«Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар'яй Чульцовай – на 38-ы дзень пасля турмы


Былая палітзняволеная журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова прызнаецца, што ў няволі пазбавілася клаўстрафобіі і навучылася абдымацца. Яна адбыла за кратамі 657 дзён і выйшла на свабоду 3 верасня. Пра горы, кнігі, ружовыя сукенкі і Кацярыну Андрэеву размаўляем з Дашай на даху бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту. На вышыні. На 38-ы дзень свабоды.

Дар’я Чульцова. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ці баюся вышыні? З мамай ездзілі па канатнай дарозе ў кабінках ля Татраў – мне не было страшна», – кажа Даша Чульцова і вельмі шчыра пасміхаецца.

Высокая і светлая, у белым паліто, накінутым на майку з сінімі васількамі і радкамі са «Слуцкіх ткачых» Багдановіча («Заміж персідскага ўзору…»). 

Але найперш – вочы, якім у яснасці і глыбіні блакіту прайграе і варшаўскае неба над намі. Гэты чароўны блакіт не змаглі вынішчыць ні СІЗА, ні беларуская калонія. «Троху дэманічная Даша», – кажа мая каляжанка-фотажурналістка. Недзе ўнізе чуюцца гукі сірэны…

Акно

«Ведаеце, я пакутавала на клаўстрафобію, пакуль мяне не затрымалі і не пачалі вазіць у аўтазаках ды садзіць у «стаканы» СІЗА. Так-так, гэты страх яны мне вылечылі. І вось я сядзела ў той жа кабінцы на «канатцы» – і нічога на мяне ўжо не ціснула: ні вышыня, ні цесная прастора», – распавядае Даша.

Яна азіраецца на гук сірэны і робіць глыток моцнай чорнай кавы без цукру, прыгатаванай унізе.

«Нікому яшчэ гэтага не расказвала, але… Калі мяне першы раз кінулі ў аўтазак, было цёмна. Паставілі ў гэты «стакан». Цемра, не разумееш, што адбываецца. Потым уключаюць святло, і я бачу… кроў – кроў на сценах. Я ў гэтым «памяшканні», якое сціскае мяне, на сценах – кроў, і я не разумею, што рабіць. Стаяла і не дакраналася да сценаў. І тут у галаве ўзнікае вобраз велізарнага акна, за ім – поле, я магу працягнуць руку і дакрануцца да ўсяго: поле, кветкі, дрэвы… І сцены знікаюць», – расказвае былая палітзняволеная.

Дар’я Чульцова. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кажа, што пазней навучылася абстрагавацца: ехала ў аўтазаку ці сядзела ў «стакане» – але насамрэч яе там ужо не было.

Цыгарэты

Даша ў Варшаве некалькі тыдняў. Ужо паспрабавала зняць першы пасля вызвалення сюжэт для «Белсату» – пра каву. З пачатку лістапада плануе загрузіць сябе працай, бо «гэта неабходна». Ну, а кава – яна ўсюды кава. Там (увесь час ужывае слова «там», калі гаворыць пра калонію) яна таксама адыгрывала важную ролю – нагадвала пра звычайнае жыццё. Была рытуалам. Як, дарэчы, і цыгарэты.

«Там гэта было сапраўдным рытуалам. Ты ведаеш, што можаш выйсці, адзін ці з кімсьці, і пакурыць. Мы з Тоняй Канавалавай былі ў адным атрадзе, нейкі час з намі была Маша Каленік. І ўвесь час – разам: палілі, пілі каву, елі, глядзелі тэлік, чыталі лісты. Гэта вельмі важна – быць там разам. Без гэтага вельмі цяжка. Быць там самотным невыносна», – гаворыць Даша.

Дар’я Чульцова. Варшава, Польшча. 11 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Варшаве яна ўжо наведала маці і дваіх дзяцей сваёй палітзняволенай сяброўкі Антаніны Канавалавай (асуджаная на пяць з паловай гадоў калоніі, засталося яшчэ тры…) і вельмі перажывае праз тое, што «Тоня засталася там адна».

«Напэўна, нельга казаць так, але я ведаю, што туды яшчэ паедуць нашыя. Спадзяюся, яны там змогуць быць разам…» – гаворыць былая палітзняволеная.

Гасім цыгарэты. Даша прызнаецца: да апошняга тыдня ў калоніі не казала маці, што пачала курыць. Напісала толькі перад вызваленнем: «Мам, будзь гатовая: я палю». Маці прыняла: яе дачка выйшла адтуль зусім дарослай.

Мама

Слова «мама» Даша вымаўляе з такой цеплынёю, што аж на нейкае імгненне спыняецца вецер. Мама, якая пісала лісты, прыязджала на спатканні, дарыла ёй майку з васількамі і першую папяльнічку. Якая сядзела побач у цеснай кабінцы з відам на Татры. І якая цяпер тут, у Варшаве («Апякае цябе…» – «Не, гэта цяпер я яе апякаю», – смяецца Даша).

Дар’я Чульцова. Варшава, Польшча. 11 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У цябе маміны вочы?» – пытаемся.

«Ды ў нас ва ўсіх такія вочы!» – усміхаецца Дарʼя, і блакіт яе вачэй яснее.

Згадваючы тую нядаўнюю паездку па канатнай дарозе, кажа, што насамрэч у гарах па-сапраўднаму так ні разу і не была.

«Я чалавек гор. Я хачу ў горы! Марыла аб гэтым з самага пачатку, як толькі затрымалі. Хачу ўвышыню, туды, у гэты кісларод. Не ведаю, чаму. Мама марыць пра мора, а я не разумею, што там такога. А вось горы… Татры толькі здалёк пабачыла і падумала: о Госпадзе!» – дзеліцца Даша Чульцова.

«Хочаш застацца на самоце на якой-небудзь вяршыні?» – пытаюся.

«Не, з кім-небудзь. Бо адной цяпер цяжка. Можа, потым і пройдзе, але цяпер, калі застаюся адна, у галаве пачынае нешта круціцца. Мама кажа, што закрываюся зусім, нічога не ўспрымаю, жыву ў сваіх думках. Але ж я намагаюся…» – адказвае Даша.

Белае

Таму і апранулася ў белае. Расказвае, што проста зайшла ў краму і набыла ўсё светлае.

«Мама гаворыць, што чалавек купляе белае, калі ў яго ўсё добра, але ў мяне гэта, напэўна, для таго, каб усё было добра. Каб адысці. Бо больш за год толькі чорнае там насіла, калі не лічыць ружовых сукенак», – кажа Даша.

З чорнага на ёй – толькі «марцінсы» з чырвонымі матузкамі («Даша – антыфа», – смяецца). Тыя самыя, дарэчы, у якіх была затрыманая два гады таму разам з Кацярынай Андрэевай падчас стрыму на плошчы Пераменаў у Менску. Ужо не чаравікі – гісторыя.

Сутрэча з журналісткаю Дар’яй Чульцовай у варшаўскай студыі «Белсату».
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Пакуль я была ў СІЗА, людзі мне слалі шкарпэткі. Рознакаляровыя: ружовыя, зялёныя. Ну, можа, не сто пар, але вельмі шмат шкарпэтак. Сярод іх былі з выявай Фрэдзі Мэрк’юры, я вельмі люблю «Queen». Там ён стаіць у сваёй знакамітай позе, і надпіс «The Show Must Go On» – «Шоу працягваецца». Я зранку надзела гэтыя шкарпэткі – і мяне тут жа выклікаюць на камісію ставіць на ўлік як схільную да экстрэмізму. І вось я іду ў гэтых шкарпэтках, мяне ставяць тварам да сценкі, а стаю і смяюся сама сабе: усё правільна, «шоу працягваецца», – успамінае Даша Чульцова.

Дзяўчына прызнаецца, што ўчора ў Варшаве набыла сабе восем параў шкарпэтак, але тыя, што атрымала ў жодзінскім СІЗА, таксама з ёй.

Каця

Даша згадвае, як у ізалятары атрымала аднойчы перадачу з байкай, на якой была выява яе і Каці Андрэевай. Як самі сабой цяклі слёзы, як капалі на гэтую байку… А потым – пра адзіныя абдымкі з Кацяй ужо ў калоніі. «Незаконныя», па сутнасці. Пасля зонаўскага кінасеансу. Сюжэт для кіно.

«Недзе за два тыдні да таго, як яе павезлі ў СІЗА перад новым судом, мы сустрэліся ў клубе. Яе на той момант перавялі ў новы атрад. Там яна атрымала магчымасць хадзіць у клуб, дзе па нядзелях а 19-й пускаюць фільмы. Пакуль я была ў 17-м атрадзе, дык і мне нельга было, а калі перавялі ў 7-ы, то стала можна. Я папрасіла дзяўчыну, з якой сябрую і якая была ў адной «лакалцы» з Кацяй, каб тая ёй перадала, што я прашу яе прыйсці ў кіно. І яна прыйшла. Не падсела да мяне, бо трэба было быць асцярожнай. Але пасля фільму яна праходзіла каля мяне, і я ёй кажу: «Хадзі сюды!» Падышла – і я яе так заціснула ў абдымках!..» – расказвае Даша Чульцова.

Успамінае: калі, вяртаючыся з клубу, праходзіла міма іх лакальнага ўчастку, Каця чакала яе, каб яшчэ раз пасміхнуцца.

«І яна так пасміхалася!.. Паказвала мне сэрцайкі. Гэта былі першыя абдымкі за ўвесь час пасля затрымання. Да гэтага маглі толькі позіркамі ды бязгучна вуснамі камунікаваць, маўляў, трымайся, усё будзе добра…» – згадвае Даша.

Кажа, што не запомніла назву фільму на тым сеансе. Рэдка хадзіла ў клуб.  Вельмі пераймаецца, каб пасля цяперашняга вяртання Каці на зону на яе не ціснулі, як гэта было раней.

Плакат падтрымання Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

«Насамрэч я менавіта там навучылася абдымацца. Бо там без блізкага чалавека вельмі цяжка. Нам пашанцавала ў нейкім сэнсе, бо там ёсць нашыя людзі. І сапраўднае сяброўства. Звычайныя зняволеныя часта проста выкарыстоўваюць адзін аднаго. Паміж намі такога няма. Хоць аператыўнікі ўбіваюць у галовы, што ў турме не можа быць сяброў. Няпраўда. Яны проста не разумеюць, з кім маюць справу. Насамрэч гэтая блізкасць і сяброўства вельмі важныя. Без абдымкаў там не выжыць», – падсумоўвае Даша.

«Памілоўка»

Яна кажа, што сярод звычайных зняволеных у жаночай калоніі былі людзі, якія ненавідзелі «палітычных», аднак такіх было няшмат. Затое быў дзявяты атрад, прэс-атрад так званы. У ім шмат хто са «звычайных» супрацоўнічаў з аператыўнікамі. Праз той атрад прайшла і Каця Андрэева, і Тоня Канавалава, іншыя. На «палітычных» ціснуць праз шантаж, правакацыі, псіхалагічны і фізічны здзек («Калі ім дадуць каманду «фас», яны зробяць усё, каб табе было дрэнна»).

«Тоню Канавалаву ў 9-ы перасялялі на нейкі час, але потым перавялі ў сёмы. А ў 9-м з яе здзекаваліся. І петлі для гузікаў рэзалі, каб не магла куртку зашпіліць, а гэта парушэнне формы адзення. І ў шапку голкі засоўвалі, каб падчас вываду іх на шмоне знайшлі – а гэта ўжо ШІЗА. Праўда, на камісіі з ёй пагаварылі, і ў ізалятар не кінулі, бо яна адразу пачала аспрэчваць, казаць, што гэта не яе голкі. Каці таксама падкідвалі розныя рэчы. Такі маральны ціск: вось мы можам гэта зрабіць, хай і не пойдзеш у ШІЗА, але мы можам гэта зрабіць», – расказвае былая палітзняволеная.

На думку Дашы Чульцовай, у калоніі, нягледзячы на большую прастору, бывае цяжэй, чым у СІЗА. Менавіта праз аператыўнікаў, якія пастаянна ціснуць, праз людзей, якіх нацкоўваюць на палітвязняў і якія пастаянна за імі сочаць.

Асабліва моцны ціск Дарʼя зазнала, калі яе змушалі напісаць просьбу аб памілаванні («памілоўку») на імя Лукашэнкі.

«Калі я толькі прыехала, яны некалькі месяцаў ціснулі, каб я прызнала віну і пісала «памілоўку». Выклікалі ўсе: аператыўнікі, адміністрацыя, намеснік начальніка калоніі, псіхолагі, майстрыха на працы, «заўхоз». Вельмі цяжка было. Я ў адзін момант проста не вытрымала. Такі псіхалагічны націск: пішы, пішы, пішы!.. Кожны божы дзень. Але потым, відаць, для іх гэта стала неактуальна», – распавядае Даша.

Сустрэча з Дар’яй Чульцовай. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

«Памілоўку» яна так і не напісала: «Якога чорта мне пісаць, калі я нічога не зрабіла? Я так ім і казала: як я магу прасіць чалавека, які мяне сюды пасадзіў, мяне адпусціць?..»

Адрыў

Восеньскае сонца гуляецца ў зайчыкі з шыбамі бібліятэкі. Неба зазірае праз шкляныя столі ў чытальныя залы. Мы таксама. Калі стаіш на даху бібліятэкі, немагчыма не спытаць пра кнігі.

«Ой, у мяне там цэлы спіс прачытанага, я яго выпадкова пакінула ў Шклове. З апошняга «Марыю Сцюарт» Цвэйга прачытала. А наагул, і «Людзі на балоце», і Шэкспіра амаль усяго перачытала. Па класіцы прайшлася», – распавядае Даша.

 Асобна кажа пра кніжку, якая трапіла да яе яшчэ ў СІЗА – «Кветкі для Элджэрнана» Дэньела Кіза.

«Фантастычная кніга. Калі ў мяне пытаюцца, што пачытаць, заўжды раю яе. Проста абавязкова чытаць! Не буду казаць, пра што яна. Пачатак, праўда, можа напужаць… Але ў канцы – я плакала. Адна з нямногіх кніг, над якімі плакала. Яшчэ – над «Зялёнай міляй», – прызнаецца Даша Чульцова.

«Даша, а там рэальна плакаць?» – пытаемся.

«Ну, уначы, але…» – Даша задумваецца і раптам усміхаецца.

Расказвае, што ў атрадзе лепей не «даваць слабіну». Але Даша знайшла-такі ў калоніі «месца для слёзаў» і адрыву – «псіхалагічную лабараторыю». Кажа, што турэмныя псіхолагі асабліва нічым дапамагчы не маглі, і размаўляць з імі было без сэнсу, але ў «лабараторыі» мелася памяшканне, дзе можна было пабыць на самоце і паслухаць музыку.

«Калі ў мяне былі панічныя атакі ў калоніі і калі адчувала, што трэба пабыць на самоце, бо вакол цябе заўсёды неверагодна шмат людзей, я прасіла мяне туды адвесці. Проста прыходзіш, садзішся ў гэты фатэль і пачынаеш плакаць. Гэта ўсё з цябе выходзіць, і пасля гэтага… пачынаеш танчыць. Разуваешся і танчыш – сыходзіш у адрыў. Таму што адзін! І табе праўда робіцца лягчэй», – успамінае Даша.

Сустрэча з Дар’яй Чульцовай. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Танчыла пад любімы «Queen». Але было яшчэ адно месца «выплеску эмоцыяў» – альтанка, дзе аднойчы заспявала песеньку з савецкага мульціка пра маманцяня. На словах «Пусть мама услышит, пусть мама придёт» усе разраўліся. Калі трэба было паплакаць (пачалася вайна), сядалі з сяброўкай Тоняй у альтанцы – і пачыналі пець. Ну, а плакаць ужо не саромеліся…

Форма

Спускаемся ўніз пад шамаценне асенняга лісця. Музыка восені. Даша прызнаецца, што гэта – ейная любімая пара года: «Мне камфортна ўвосень».  Раптам пахмурнее: наперадзе зіма, якую ў калоніі перажываць цяжка. А там – Тоня, Каця, Маша… Колькі зімаў яшчэ?..

«Калі халодна, там вельмі цяжка. Стаяць па паўгадзіны на гэтых праверках, на вывадах – усё мерзне. З адзення – целагрэйкі, але яны ніякія. А вы б пабачылі зімовы абутак, які там выдаюць! Шанцуе тым, каму дасылаюць з волі. Бо турэмным зімовым абуткам проста забіваеш здароўе. Ён кардонны. Ні намёку хоць на нейкі пушок», – кажа Даша.

Абураецца, што жанчынам не дазваляюць хадзіць у штанах. Проста няма такой формы адзення. Выключна спадніцы. Таму ў міжсезонне, калі ўжо дастаткова зімна, але адміністрацыя не абвяшчае яшчэ пераходу на шапкі і зімовы абутак, жанчыны выходзяць у балетках і ружовых сукенках, а зверху – сіняя целагрэйка. Плюс ружовая хустка на галаву. «Глядзіцца ашаламляльна», – смяецца Даша.

«Да такога вельмі доўга прывыкаеш. Я першы раз надзела і аслупянела. А калі ў касцюме была, жартавала, што падобная да старшыні сельсавету: ружовая кашуля, пінжак незразумелага балотнага колеру, спадніца – і ружовая касыначка», – кажа былая палітзняволеная.

«Я «Фінансіста» Драйзэра прачытала. І вось ён там апісвае, якую форму ягонаму герою выдалі, калі трапіў у турму, які абутак, і як гэта страшна выглядала. І там пра тое, што ўсё гэта робіцца, каб ты адчуваў сябе максімальна ўбога. Каб разумеў, наколькі ты нікчэмны. Я чытала і думала: там пачатак ХХ стагоддзя, і вось вам Беларусь ХХІ стагоддзя. Усё тое ж. Каб адчувалі сябе максімальнымі нікчэмнасцямі там», – кажа Дар’я.

Сустрэча з Дар’яй Чульцовай. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Гэтае «там» – ужо недзе ўнутры. Пад белым адзеннем з валошкамі. За блакітам вачэй. Пазбавіцца яго немагчыма, пакуль «там» застаюцца блізкія сябры, беларусы. Трыццаць восьмы дзень свабоды.

«Нармальна»

На развітанне дару Дашы варшаўскі каштан на шчасце і зычу дабрацца да гор. Абдымаемся.

«Даша, а калі б мы памяняліся з табой месцамі, што б ты запытала ў сябе на развітанне?» – пытаюся.

«Гэта хутчэй не пытанне… Ніколі не пытайце ў чалавека, які сядзіць у турме: «Як ты?» Гэта самае жахлівае пытанне. Ніхто вам на яго шчыра не адкажа. Калі да мяне даходзілі лісты з такім пытаннем – што я магла адказаць? Ну, нармальна…» – адказвае.

«Як ты?..» – паўтараю.

Дарʼя смяецца: «Нармальна!»

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў