Затрыманага ў аэрапорце Сочы Юрыя Касцюка збіраюцца экстрадаваць у Беларусь


Былога палітвязня Юрыя Касцюка, якога сёлета ў траўні затрымалі ў Расеі, могуць неўзабаве экстрадаваць у Беларусь. Цяпер адвакат змагаецца, каб гэтага не адбылося, бо ёсць парушэнні, паведамілі знаёмыя Юрыя.

Юрый Касцюк. Крыніца: viasna96/Telegram

Папярэдне, Юрыя Касцюка абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Па гэтаму артыкулу ў Беларусі яму пагражае да 7 гадоў зняволення.

Раней хлопец адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў». Нібыта Юрый Касцюк ішоў з сябрамі каля гатэля «Маладзёжны» і падчас размовы тузануў дзяржаўны сцяг, які там вісеў. У выніку гэтага сцяг упаў, а адміністрацыя гатэля запатрабавала ад яго 58 рублёў за зламанае дрэўка. Таксама за гэта на хлопца была ўзбуджаная крымінальная справа. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 370 КК («Знявага дзяржаўных сімвалаў»). Юрый цалкам адбыў пакаранне і быў вызвалены 6 студзеня 2022 года.

Вядома, што 15 лютага 2022 года Юрый быў зноў затрыманы і атрымаў адміністрацыйны арышт за тое, што быў у тэлеграм-чаце, які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Падчас адбывання адміністрацыйнага пакарання да яго завіталі супрацоўнікі КДБ. Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнні на зламаныя рэбры. Супраць яго была распачата Крымінальная справа па арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).

Юрый быў аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук і 15 траўня затрыманы ў аэрапорце Сочы. Цяпер яго хочуць экстрадаваць у Беларусь.

На пачатку мінулага месяца з Расеі ў Беларусь экстрадавалі Яну Пінчук. Дзяўчыне выставілі абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Hавiны
Этапаванай у Беларусь Яне Пінчук выставілі абвінавачанне і прызначылі шэраг экспертызаў
2022.09.12 15:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў