Расейцы амаль захапілі Мар’інку. Чым гэта пагражае ЗСУ?


«Белсат» падводзіць вынікі 658-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

БМП Узброеных сіл Украіны едзе па палігону. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны захоўваецца ўмераная актыўнасць абодвух бакоў канфлікту.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё васьмі атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Іванаўка ў Харкаўскай вобласці, і дзвюх – каля Макееўкі ў Луганскай.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра няўдалыя атакі ўкраінцаў каля Сынькоўкі, Іванаўкі, Ягаднага, Возера Ліман на Харкаўшчыне, а таксама каля і Дзібровы на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што каля Іванаўкі расейцы вярнулі раней страчаныя пазіцыі. Агулам на гэтым участку фронту пазіцыі часцяком пераходзяць з рук у рукі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі. Ва ўкраінскім камандаванні пішуць пра пяць безвыніковых атак каля сёлаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ узялі пад кантроль участак дарогі Грыгораўка – Багданаўка.

У Deepstate фіксуюць поспех расейцаў на поўдні ад бахмуцкіх лецішчаў. Таксама аналітыкі адзначаюць працяў баёў за вышыню 215,7 метра каля Клішчыеўкі. Пакуль гэты ўчастак фронту застаецца за ЗСУ.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая інтэнсіўнасць расейскіх атак зафіксаваная на аўдзееўскім кірунку. Паводле Генштабу ЗСУ, тут толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 51 атаку праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Стэпавое, Аўдзееўка, Севернае, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Пры гэтым у самой Аўдзееўцы расейцы паступова прасоўваюцца: пад іхны кантроль цалкам перайшла прамысловая зона на поўдні горада, адпаведна цяпер УС РФ займаюць пазіцыі на вышыні адносна жылых раёнаў Аўдзееўскі, што робіць яшчэ больш уразлівым становішча ўкраінцаў.

«Два майора» фіксуюць замацаванне войскаў РФ у каля катэджнага пасёлку «Вінаграднікі» побач з прамысловай зонай.

Больш удала для расейцаў ідуць баі на суседнім мар’інскім кірунку.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць пераход пад поўны кантроль войскаў РФ поўдня гораду Мар’інка, адпаведна, за ўкраінцамі застаецца толькі паўночна-заходняя частка гораду за вадасховішчам.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што цяпер расейцы наступаюць уздоўж вуліцаў Івана Франко і Парыжскай камуны, але далейшае прасоўванне без кантролю над суседнімі вышынямі (на поўначы ад гораду) пагражае вялізнымі стратамі.

Пры гэтым ЗСУ вывелі свае асноўныя сілы на запасныя рубяжы абароны ў населены пункт Георгіеўка (на захадзе ад Мар’інкі) і замініравалі подступы да яго.

Канал «Два майора» мяркуе, што поспех расейцаў у  Мар’інцы дае ім магчымасць прасоўвацца ў бок Пабеды і Новаміхайлаўкі, а далей – на Вуглядар з поўначы, паколькі захапіць апошні горад з поўдня складана праз асаблівасці рэльефу.

Аналітыкі Deepstate пішуць, што УС РФ ужо крыху прасунуліся на поўначы ад Новаміхайлаўкі.

Аб’ектыў
Зяленскі просіць у ЗША дапамогі
2023.12.12 20:54

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Украіны расейцы цягам содняў правялі восем атак каля населеных пунктаў Прыютнае, Вэрбовае і Работына ў Запарожскай вобласці, але, паводле Генштабу ЗСУ, поспеху не дасягнулі.

Разам з тым у Deepstate адзначаюць частковы поспех войскаў РФ на поўдні і захадзе ад Работына.

Самыя ЗСУ атакавалі каля суседняга сяла Навапрокапаўка, але лінія фронту засталася нязменнай.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што ўкраінскія вайскоўцы перайшлі ў абарону на выступе з поўдня ад гораду Арэхаў.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку працягваюцца баі каля сяла Крынкі на левым беразе Дняпра.

«Рыбарь» піша, што ў ноч на 13 снежня Узброеныя сілы РФ атакавалі пазіцыі праціўніка на поўдні ад Крынак, а таксама на ўсходзе самога сяла, у выніку чаго ЗСУ былі вымушаныя адысці ўглыб населенага пункту.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў