У аэрапорце Парыжу памёр іранец, які пражыў там 18 гадоў. Паводле ягонай гісторыі быў зняты фільм «Тэрмінал»


У парыжскім аэрапорце імя Шарля дэ Голя памёр іранец Мэгран Карымі Насэры, які пражыў там 18 гадоў. Смерць надышла з «натуральных прычынаў», паведамляе агенцтва «France-Presse». Мужчыну было 77 гадоў.

Мэгран Карымі Насэры ў аэрапорце імя Шарля дэ Голя. Парыж, Францыя. 4 жніўня 2004 года.
Фота: Victor Tonelli / Reuters / Forum

Іранец захрас у аэрапорце, калі ў 1988 годзе прыляцеў у Еўропу шукаць сваю маці, якая эмігравала раней. Ён ездзіў у Вялікую Брытанію, Нямеччыну і Нідэрланды, але яму ўсюды адмаўлялі з заездам праз адсутнасць дакументаў. Пасля вяртання ў Францыю яго затрымалі, а затым адпусцілі ў будынак тэрміналу, дзе ён застаўся з адной валізай і спадзевам на ежу і лекі ад працаўнікоў аэрапорту.

У 1992 годзе французскі суд пастанавіў, што Мэгран Карымі Насэры не можа быць высланы з аэрапорту, але і не можа заехаць у краіну. Што праўда, праз 7 гадоў яму далі статус уцекача ў Францыі, але ён адмовіўся пакідаць тэрмінал.

Паводле гісторыі іранца рэжысёр Стывэн Спілбэрг зняў фільм «Тэрмінал» з Томам Гэнксам у галоўнай ролі. За гэта ўцякач атрымаў 250 тысяч долараў у якасці аўтарскага ганарару.

У 2006 годзе жыхара аэрапорту шпіталізавалі. Пасля гэтага ён жыў у гостэле. Пасля таго, як Мэгран Карымі Насэры патраціў усе грошы, атрыманыя за кінастужку, ён некалькі тыдняў таму вярнуўся ў аэрапорт.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў