Прапагандыст прыйшоў на «пакаяльнае відэа» да затрыманага


Хапун за падпіскі ў «Аднакласніках», два з паловай гады за здымкі вайсковай тэхнікі… і ўсё гэта праз неахайныя адносіны шматлікіх беларусаў да ўласнай бяспекі ў сацсетках. Прыводзім хроніку рэпрэсіяў за 13 верасня.

Затрыманыя ў памежных раёнах Беларусі за падпіскі ў «Аднакласніках».
Фота: «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / Telegram

Праваабаронцы паведамляюць аб тым, што сілавікі правялі зачыстку ў памежных раёнах Беларусі: Брагіне, Хойніках, Камарыне. У выніку хапуна затрымана мінімум 7 чалавек, з іх чацвёра – пенсійнага ўзросту. Як паведамляецца, усе былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» суполкі ў «Аднакласніках». Усім затрыманым пагражаюць адказнасцю паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

ГУБАЗіК затрымаў 28-гадовага жыхара Барысава Дзмітрыя Чарнуху. Як сцвярджаюць сілавікі, у 2020 годзе малады чалавек пакінуў амаль 400 каментароў у розных чатах.

12 верасня ў Берасці пачаўся суд над Аляксандрам Ковалем, які здымаў і перасылаў у тэлеграм-бот «Nexta» відэа з перамяшчэннем вайсковай тэхнікі. Мужчыну абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Відэа было знойдзена ў мужчыны ў тэлефоне, калі ён вяртаўся з-за мяжы ў Беларусь. Абвінавачанне запытвае для Аляксандра Коваля 2,5 гады калоніі.

Тры гады хатняй хіміі прысудзілі менчуку Вадзіму Мірончыку паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у некалькіх пратэсных акцыях у Менску, а таксама за выхад на праезную частку і перакрыццё руху грамадскага транспарту. Мужчыну апазналі па фотаздымках і відэа, знойдзеных у яго ў тэлефоне падчас затрымання.

У Горадні затрымалі Сяргея Смоката за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі, як гаворыць на так званым пакаяльным відэа сам затрыманы. Таксама ў маладога чалавека ёсць татуіроўкі ў выглядзе герба «Пагоня» і надпісу «АСАВ».

За абразлівы пост у «Твітары» ў адрас Азаронка быў затрыманы Андрэй Гурэўскі. Да маладога чалавека на «пакаяльнае відэа» прыйшоў сам прапагандыст. Азаронак падарыў затрыманаму кнігу Ф. Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў