Павел Латушка: Алейнік – гэта асоба адданая сістэме і асабіста Лукашэнку


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні міністрам замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка. Дыпламат працуе ў міністэрстве з 1992 году. Раней кіраваў прадстаўніцтвам Беларусі ў Гаазе, быў паслом у Ватыкане і Вялікай Брытаніі. Падчас прызначэння Лукашэнка сказаў яму: «Будзе нялёгка».

Новы міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.
Фота: БелТА

Пасада міністра замежных справаў заставалася вакантнай з дня смерці Уладзіміра Макея. Былы кіраўнік ведамства памёр 26 лістапада. 13 снежня самаабвешчаны кіраўнік Беларусі прызначыў Сяргея Алейніка кіраўніком МЗС.

Сяргею Алейніку 57 гадоў. У МЗС ён працуе з 1992 года. У розныя часы кіраваў прадстаўніцтвам Беларусі ў Гаазе, быў паслом у Ватыкане і Вялікай Брытаніі.

Павел Мацкевіч, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і былы дыпламат адрэагаваў на прызначэнне ў сваім Telegram-канале. Былы працаўнік МЗС нагадаў, што вонкавую палітыку ў Беларусі вызначаюць зусім не ў міністэрстве замежных справаў.

«Вонкавая палітыка ў Беларусі вызначаецца адным чалавекам па прозвішчы, якое многія хацелі б даўно забыць. Роля міністра замежных спраў зводзіцца да малога – быць яе правадніком, але ёсць нюансы, а д’ябал, як вядома, у дробязях. Нават самую крывую лінію партыі можна гнуць па-рознаму», – піша Павел Мацкевіч.

У якасці прыкладу такіх загадаў былы дыпламат узгадвае патрабаванні Лукашэнкі разабрацца з сітуацыяй, калі беларускі сцяг у Латвіі падчас чэмпіянату свету па хакеі, замянілі на бел-чырвона-белы. Тады Лукашэнка патрабаваў, каб за такія ўчынкі дыпламаты білі па твары. Але Алейнік зусім іншы чалавек.

«Можна, не губляючы твару і не разбіваючы дашчэнту лоб, дамагацца сатысфакцыі іншымі спосабамі, не выходзячы за каноны дыпламатычнай ветлівасці. Алейнік менавіта па гэтай частцы. Прынамсі, ён пакуль не засвяціўся ў публічным таўраванні Захаду, хоць пасада намесніка Макея гэта дазваляла і нават дзесьці патрабавала», – піша Мацкевіч.

Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Фота: ua.news

На думку былога дыпламата прызначэнне Сяргея Алейніка кіраўніком МЗС можа сведчыць пра далейшыя спробы ўстанаўлення адлігі ў стасунках з Захадам, або працяг тых, якія рабіў нябожчык міністр Уладзімір Макей.

Павел Мацкевіч нагадвае, што Алейніка прадказвалі ў пераемнікі Уладзіміра Макея яшчэ да 2020 года. Дакладней, гэтага пераемніка Уладзімір Макей вызначыў сабе сам, але 2020 змяшаў усе планы.

Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы і Францыі Павел Латушка таксама адрэагаваў на прызначэнне новага міністра замежных справаў.

«Галоўныя дзве прычыны, па якіх Лукашэнка прыняў такое рашэнне: асабісты давер; наяўнасць неабходных сувязяў», – напісаў былы дыпламат.

Былы дыпламат і міністр культуры, а цяпер лідар «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павел Латушка таксама лічыць, што гэтае прызначэнне можа сведчыць пра жаданне Лукашэнкі зменшыць уплыў Расеі і павялічыць камунікацыю з Захадам. Але нічога істотнага ні «салдат Лукашэнкі Алейнік, ні сам дыктатар не могуць прапанаваць сёння Захаду».

Палітык нагадвае, што Сяргей Алейнік працаваў на пасадзе кіраўніка службы дзяржаўнага пратаколу МЗС Беларусі. Менавіта гэтая служба забяспечвае ўсе візіты Лукашэнкі за межы краіны.

«Такім чынам, у той перыяд Алейнік атрымаў пэўную ступень даверу і камунікацыю з Лукашэнкам. Трэба разумець, што дыктатар не прызначае на такія пасады людзей, якіх ён дасканала не вывучыў ці калі ён мае хоць найменшы недавер да чалавека», – звяртае ўвагу Павел Латушка.

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету падчас на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Таксама былы дыпламат сцвярджае, што за апошні час Алейнік тройчы выязджаў у Швейцарыю, дзе кантактаваў з фірмай, якая займаецца вырашэннем канфліктаў у розных частках свету, у тым ліку адказвала за вырашэнне канфлікту ў сувязі з анексіяй Крыму. Акрамя таго, паводле Латушкі, Алейнік падчас працы ў Вялікай Брытаніі мае даволі шмат кантактаў з элітамі гэтай краіны. А ў апошні час вёў камунікацыю з некаторымі чыноўнікамі Еўракамісіі.

Агулам, падсумоўвае Павел Латушка, Алейнік – гэта адданы сістэме і асабіста Лукашэнку цалкам, для якога нацыянальная самасвядомасць, беларуская мова і культура не знаходзяцца ў яе асабістым парадку дня, але ён адначасова той, хто схільны ўсталёўваць камунікацыі з Захадам.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў