Беларусу, які жыве ў Польшчы 16 гадоў, пагражае дэпартацыя. Яго палічылі «пагрозаю нацбяспецы»


Беларусу Паўлу Юшкевічу далі адзін месяц на тое, каб пакінуць Польшчу. У гэтай краіне ён жыве 16 гадоў, пераехаўшы з Гарадзеншчыны ў 17-гадовым узросце. Мужчыну палічылі пагрозаю нацыянальнай бяспецы, ягоны дазвол на жыхарства анулявалі і загадалі з’ехаць, піша выданне «Nowości Dziennik Toruński».

Павел Юшкевіч.
Фота: «Nowości Dziennik Toruński» / nowosci.com.pl

Павел Юшкевіч эміграваў у Польшчу адразу, як скончыў школу ў Гарадзенскай вобласці. У суседняй краіне ён атрымаў вышэйшую адукацыю, у 2011 годзе яго нават прызналі найлепшым замежным студэнтам.

У 2008 годзе ён, як піша «Nowości Dziennik Toruński», без праблемаў атрымаў дазвол на жыхарства, а ў 2012-м падаўся на польскае грамадзянства. Аднак яму адмовілі, бо Агенцтва ўнутранай бяспекі палічыла беларуса «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». У такіх выпадках спецслужба не тлумачыць, чаму прымае адпаведнае рашэнне: даведацца, якую менавіта небяспеку ўяўляе мужчына, немагчыма.

Яшчэ тады Юшкевічу пагражала дэпартацыя, аднак гэтую пастанову ўдалося аспрэчыць. І вось цяпер на падставе таго даўнішняга рашэння Агенцтва ўнутранай бяспекі мужчыну пазбавілі дазволу на жыхарства і далі адзін месяц на выезд.

Hавiны
З Літвы выслалі беларуса, які 17 гадоў пражыў у краіне: ён некалі служыў у войску
2023.12.05 11:31

Торунскае выданне адзначае, што Юшкевіч дапамагаў беларусам, якія ўцякалі ў Польшчу ад пераследу на радзіме, яму «давярае Святлана Ціханоўская, у ім не сумняваюцца і актывісты, якія гадамі маюць з ім супрацу». Сам ён казаў пра гатовасць прайсці паліграф.

За беларуса ўступіўся старшыня Торунскай гарадской рады Марцін Чыжнеўскі, ён звярнуўся да куяўска-паморскага ваяводы з просьбаю прыняць захады для перадухілення дэпартацыі Юшкевіча з Польшчы.

«Павел, беларус, які жыве ў Польшчы з 17 гадоў, не можа атрымаць польскага грамадзянства праз сакрэтную пастанову Агенцтва ўнутранай бяспекі, якая, я цалкам перакананы, ёсць вынікам правакацыі рэжыму Лукашэнкі. Я асабіста знаёмы з Паўлам і ручаюся за ягоную вернасць і адданасць Польшчы, а таксама за ягоную прыхільнасць да беларускіх дысідэнтаў. Я спадзяюся, што яго ўдасца выратаваць ад наступстваў гэтага кафкіянскага рашэння, якое азначае не толькі дэпартацыю, але і турэмнае зняволенне ў Беларусі», – напісаў Чыжнеўскі ў сваім Facebook.

Гісторыі
«Няма поўнага разумення, што ў нас адбываецца». Чаму Швецыя адмаўляе беларусам у прытулку
2023.06.12 07:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў