага карабля больш не змогуць наносіць удары па мірных гарадах. А краіне цяпер вельмі патрэбныя радасныя навіны. Народ мусіць верыць, што перамога блізкая і што ўвесь свет на ягоным баку.

Гэта пацвердзіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Ён сказаў: «Украінцы змаглі прычыніць сур’ёзную шкоду расейскаму Чарнаморскаму флоту. І гэта вялікае дасягненне, вялікая перамога». Бо мала хто верыў, а ва ўкраінцаў атрымалася.

«Яны змаглі адціснуць расейскі Чарнаморскі флот і адкрыць [марскі] калідор, таму цяпер Украіна можа экспартаваць збожжа і іншыя тавары на сусветны рынак. Усяго некалькі месяцаў таму мала хто верыў, што гэта магчыма, але цяпер фактычна экспарт збожжа з Украіны адбываецца, нягледзячы на адсутнасць пагаднення з Расеяй. Гэта дэманструе навыкі і кампетэнтнасць украінскіх узброеных сілаў. Гэта, у першую чаргу, вынік іхных дзеянняў, іхнай вынаходлівасці, іхных навыкаў, іхнай адвагі, але, вядома, таксама важная дапамога і падтрыманне з боку саюзнікаў NATO», – сказаў Стольтэнбэрг.

Радасныя навіны з фронту – тое, чаго цяпер не стае ўсім: і ўкраінцам, і беларусам, і мільёнам іншых людзей на зямлі. Напярэдадні гадавіны поўнамаштабнага ўварвання сітуацыя абвастрылася. Цяпер вельмі важна надаваць ваенную дапамогу краіне, якая стрымлівае націск ворага. Нешта абавязкова мусіць адбыцца, каб людзі сустракалі раніцу радаснымі навінамі. І на гэта вялікая надзея.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў