Патаемныя думкі кіраўніка Беларусі паводле «Рэпарцёраў без межаў»


Аляксандр Лукашэнка рэгулярна трапляе ў спіс ворагаў свабоды інфармацыі, што складае міжнародная праваабарончая арганізацыя. Разам у гэтым спісе – 40 фігурантаў, у асноўным гэта кіраўнікі краінаў. «Рэпарцёраў без межаў» апублікавала асобнае эсэ ў дачыненні кожнага з «ворагаў», у якім спрабуюць раскрыць патаемныя іхныя думкі, у тым ліку – думкі Аляксандра Лукашэнкі.

Апроч кіраўніка Беларусі, у спіс «ворагаў» трапілі і ягоныя хаўруснікі – Уладзімір Пуцін ды Ільхам Аліеў. Прапаноўваем вашай увазе пераклад эсэ «Патаемныя думкі Аляксандра Лукашэнкі».

«Лепш быць дыктатарам, чымся геем! З дапамогаю гэтага каментара, думаю, дакладна даў зразумець, кім я ёсць, міністру замежных справаў Нямеччыны Ґіда Вэстэрвэле, які ўвесь час скардзіцца, што мая краіна – «апошняя дыктатура Еўропы». Калі гэтыя дурні ў Бруселі і дзе-кольвек яшчэ мяркуюць, што могуць змусіць мяне аслабіць рэпрэсіі ці распачаць «адлігу», то яны вельмі моцна памыляюцца. Вецер «арабскай вясны» спыніцца на беларускай мяжы.

Я кірую Беларуссю амаль 20 гадоў і не маю намеру нікому перадаваць стырно. Мне падабаецца, што мая краіна пераўтварылася ў гэткі «Юрскі парк савецкага перыяду». У той час, як мае калегі пераймаюцца нейкімі зменамі, я ганаруся, што захаваў КДБ без зменаў, нават назву.

Колькі тысяч пратэстоўцаў, што збіраліся ў буйных гарадах у снежні 2010-га і ўлетку 2011-га, не змусяць мяне распачаць новую эру. І тым больш журналісты – толькі за 2011 год у мяне іх зазналі пераслед прыблізна сотні, прыкладна 30 з іх трапілі пад арышт. Спецназаўцы іх трошку збілі, каб навучыць, як сябе трэба паводзіць.

Гэтым разумнікам неабходны інтэрнэт, каб яны маглі распаўсюджваць сваю прапаганду, але мы зрабілі ўсё неабходнае, каб узяць інтэрнэт пад кантроль. Доступ да незалежных навінных сайтаў рэгулярна блакуецца, карыстальнікі – пад кантролем, апазіцыйныя групы ў сацсетках – разбітыя. З 2010 года наведнікаў інтэрнэт-кавярняў і тых, хто выкарыстоўвае агульнадаступныя падключэнні, могуць дакладна вызначыць. І што найлепш – ўэб-кантэнт пад кантролем майго Аналітычнага цэнтру, які падпарадкоўваецца непасрэдна мне. Я люблю шпіёніць за сваймі грамадзянамі і пастаўлю на месца кожнага, хто пераступіць рысу дазволенага.

Наталля Радзіна, рэдактарка «Хартыі’97», была вымушаная збегчы з краіны, Ірыну Халіп, якая працуе з ненармальнымі расейцамі з «Новай газеты» вызвалілі, але яна пад хатнім арыштам.

Але, нягледзячы на мае намаганні, зашмат пісакаў сунуць нос не ў свае справы ды пішуць пра тое, што адбываецца насамрэч. Нацыянальныя выданні абкладзеныя штрафамі, у рэгіёнах рэгулярна сканфіскоўваюцца наклады. Але гэта няважна. Гэтыя шалёныя сабакі ўсё роўна падрываюць аўтарытэт – мой і маёй улады, ганяць гонар краіны. Я меў рацыю, калі ў 2002 годзе сказаў, што медыі – самае магутная зброя масавага знішчэння нашай эпохі. Хоць я і раблю стаўку на вобраз у стылі сацрэалізму (усмешлівыя твары на плакатах, урадлівыя палі жыта, сцягі, што лунаюць на ветры), яны псуюць усё, калі кажуць пра эканамічны крызіс, выбухі і народнае незадавальненне. Мне не падабаецца, калі мае мары разбураюцца праз штосьці такое».

МЛ, паводле rsf.org

Стужка навінаў