Ціск ЗСУ па фронце і ўдар па Севастопалі. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 567-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія санітары з 3-й дэсантна-штурмавой брыгады пераносяць свайго параненага таварыша на насілках у палявы шпіталь пад Бахмутам, Данецкая вобласць, Украіна. 10 верасня 2023 года.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Паводле аналітыкаў праекту Deepstate, на купянскім кірунку Узброеныя сілы РФ у чарговы раз атакавалі сяло Сінькаўка ў Харкаўскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў дадае, што таксама УС РФ наступалі на захадзе ад Навасёлаўскага ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці – таксама безвынікова.

На ліманскі кірункі войскі РФ атакуюць каля Новаягораўкі, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны атакавалі каля населеных пунктаў Ямпалаўка і Дзіброва, але, паводле Міністэрства абароны РФ, поспеху не дасягнулі.

Агулам сітуацыя на паўночным усходзе Украіны застаецца адносна стабільнай.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На поўначы ад Бахмуту ідуць пазіцыйныя баі каля населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка і Бярхоўка, але лінія фронту застаецца нязменнай.

На поўдні ад раённага цэнтру ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія наступаюць па лініі Клішчэеўка – Андрэеўка – Курдзюмаўка.

Ва ўкраінскім Генштабе заявілі пра частковы поспех сваіх вайскоўцаў у Клішчэеўцы.

У Deepstate пішуць пра зачыстку сяла. Пры гэтым асобныя вайскоўцы РФ могуць захоўвацца ў дамах на ўскрайках сяла.

Сямён Пегаў паведамляе, што асноўныя сілы расейцаў пакінулі шэраг пазіцыяў і занялі абарону на поўначы ад сяла за лініяй мясцовай чыгункі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» ускосна пацвярджае выцісканне войскаў РФ з сяла, пазначаючы яго ў так званай шэрай зоне.

Таксама крыніца піша, што расейцы, імаверна, будуць вымушаныя пакінуць і суседнюю Андрэеўку.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» фіксуе прасоўванні ЗСУ ў Андрэеўцы, але пакуль гэты поспех яшчэ не ўдалося замацаваць, паколькі праціўнік контратакуе.

Між тым тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ выбілі ўкраінцаў з Клішчэеўкі, але самыя пакуль не могуць зайсці ў сяло праз шчыльны агонь артылерыі ЗСУ.

Нягледзячы на супярэчлівы характар паведамленняў асобных крыніцаў, агулам на бахмуцкім кірунку заўважныя істотныя поспехі Збройных сілаў Украіны, якія паступова прасоўваюцца на поўдні ад раённага цэнтру, што ў перспектыве можа прывесці да частковага атачэння Бахмуту.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё больш за 20 атак праціўніка ў ваколіцах Данецку.

Расейскае Мінабароны напісала пра няўдалыя атакі ЗСУ каля населеных пунктаў Аўдзееўка, Первамайскае і Краснагораўка.

У Deepstate фіксуюць няўдалыя спробы расейцаў палепшыць сваё тактычнае становішча ў Вопытным.

Агулам лінія фронту на аўдзееўскім і мар’інскім кірунках застаецца даволі стабільнай, паколькі тут ЗСУ абараняюцца на добра абсталяваных пазіцыях, якія былі падрыхтаваныя яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання расейцаў ва Украіну.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны зноў атакавалі каля населеных пунктаў Новамаёрскае, Новаданецкае і Прыютнае, але не дасягнулі якіх-небудзь значных поспехаў. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінскі бок дзейнічаў малымі пяхотнымі групамі, паколькі асноўныя сілы цяпер занятыя перагрупаваннем.

«Рыбарь» адзначае, што пакуль расейцам удаецца стрымліваць прасоўванне ЗСУ пры дапамозе своечасовага выяўлення праціўніка і нанясення па ім удараў артылерыі.

Пры гэтым самыя войскі РФ трымаюць актыўную абарону і пры любой магчымасці спрабуюць контратакаваць.

Можна канстатаваць, што перанос актыўнасці ЗСУ на флангі так званага ўрэмеўскага выступу пакуль не прынёс чаканага выніку для ўкраінскага боку.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

У Генштабе ЗСУ пішуць пра частковы поспех сваіх вайскоўцаў у ваколіцах сяла Работына ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што ўкраінцам удалося заняць важную тактычную пазіцыю.

У Deepstate паведамляюць, што цяпер баі ідуць па лініі Новапракопаўка – Вербавае – вышыня 140,4 метра (на паўночным усходзе ад Вербавага).

«Два майора» адзначаюць, што ЗСУ ўводзяць у бой рэзервы.

Пры гэтым расейскі бок намагаецца біць з флангаў, спадзеючыся ў выніку атачыць украінскую групоўку войскаў паміж Новапракопаўкай і Вербавым.

Агулам ініцыятыва на мелітопальскім кірунку застаецца за Збройнымі сіламі Украіны, але правядзенне імі наступальных аперацыяў ускладненае вялікай шчыльнасцю абарончых збудаванняў праціўніка, асаблівасцямі рэльефу, а таксама вялікай колькасцю войскаў РФ.

Крым

У ноч на 13 верасня Збройныя сілы Украіны нанеслі масіраваны ўдар па тэрыторыі суднарамонтнага заводу ў Севастопалі.

Па папярэдняй інфармацыі, былі пашкоджаныя падводная лодка «Ростов на Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск».

Нанясенне ўдару пацвердзіў камандуючы Паветраных сілаў ЗСУ Мікалай Аляшчук.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў