За стварэнне аб'яднання «Паспалітае рушэнне» заведзена крымінальная справа. Па ёй правяраюць больш за 200 чалавек


Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу праз стварэнне ў Польшчы і Літве фармавання «Паспалітае рушэнне» і структурных падраздзяленняў – «харугваў», якія ўваходзяць у яго, паведамляе прэс-служба МУС.

Прадстаўнікі «Паспалітага рушэння».
Фота: anb_belarus/Telegram

У СК заяўляюць, што «Паспалітае рушэнне» сумесна з Аб’яднаным пераходным кабінетам, BYPOL і планам «Перамога» вядзе працу па «арганізацыі замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку» Беларусі.

Таксама следчымі ўзбуджаны крымінальныя справы за стварэнне фармавання супраць Валерыя Сахашчыка, Святланы Ціханоўскай, Аляксандра Азарава і «іншых асоб». Цяпер сілавікі правяраюць больш за 200 чалавек з ліку беларускіх дыяспар за мяжой. Таксама следчымі вядзецца праца па ўстанаўленні сярод дыяспар людзей, якія маюць дачыненне да іншых ініцыятыў, унесеных у спіс «экстрэмісцкіх». Іх шукаюць у тым ліку па «лічбавых слядах у інтэрнэце».

Па матэрыялах справы, нібыта ў фармаванні «Паспалітае рушэнне» плануецца «падрыхтоўка ўдзельнікаў фармавання з ліку збеглых злачынцаў, прадстаўнікоў дыяспар і студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, павінны вярнуцца ў Беларусь пад добрапрыстойнымі падставамі. Гэтую арганізацыю плануецца выкарыстоўваць у тым ліку для дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры краіны ў перыяд правядзення электаральных кампаній 2024-2025 гадоў».

У МУС заявілі, што пры вяртанні «названых асоб у Рэспубліку Беларусь будуць прыняты вычарпальныя меры па кваліфікацыі іх дзеянняў».

Нагадаем, Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, абвясціў 30 верасня аб стварэнні «Паспалітага рушэння», каб аб’яднаць беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі. Гэта не вайсковая, а спартова-адукацыйная арганізацыя, але сярод іншага яна збіраецца адраджаць беларускія вайсковыя традыцыі. Харугвы рушэння ствараюцца толькі за межамі Беларусі.

Чытайце па тэме:

Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў