Яраслаў Раманчук: Я не веру ў магчымасці эканамічных санкцыяў


Экс-кандыдат на прэзідэнта лічыць увядзенне эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі шкоднымі.

„Я не веру ў магчымасці эканамічных санкцыяў, больш за тое, я лічу, што яны шкодныя, бо ў сітуацыі, калі Беларусь мае больш за 40% экспарту з Расеі, калі Расея дае крэдыты, субсідуе ў выглядзе танных нафты і газу, калі яна гатовая абараняць Беларусь у Еўразвязе, у тым ліку ў Нямеччыне, такога кшталту размовы пра эканамічныя санкцыі – гэта палітычнае забойства тых людзей, што будуць за іх выступаць”, – заявіў Яраслаў Раманчук ў інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”. На ягоную думку, такія захады не могуць прывесці ані да дэмакратызацыі, ані да пачатку канструктыўнага дыялогу ўнутры краіны.

Экс-кандыдат на прэзідэнта таксама сумняецца ў эфектыўнасці санкцыяў у дачыненні шэрагу беларускіх чыноўнікаў. „Слова „санкцыі” мае такое грознае значэнне, але насамрэч гаворка ідзе аб тым, каб не дазволіць пэўнай колькасці чыноўнікаў выязджаць у краіны Еўразвязу і трымаць там грошы. Я думаю, што сярод тых людзей, якія ў гэты спіс трапяць, няма ідыётаў, якія б адкрыта трымалі грошы ў Еўразвязе”, – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў