14 лютага ў расейскім Санкт-Пецярбургу аднавіліся каталіцкія імшы па-беларуску.
Першая за доўгі час беларускамоўная імша прайшла ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі – у капліцы бласлаўлёнага Тэафілюса Матулёніса, які ў 1928–1943 гадах быў дапаможным біскупам Магілёўскім.
Служыў яе пробашч касцёлу Януш Прусіноўскі, які раней пэўны час нёс служэнне ў беларускім Сянно і з тых часоў ведае беларускую мову. З ініцыятывай служэння імшы па-беларуску выступілі мясцовыя беларусы. Ладзілі набажэнства з дапаможнікам, выдадзеным у Санкт-Пецярбургу ў 2006 годзе, калі ў парафіі працаваў семінарыст з Беларусі, будучы ксёндз Сяргей Сурыновіч.
Падчас службы ўшанавалі памяць Тарэсы Шырмы, якая брала актыўны ўдзел у жыцці парафіі, выдавала па-беларуску газету «Krynica» і вяла праграмы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё «Марыя», а пасля жніўня 2020 года рэгулярна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту каля консульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. Яна памерла 5 лютага.
Служыць імшу па-беларуску плануецца кожную другую нядзелю. Сёння ў ёй узялі ўдзел каля 20 чалавек.
МГ belsat.eu