Найважнейшыя выбары ў гісторыі свабоднай Польшчы

У нядзелю палякі будуць выбіраць паміж кансервацыяй дзейнай сістэмы і поўным перазапускам краіны, у тым ліку яе замежнай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстранты рэагуюць на зварот кіраўніка Грамадзянскай кааліцыі (Koalicja Obywatelska) Дональда Туска да ўдзельнікаў мітынгу ў Варшаве, Польшча. 1 кастрычніка 2023 года.
Фота: Wojtek Radwanski / AFP / East News

Паводле апошніх звестак Цэнтру даследавання грамадскай думкі (CBOS), кіроўная з 2015 года партыя Ярослава Качыньскага «Закон і справядлівасць» (PiS) атрымлівае 35 % падтрымання, Грамадзянская кааліцыя (Koalicja Obywatelska) на чале з Дональдам Тускам – 22 %. Падтрыманне іншых палітычных сілаў вагаецца на мяжы прахаднога бар’еру (2–6 %). Аднак усё яшчэ можа змяніцца, і вынік выбараў будзе залежыць ад тых, хто яшчэ не вызначыўся (17 %). Хапае і такіх, якія падчас анкетавання адмовіліся адказваць на пытанні (7 %). Новы ўрад створыць партыя (альбо кааліцыя розных палітычных сілаў), якая атрымае 231 месца ў 460-асабовым Сейме. Адначасова выбары адбудуцца і ў 100-асабовы Сенат.

Каментар
Ці можна беларусам у Польшчы хадзіць на палітычныя акцыі, звязаныя з польскімі выбарамі?
2023.10.12 17:33

Ёсць дзве сцежкі, каб выбраць урад. Спачатку кандыдата на гэтую пасаду з пераможнай партыі запрапануе прэзідэнт, і Сейм яго павінен ухваліць большасцю галасоў. Калі галасоў не хопіць і працэдура праваліцца, прэмʼера і ўрад будзе выбіраць Сейм. Вось тады б пачалася сапраўдная барацьба, перацягванне дэпутатаў з іншых партыяў.

Ад выбараў Сейму ў Польшчы будзе залежаць усё, гэта поўны перазапуск унутранай і замежнай палітыкі. Прэзідэнт у Польшчы мае права вета і можа ствараць заканадаўчыя перашкоды, але не мае ніякага ўплыву на дзейнасць і рашэнні ўраду.

Паміж кім выбірае Польшча? За восем гадоў кіравання партыя Качыньскага ўвяла шмат сацыяльных праграмаў, якіх не было раней. Самая вядомая – «500 +», што палягае на атрыманні бацькамі 500 злотых штомесяц на кожнае няпоўнагадовае дзіця. А з 1 студзеня 2024 года «500 +» ператвараецца ў «800 +». Акрамя гэтага, польскія пенсіянеры атрымалі 13-ую і 14-ую пенсіі (дзве дадатковыя пенсіі за год). А нядаўна ўлады ўвялі іпатэчны крэдыт 2 %. «Закон і справядлівасць» не ашчаджала грошай падчас пандэміі, дапамагала земляробам падчас нядаўняга крызісу, выкліканага надмерным імпартам украінскага збожжа. Але не ўсім у Польшчы гэта падабаецца. Дастаткова галасоў, якія лічаць, што такое раздаванне грошай не матывуе людзей працаваць (у прыватнасці жанчын), аслабляе польскую эканоміку, узмацняе і без таго высокую інфляцыю. Праціўнікам кіроўнай партыі не падабаецца і спрэчная з еўрапейскімі стандартамі рэформа судовай сістэмы, якая прывяла да глыбокага крызісу ў дачыненнях краіны з Еўрапейскім Звязам. У выніку ЕЗ заблакаваў € 100 мільярдаў на падтрыманне польскай эканомікі, аслабленай пандэміяй і расейскай агрэсіяй ва Украіне. Апазіцыя ў Польшчы наўпрост кажа, што падчас нядзельных выбараў вызначаецца лёс прысутнасці Польшчы ў Еўразвязе.

Агляд
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Што трэба ведаць пра іх замежнікам?
2023.09.15 15:31

Улады аргументы Дональда Туска адкідваюць. І пераконваюць сваіх прыхільнікаў, што апазіцыя нібыта хоча адчыніць дзверы нелегальным імігрантам, разабраць плот на мяжы з Беларуссю, прадаць стратэгічныя прадпрыемствы краіны замежнікам і падняць пенсійны век. Дзяржаўныя і звязаныя з уладамі медыі пужаюць, што кіраваць краінай у выпадку перамогі Туска будуць улады Нямеччыны (была нават адпаведная выбарчая рэклама «Закону і справядлівасці»). Апаненты Туска вінавацяць палітыка і ў сімпатыях да Масквы. На баку ўладаў у Польшчы таксама значная частка іерархаў Касцёлу і каталіцкіх медыяў. І моцна кансерватыўная частка польскага грамадства, верная партыі Качыньскага з пачатку яе існавання.

У значнай ступені выбары ў Польшчы ў нядзелю будуць выбарамі супраць, не выбарамі за. Адныя будуць галасаваць супраць Качыньскага, іншыя – супраць Туска. Нельга выключаць, што «Закон і справядлівасць» не здабудзе 231 месца ў парламенце і давядзецца ствараць кааліцыю. Выбар невялікі: паводле экспертаў, такая кааліцыя была б магчымая толькі з Канфедэрацыяй (Konfederacja, 6 % падтрымання ў апошніх апытаннях), хаця для ўсіх палітычных сілаў у Польшчы гэта «таксічны саюзнік». Партыя мае шмат адыёзных прозвішчаў, якія адкрыта выступаюць супраць падтрымання Украіны, а таксама супраць падтрымання беларускай апазіцыі.

У выпадку перамогі апазіцыі ў нядзельных выбарах будзе поўны перазапуск польскай палітычнай сістэмы, дачыненняў Польшчы з Захадам (а ў прыватнасці з ЕЗ). Зменіцца таксама стратэгія і падыходы да «усходняй палітыкі». Перамога «Закону і справядлівасці» стварыла б беспрэцэдэнтную сітуацыю ў гісторыі свабоднай Польшчы, бо ніводная палітычная сіла дасюль не кіравала тры кадэнцыі запар. І гэта безумоўна створыць сурʼёзныя выклікі перад моцна падзеленым польскім грамадствам і ўладамі, якім давядзецца шукаць супольную мову не толькі з прыхільнікамі, але і праціўнікамі.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў