Вынікі пошуку для:

Назвала вырак «смяротным прысудам». Гісторыя 69-гадовай Галіны Міхальчук, якой прысудзілі турму за камэнтары

Маму беларускага музыкі і айцішніка Уладзіміра Вяселіка судзілі двойчы. У кастрычніку 2021 года пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі» (арт. 369 КК), а 7 лютага 2022-га прысудзілі да двух з паловай гадоў калоніі. Спадарыні Галіне – 69 гадоў. Цяпер яна – за кратамі СІЗА-6 у Баранавічах. Уладзімір просіць падтрымаць маму і падзяліцца яе гісторыяй з іншымі.

Галіна Міхальчук. Фота з сямейнага архіву

«Я магу шмат цёплых словаў пра маму казаць, як і кожны сын пра сваю. Але ў мяне ёсць шмат сяброў, якія яе ведаюць. І ўсе кажуць, што яна проста выдатны чалавек, вельмі добры і чуллівы, што вельмі востра перажывае пакуты і боль іншых людзей», – распавядае Уладзімір Вяселік.

«Павезлі маму на машыне без нумароў»

Менавіта так – востра і эмацыйна – успрыняла жыхарка Ваўкавыску Галіна Міхальчук падзеі 2020 года ў Беларусі. Паведамленні пра гвалт супрацоўнікаў МУС у дачыненні мірных беларусаў каментавала ў інтэрнэце таксама на эмоцыях. Асабліва пасля таго, як сына Уладзіміра ў верасні 2020 года таксама кінулі на трое содняў на Акрэсціна. Прайшлася хвосткім словам і па «верхавіне»: назвала забойцу забойцам.

Сын кажа, што ў сям’і ніхто не ведаў, што мама актыўна піша ў тэлеграм-канале «Волковыск для жизни». Таму першае яе затрыманне сталася сапраўдным шокам для сямʼі. Першы раз па жанчыну прыехалі ў чэрвені 2021-га.

«Маму затрымалі летам, яна была на лецішчы і працавала ў гародзе, тата быў на працы. І пасля працы суседзі яму сказалі, што прыязджалі нейкія людзі і павезлі маму на машыне без нумароў. І ўсё», – расказвае Уладзімір.

Аказалася, спадарыню Галіну павезлі з Ваўкавыску ў Менск. Уладзімір кажа, што шукалі маці ва ўсіх менскіх РАУСах. Толькі ўвечары ім паведамілі, што яе трымалі ў Следчым камітэце. Пасля допыту адпусцілі, сканфіскаваўшы тэлефон. І завялі на пенсіянерку крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). На судзе жанчыну прызналі вінаватай і асудзілі на два гады «хатняй хіміі».

Але на гэтым не спыніліся.

Назвала вырак «смяротным прысудам»

Другі раз Галіну Міхальчук затрымалі 21 верасня 2021 года, але пасля ператрусу і допыту – не адпусцілі. Кінулі на два месяцы ў гарадзенскі СІЗА і распачалі супраць яе новую крымінальную справу. Зноў – за каментары. Сын Уладзімір кажа, што, паводле адвакаткі маці, гэтыя дзве справы – «менскую» і «гарадзенскую» – мусілі б абʼяднаць у адну і судзіць адзін раз. Але было ўжо зусім «не да законаў». Намаганнямі адвакаткі спадарыню Галіну ўдалося выцягнуць 21 лістапада з гарадзенскага следчага ізалятару.

Суд уа новай справе адбыўся тыдзень таму – 7 лютага 2022 года. 69-гадовую Галіну Міхальчук прызналі вінаватай аж паводле трох крымінальных артыкулаў – у паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369).

Паводле «Вясны», ёй паставілі ў віну «адчуванне нянавісці да рэжыму» і прысудзілі, з улікам папярэдняга выраку, да двух з паловай гадоў калоніі. У апошнім слове Галіна Іванаўна назвала такое рашэнне «смяротным прысудам» для сябе. Ужо на наступны дзень праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.

«Ніколі проста так не здаецца і не вешае носу»

«Сутнасць у тым, што мама пісала тыя каментары паўтара года таму і на моцных эмоцыях. Стрэсам для яе было і тое, што я таксама трапіў на трое содняў на Акрэсціна. І падчас следства яна нават не помніла, што пісала іх. Яна проста не помніла пра гэта! На судзе выказала шчырыя шкадаванні, што, магчыма, кагосьці абразіла», – расказвае сын асуджанай.

Галіну Міхальчук узялі пад варту проста ў зале суда. Паводле сына, яна ўтрымліваецца цяпер у следчым ізалятары Баранавічаў (СІЗА-6).

Уладзімір кажа, што інфармацыі з-за кратаў пакуль вобмаль. У сераду 16 лютага ягоную маму мае наведаць адвакатка. Жанчына збіраецца абскардзіць прысуд. У адзіным лісце, які дайшоў з СІЗА, Галіна супакойвае блізкіх, маўляў, усё нармальна. Але, як кажа Уладзімір, палова ліста была замазаная цэнзарам.

Галіна Міхальчук. Фота з сямейнага архіву.

«Мама – гіпертонік. У яе пастаянныя праблемы з высокім ціскам. На волі яна штодзень піла лекі. Так што са здароўем усё не вельмі добра. Патрабуецца сталы нагляд лекара, і цяпер гэтага не будзе. Хутчэй за ўсё, піша, што ўсё нармальна, проста каб мы не перажывалі», – мяркуе Уладзімір.

Ён кажа, што ягоная маці «ніколі проста так не здаецца і не вешае носу» – яна вельмі моцная і жыццярадасная.

Мама музыкаў

Галіна Міхальчук нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Ваўкавыску. Працавала на мясцовай чыгунцы – афармляла дакументы на тавары, рабіла справаздачы. У маладосці шмат вандравала.

Сын расказвае, што маці вельмі любіць музыку – сама грае на домры і гітары, мае вялікую калекцыю кружэлак. Менавіта яна прывіла любоў да музыкі і сыну, які стаў піяністам. Хоць, як прызнаецца Уладзімір, бацька, вядомы ў горадзе лекар-рэнтгенолаг Раман Вяселік (у 78 гадоў працягвае працаваць), марыў, што сын стане хірургам.

Дарэчы, сястра Уладзіміра Вольга – скрыпачка Дубайскага аркестру. Таксама – дзякуючы маме.

Уладзімір Вяселік з маці і бацькам. Фота з сямейнага архіву.

«Мама верыць у людзей і ў тое, што людзі маюць дапамагаць адзін аднаму. Для яе гэта найважнейшы прынцып. Яна і на судзе казала, што калі яе пазбавяць волі, то без дагляду застанецца амаль невідушчая цёця Лена, у вёску да якой яна дабіралася паўдня на аўтобусе, і бабуля ў Ваўкавыску…

Ведаеце, яна заўсёды падбірала беспрытульных катоў. І цяпер са мной у Варшаве жывуць дзве коткі, якіх мама знайшла летам 2020 года. Відаць, гэта таксама перадаецца ў спадчыну», – кажа Уладзімір Вяселік.

Уладзімір быў вымушаны зʼехаць з краіны ў верасні 2021 года, калі так званыя органы пачалі цікавіцца не толькі маці, але і сынам. Ён прызнаецца, што не чакаў такога жорсткага прысуду для маці і просіць беларусаў падтрымаць яе.

«Грошы цяпер – не асноўная мэта»

13 лютага сын палітзняволенай Галіны Міхальчук абвясціў прыватны збор грошай у «Інстаграме», каб пакрыць выдаткі на адваката і пагасіць судовыя пазовы так званых «пацярпелых» – ваўкавыскіх міліцыянтаў і амапаўцаў (агулам у якасці кампенсацыі маральнай шкоды запатрабавалі 5000 рублёў).

«Адчуў вельмі вялікую падтрымку – у мяне вельмі класныя сябры. Але пісалі і зусім незнаёмыя людзі, адгукнуліся і тыя, хто гатовы дапамагчы з перадачамі маме. Збор атрымаўся дастаткова паспяховы. І грошы цяпер – не асноўная мэта. Проста хачу, каб інфармацыя пра маю маму распаўсюдзілася як мага шырэй.

Бо сапраўднае злачынства – гэта не тое, што на эмоцыях зрабіла мая мама, а тое, што дзяржава кідае ў турму ні ў чым не вінаватую жанчыну, якой сёлета споўніцца 70 гадоў…» – гаворыць сын палітзняволенай.

Падтрымаць адважную жанчыну з Ваўкавыску можна, напісаўшы ёй ліст на адрас:

  • Галіне Іванаўне Міхальчук, СІЗА № 6, Берасцейская 258 В, 225413 Баранавічы

Падтрымаць сямʼю матэрыяльна можна грашовым пераводам:

  • на польскі рахунак: PL67 1090 1030 0000 0001 4905 9672
  • на карту «Тинькофф» (Расея), нумар карты: 5536 9140 4479 9215 (Владимир В).

Слова як злачынства. Чаму рэжым так жорстка карае каментатараў у інтэрнэце

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны