Затрыманыя на «Чарнобыльскім шляху–2013»: каго адпусцілі, каго – у суд?


З 15 затрыманых падчас дазволенай гарадскімі ўладамі акцыі ў Менску адпусцілі шасцярых.

Учора ў Менску прайшла штогадовая акцыя «Чарнобыльскі шлях». Онлайн-рэпартаж чытайце тут.

Паводле інфармацыі праваабарончага сайту spring96.org, былі затрыманыя журналісткі газеты «Наша ніва» Аксана Рудовіч і Ірына Арахоўская. Дзяўчаты здымалі, які збіваюць анархіста Ігара Трухановіча. Усіх траіх даставілі ў Савецкае РУУС сталіцы. Па нейкім часе журналістак адпусцілі, а актывіста перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Яшчэ да пачатку «Чарнобыльскага шляху» ў Менску затрымалі эколага Ірыну Сухій і актывістаў Вольгу Канавалаву (у ранейшых паведамленнях яна фігуравала пад дзявочым прозвішчам Каскевіч), Васіля Сінюхіна і Канстанціна Кірыленку. Іх даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе пратрымалі тры гадзіны, каб яны не змаглі трапіць на акцыю, а пасля адпусцілі.

Пасля заканчэння маніфестацыі былі затрыманыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Тарнагурскі ды Дзмітрый Чарняк, а таксама ўдзельнікі акцыі Алена Вітко, Ян Мельнікаў, Іна Казлоўская і дзяўчына Насця (яе прозвішча пакуль невядомае). Іх даставілі ў Савецкае РУУС.

Таксама пасля акцыі затрымалі журналістаў Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча – чальцоў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Спачатку іх даставілі ў Савецкае РУУС, а затым перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

Суды над затрыманымі пройдуць у панядзелак, 29 красавіка.

Сёлета галоўным патрабаваннем «Чарнобыльскага шляху» стала адмова ад будавання Астравецкай атамнай электрастанцыі.

АК, паводле belapan.com

Стужка навінаў