Спікерка Сейму Літвы заклікала Папу Францішка падтрымаць беларускіх палітвязняў


Спікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн падчас асабістай аўдыенцыі 13 лістапада заклікала Папу Рымскага Францішка падтрымаць беларускіх палітвязняў. Пра гэта яна распавяла ў сваім Facebook.

Вікторыя Чміліце-Нільсэн на сустрэчы з Папам Францішкам.
Фота: vaticannews.va

Палітык адзначыла, што галоўнай тэмай размовы былі «намаганні для дапамогі пакутніцкаму ўкраінскаму народу і ўцекачам ад вайны ва Украіне». У прыватнасці, Вікторыя Чміліце-Нільсэн падзякавала пантыфіку за намаганні дзеля ўсталявання міру, але падкрэсліла, што «мір павінен быць справядлівым».

Таксама яна заклікала Папу пазбягаць недакладнасцяў і двухсэнсоўнасцяў, бо «Расея здольная выкарыстоўваць кожнае недакладнае ці двухсэнсоўнае слова для апраўдання сваёй агрэсіі».

Закранула палітык і ўплыў словаў пантыфіка «на народы, якія імкнуцца да свабоды і абараняюць дэмакратыю».

«Сёння ўкраінцы і палітвязні ў Беларусі маюць вострую патрэбу ў гэтых словах і ў падтрыманні», – заявіла Чміліце-Нільсэн.

Дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падзякаваў у сацсетках спікерцы літоўскага Сейму за тое, што яна ўздымае пытанні беларускіх палітвязняў.

Таксама Чміліце-Нільсэн сустракалася з дзяржаўным сакратаром Ватыкану кардыналам П’етрам Паралінам.

Hавiны
Папа Рымскі перадаў вітанні беларусам: «Малюся за вас, і вы маліцеся за мяне»
2023.10.14 19:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў