У Грузіі адбыўся землятрус магнітудай 6,2 балаў. Ці можа гэта паўтарыцца і ці небяспечна там жыць?


У Грузіі позна ўвечары 13 лютага быў зафіксаваны даволі моцны для гэтай краіны землятрус. Магнітуда склала 6,2 балы ў эпіцэнтры – у раёне сяла Самеба на мяжы краёў Квема-Картлі і Самцхе-Джавахеці, што на мяжы з Арменіяй і Азербайджанам. У гэтых краінах землятрус таксама адчулі. «Белсат» паразмаўляў з архітэктарам з Батумі пра тое, наколькі будаўніцтва ў краіне адпавядае нормам сейсматрываласці.

Фота: Белсат

«Здаецца, у Грузіі трэба мець напагатове «трывожны чамаданчык»

Першы штуршок паводле Нацыянальнага цэнтру сейсмічнага маніторынгу Грузіі, быў зафіксаваны ў нядзелю 13 лютага ў 22.25 па тбіліскім часе, цягам паўгадзіны адбыліся яшчэ два штуршкі. Землятрус адчулі ў Тбілісі, Батумі і іншых гарадах Грузіі, а таксама ў Арменіі і Азербайджане.

Сур’ёзных разбурэнняў і ахвяраў у выніку землятрусу няма. У горадзе Дманісі абрынуўся мур жылога дому. Цягам некаторага часу ў эпіцэнтры і ваколіцах адсутнічала электрычнасць.

Цяпер у Грузіі жыве даволі шмат беларусаў. Паводле некаторых падлікаў, толькі ў аўтаномны рэгіён Аджарыя, сталіца якога – Батумі, цягам апошняга году прыляцелі каля 5 тысячаў беларусаў. Адразу ж пасля першага штуршка ў мясцовых чатах пачаўся абмен уражаннямі і абмеркаванні новага для беларусаў досведу – перажывання землятрусу.

У Батумі цяпер знаходзіцца нашая карэспандэнтка, і вось што яна распавяла:

– Калі ўсё пачалося, я была ў душы. Я адчула, што душавая кабінка пада мной хістаецца. Спачатку падумала, што падалося, потым – што нешта з кабінай, потым пачала думаць, што, мо, зараз страчу прытомнасць – настолькі незвычайнае і непрыемнае было адчуванне, калі зямля сыходзіць з-пад ног. Калі я заўважыла, як хістаецца вопратка на сушыльніку ручнікоў, і як едуць рэчы на паліцах, я зразумела, што адбываецца. У гэты ж момант зайшоў муж і сказаў, што ў нас землятрус.

Фота: Белсат

Мы хуценька апрануліся, апранулі дзіця і пайшлі на вуліцу. Жывем на 8 паверсе. Спускаліся па лесвіцы. Было страшна не паспець. Але мы былі не адны – склалася адчуванне, што на вуліцу выходзіў увесь пад’езд. Прычым, некаторыя жанчыны проста ў хатніх халатах выходзілі. Выносілі малых дзяцей, завярнуўшы ў коўдры.

Мы з сабой узялі толькі грошы і тэлефоны, настолькі страшна было, што не хацелася губляць час на пошук пашпартоў. Гэта цяпер я іх паклала ў шафу побач з уваходнымі дзвярыма. Карацей, здаецца, трэба мець так званы «трывожны чамаданчык».

Грузінская сейсмічная служба пачала паведамляць, што ноччу чакаюцца паўторныя штуршкі, у чатах пісалі, што як мінімум гадзіну трэба заставацца на вуліцы, але далёка ад высотных дамоў. А тут яны паўсюль. Мы пайшлі на ўзбярэжжа. Гулялі гадзіну і вырашылі вяртацца дамоў, бо было вельмі халодна. На вуліцах было даволі шмат людзей. І што вельмі кідалася ў вочы – з малымі дзецьмі ў коўдрах. Мясцовыя, з якімі мы заводзілі размовы, казалі, што гэта рэдкасць для Батумі. Хоць, у лістападзе таксама казалі пра землятрус, але тады я яго не адчула.

Заснуць я не змагла да раніцы. Вельмі трывожна гучала гэтае паведамленне пра тое, што яшчэ будуць штуршкі. Увогуле, вельмі незвычайны досвед. Але, здаецца, і да гэтага трэба прызвычайвацца, і вучыцца жыць у сейсмаактыўнай зоне.

Адстаўка за каментар пра землятрус і праблемныя дамы

Сваім уражаннем падзялілася таксама яшчэ адна беларуская журналістка, якая з мінулага году жыве ў Батумі Вольга:

– У нас землятрус. Я была ў кухні, калі гэта пачалося, шынкавала гародніну, калі адчула, што перада мной пачала плыць стальніца. Адчуванні былі як перад тым, калі страчваеш прытомнасць. Здавалася, што вельмі кружыцца галава.

Трымаюся за кухню мацней. Разумею, што адбываецца нешта не тое. Адчуваю нібы штуршкі ад кухні. На столі хістаюцца люстры. Так я ўпершыню адчула землятрус у Грузіі.

Фота: Белсат

Дачцэ прыйшло паведамленне ад сяброўкі, што ў суседнім доме на 11 паверсе хадзіў хадуном дом.

Апрануліся з дачкой, узяла ноўт, пашпарты і грошы. Выйшлі на вуліцу. Там было шмат такіх, як мы. Мы шмат размаўлялі з імі. Страшна і непрыемна.

Акрамя ўражанняў уласна ад землятрусу ў чатах беларусаў Грузіі і агулам экспатаў пачалі з’яўляцца пытанні пра тое, наколькі бяспечна жыць цяпер у прыватнасці ў Батумі, які цягам апошняга дзесяцігоддзя перажывае бум высотнага будаўніцтва. Зрэшты, бяспека дамоў у Батумі стала хваляваць гараджанаў не цяпер – пытанне востра абмяркоўвалася пасля абрынання часткі дому 8 кастрычніка, падчас якога загінулі 9 чалавек. Прычынай катастрофы стаў знос дзвюх апорных муроў на першым паверсе падчас рамонту.

Пасля гэтага інцыдэнту былі менш сур’ёзныя выпадкі – у Батумі абрынулася сцяна дому, але ніхто, на шчасце не пацярпеў, у Тбілісі – стары дом, які к таму моманту ўжо быў адселены.

Пасля землятрусу дырэктар батумскага спартыўнага моладзевага цэнтру Тэмо Хасіа напісаў у сябе ў Фэйсбуку: «Яшчэ адзін штуршок і праблема аварыйных дамоў будзе вырашаная». У адказ на пост пачалася хваля крытыкі, звязаная з тым, што ў памяці жыхароў Батумі яшчэ вельмі жывыя ўспаміны пра абрынанне дому ў кастрычніку. Хасіа выдаліў гэты пост і напісаў, што сыходзіць у адстаўку. Меркаванні каментатараў у выніку падзяліліся – некаторыя далей пісалі, што жарт Хасіа быў цынічным і недарэчным, іншыя – што ён падняў актуальную для Грузіі праблему – аварыйных дамоў і ўвогуле адпаведнасці будаўніцтва сейсмічнай небяспецы рэгіёну.

Ці небяспечныя новабуды ў Грузіі?

Грузія знаходзіцца паміж двума горнымі ланцугамі Вялікага Каўказу на поўначы і Малога Каўказу на поўдні. Лічыцца, што тут сярэдняя сейсмічная актыўнасць. Самы магутны землятрус, зафіксаваны на Каўказе, меў магнітуду 7 балаў, і адбыўся ў 1991 годзе ў мясцовасці Рача і Імерэтыі. Гэта Заходняя Грузія, на поўначы ад Батумі. У выніку землятрусу загінулі 270 чалавек, 100 тысячаў засталіся без даху над галавой, былі зруйнаваныя 46 тысячаў дамоў.

«Белсат» папрасіў пракаментаваць якасць будоўлі і агулам асаблівасці будаўнічай сферы ў Грузіі архітэктара, выкладчыка архітэктуры ў Батумскім універсітэце мастацтваў Гіоргі Рамішвілі.

Паводле спадара Гіоргі, Грузія – сапраўды рэгіён з даволі высокай сейсмічнай актыўнасцю, рызыка землятрусаў указваецца як 7-8 балаў. Паводле закону, гэта павінна быць закладзена ў праект. Аднак апошнія гадоў 30 на гэта не вельмі звяртаюць увагу ў тым сэнсе, што гэта не правяраецца дзяржавай.

– Гэта аддалі на сумленне і кантроль замоўцаў і выканаўцаў. Адказнасць мусяць несці выканаўца канструктыўнай часткі і эксперт, – кажа архітэктар. – Аднак гэта не кантралюецца дзяржавай. Канструктыўная частка часта нават не прыкладаецца да праекту, які аддаецца на ўзгадненне. І гэта датычыць не толькі сейсмічнай устойлівасці, але і праводкі электрычнасці, напрыклад. У 1990-х гадах паўстала пытанне, навошта прыкладаць да пакету на ўзгадненне каштарысную дакументацыю, калі дзяржавы гэта не датычыць? Правільна гэта ці не – гэта ўжо больш палітычнае пытанне.

Фота: Белсат

Эксперт распавядае, што з 1997 да 2005 году ў Грузіі існаваў механізм ліцэнзавання архітэктурных бюро. Цяпер ні ліцэнзія, ні сертыфікат ні архітэктурным арганізацыям, ні архітэктарам – фізічным асобам не патрэбныя. Няма нават розніцы, якую ступень мае архітэктар – бакалаўра ці магістра. Аднак у бліжэйшыя гады хочуць увесці сертыфікацыю, а таксама забараніць архітэктару са ступенню бакалаўра самастойна весці праектную дакументацыю – гэта зможа рабіць толькі магістр, кажа спадар Рамішвілі. Таксама ён распавёў, што ў Грузіі і сертыфікацыя будаўнічы матэрыялаў добраахвотная.

Адначасова наш суразмоўца зазначае, што ён не бачыць моцных падставаў хвалявацца ці ўпадаць у паніку наконт грузінскага будаўніцтва – з досведу спадара Георгі замоўцы і забудоўшчыкі ўсё ж стараюцца прытрымлівацца нормаў і ўлічваць асаблівасці рэгіёну.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў