Жаночы спорт даганяе мужчынскі ў колькасці атлетак і ў поспехах


Як паведаміла прадстаўніца аргкамітэту Алімпійскіх гульняў у Пекіне Ян Цзі Жун (Yang Jirong), каля 1300 жанчын выступаюць на пекінскай Алімпіядзе пры агульнай колькасці ўдзельнікаў 2880 спартоўцаў. І гэта рэкорд для зімовых Гульняў. Доля жанчын дасягнула самага высокага ўзроўню за ўвесь час галоўных стартаў чатырохгоддзя для зімнікаў і раўняецца 45 %. На першай Алімпіядзе, напрыклад, было ўсяго 11 жанчын. А на трэціх Гульнях жанчына ўпершыню стала сцяганосцам.

Адкрыццё Алімпіяды ў Пекіне.
Фота: Andrew Milligan / PA Images / Forum

Імкненне міжнародных спартовых арганізацыяў да гендарнай роўнасці прывяло да таго, што перад летнімі Гульнямі ў Токіа Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў лёсавызначальнае рашэнне: выстаўляць двух сцяганосцаў на адкрыцці Алімпіяды: мужчыну і жанчыну. Паводле МАК тая Алімпіяда стала дэбютнаю гендарна збалансаванаю з удзелам 48,8 % жанчын. А алімпійская чэмпіёнка і бронзавая прызёрка ў кулявой стральбе Анна Каракакі ( Άννα Κορακάκη) стала першаю ў гісторыі жанчынай, якая 12 сакавіка 2020 года распачала эстафету алімпійскага агню. Але яшчэ раней цалкам збалансаванымі паводле полу, сталі юнацкія Алімпійскія гульні 2018 года ў Буэнас-Айрэсе.

Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.
Фота: noc_belarus

Беларусь – акурат тая краіна, дзе жаночы спорт апярэджвае мужчынскі ў колькасці атлетак і ў поспехах на міжнароднай арэне. Больш за палову нацыянальнай каманды на Гульнях у Токіа – 2020 складалі жанчыны. Як і цяпер, на Алімпіядзе ў Пекіне. Тут было заяўлена 29 спартоўцаў з Беларусі – 16 жанчын і 13 мужчынаў. І нават пры тым, што дзве нашыя лыжніцы з прычыны станоўчых тэстаў на ковід не даехалі, усё роўна жаноцкая частка каманды пераважае. І хаця першым медалістам стаў Антон Смольскі, сёння такога ж срэбнага поспеху дасягнула фрыстайлістка Ганна Гуськова. Алімпійская чэмпіёнка Пхёнгчхангу ў адрозненне ад Смольскага не стала падпісваць «ліст Кавальчука», абурыўшыся паслявыбарчымі падзеямі ў краіне.

Hавiны
У Беларусі другі медаль Алімпіяды. Ганна Гуськова – падпісантка ліста за сумленныя выбары
2022.02.14 15:41

Аляксандр Пуціла belsat.eu

 

Стужка навінаў