Гістарычны цэнтр Менску зменяць у 2024 годзе


У беларускай сталіцы хочуць змяніць аблічча гістарычнага цэнтру. Мэта – папрацаваць над паляпшэннем турыстычнага патэнцыялу і прыцягнуць яшчэ больш гасцей, пішуць «Менск-Навіны».

Верхні горад. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Так, на вуліцы Ракаўскай, недалёка ад Нямігі, ужо праз тры месяцы пачне працаваць цэнтр керамікі. Цяпер там ідуць фінальныя аддзелачныя работы. У новым месцы абяцаюць праводзіць майстар-класы для ўсіх ахвочых.

Кошт задавальнення, як і графік працы, пакуль невядомы. Таксама тут можна будзе набыць і гатовыя вырабы.

Усё ў тым жа гістарычным цэнтры з траўня па верасень 2024 года гарадскія ўлады плануюць правесці пленэр скульптараў. Удзельнікі – студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Паводле слоў дырэктара прадпрыемства «Менская спадчына», тут будуць ствараць кампазіцыі, якія пасля можна ўстанавіць ва ўсіх раёнах вялікага гораду.

Таксама на праспекце Пераможцаў, 2, па дарозе да Палаца спорту, павінен з’явіцца макет «Менскае замчышча». Форму і выкананне яшчэ трэба вызначыць – зараз абʼявілі конкурс на лепшы эскіз.

Акрамя таго, у раёне Нямігі і Кастрычніцкай плошчы хочуць пашырыць плошчу ілюмінацыі, стварыць фальклорны цэнтр, арганізаваць лазерныя паказы на фасадах знакавых пабудоў і павялічыць колькасць паказальнікаў.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў